Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

гісторыя

Пакланіцеся святым мясцінам

Ужо другое дзесяцігоддзе перажывае беларускае нацыянальна-культурнае адраджэнне, разам з якім мы адкрылі ні адну новую старонку кнігі нашай гісторыі. У ёй зорнай постаццю выступае і прыцягвае Кастусь Каліноўскі - герой і пакутнік.

Кожны народ з амаль што святасцю пелінгуе і песціць памяць пра сваіх герояў. Кожная мясціна, па якой ступала нага героя, становіцца месцам агульнанацыянальных пілігрымак, кожная рэч, якой краналася рука героя, захоўваецца як найдаражэйшая рэліквія, кожная праява духа героя, становіцца безданню крынічнага калодзежа, з якога вуснамі душы харчуецца дух народа. Памяць народа пра сваю гісторыю ператвараецца ў магутны ланцуг, які згуртоўвае і бароніць народ, забяспечвае суладдзе мінулага, сучаснага і будучага ў грамадстве, праз якое раскрываюцца далёкія і шырокія далягляды.

Нашае адраджэнне пачыналася ад шлюбавання Беларусі на Лукішках у Вільні, калі над памятным камнем Каліноўскаму схіліліся бел-чырвона-белыя сцягі і голавы людзей, што цеснай купкай атачалі камень. Сёння Вільня для беларусаў - недасягальная раскоша. Але ж і на Беларусі шмат мясцінаў нацыянальнай святасці.

Ад школьнай лаўкі мы памятаем, што Каліноўскі з дзіцячых гадоў жыў у маёнтку Якушоўка недалёка Свіслачы. Але ці ведаюць беларусы Якушоўку, ці адзначылі яе сваёй пашанай?

Маёнтак Якушоўка Сымон Каліноўскі, бацька героя, набыў у красавіку 1849 года. Маёнтак мясціўся на маляўнічым беразе рэчкі Якушоўка недалёка Белавежскай пушчы. Сёння рэчкі практычна няма, яе падмяніў стромкі міліярацыйны канал. А вось стопяцьдзесяцігадовы ліпавы прысад, які, як сцвярджае мясцовая легенда, пасадзілі браты Вікенцій і Віктар, да сённяшняга дня штогод буйным квеценнем праз гады дасылае нам прывітанне ад тых, хто гэтым прысадам пайшоў у вялікі свет і праз пакутніцтва - да вечнай памяці.

Прысад праводзіць да невысокага пагорка зарослага шыпшынай, пад якой ледьзве праступаюць абрысы падмурка. Гэта ўсё, што засталося ад былой сядзібы Каліноўскіх у Якушоўцы. Паўтары стагоддзі перад тым Сымон Каліноўскі наладзіў тут працу невялічкай ткацкай майстэрні, займаўся сельскай гаспадаркай на 220 дзесяцінах зямлі. Тут раслі яго дзеці. Тут ён памёр у 1871 годзе на 77 го-дзе жыцця. Ніхто вам не пакажа ягонай магілы.

Тут, у Якушоўцы, прайшлі падлеткавыя і юнацкія гады Вікенція, менавіта так, першым з двух імёнаў, дадзеных пры ўніяцкім хросце, называлі яго ў сям'і, так ён падпісваў дакументы (паглядзіце пратаколы следчай камісіі, што ў Віленскім гістарычным архіве). У ціхую бацькоўскую Якушоўку вяртаўся ён у студэнцкія гады, тут працаваў з бацькамі на гаспадарцы пасля заканчэння універсітэта, сюды вяртаўся ў думках і лістах.

Пасля Каліноўскіх маёнтак часцяком пераходзіў ад адных гаспадароў да другіх. Апошнім уладальнікам сядзібы былі Юзаф Жыромскі і Малахвей і Юзаф Нікіфаровічы, пра што сведчыць архіўны запіс 1914 году.

Адзін з першых даследчыкаў жыцця Каліноўскага А.Смірноў наведаў Якушоўку ў сярэдзіне стагоддзя і запісаў сведчанне старых жыхароў пра тое, што сядзіба згарэла яшчэ перад першай сусветнай вайной. Але знойдзены мной архіўны запіс сведчыць на карысць думкі Міхася Ткачова, які праводзіў раскопкі на сядзібе Каліноўскіх у Якушоўцы ўлетку 1987 году, пра тое, што сядзіба загінула ў выніку выпадковага снараду, які трапіў у дом у 1915 годзе.

З ініцыятывы М.Ткачова і клуба "Паходня" у 1988 годзе абласное ўпраўленне культуры прафінансавала працу па стварэнню праэкта аднаўлення сядзібы Каліноўскіх. Праца прыпынілася пасля выканання комплексных навуковых даследванняў і стварэння эскізнага праэкту. У палітычных баталіях апошняга дзесяцігоддзя мы забыліся пра святыя якушоўскія мясціны і пра нашу даніну памяці тым, хто асвяціў нацыю і тым, хто яшчэ прыйдзе, каб далучыцца да беларусаў.

Гарадняне любяць свой горад, шмат ведаюць пра яго мінулае, але ў штодзенных клопатах мы неяк прызвычаліся і незаўважаем пэўных недарэчнасцяў, якія, калі прыпыніцца і падумаць, ганьбяць нашу годнасць. Мы не заўважаем, што на вуліцы Ажэшкі ёсць мемарыяльная дошка Фэліксу Дзяржынскаму, але на вуліцы Савецкай няма дошкі памяці Каліноўскага і ягоных паплечнікаў па студэнцкаму паўстанню. А ці толькі не заўважаем? Можа проста не можам вызначыць дабро і зло, боскае і сатанінскае, згубілі пэўныя хрэсціянскія, а калі жадаеце, гуманістычныя вартасці?

Так, вуліца Савецкая, што заўжды віруе стракатым натоўпам гандлёвага дня, не мае аніводнага памятнага знаку ў гонар падзеяў 1863-1864 гадоў, але тут што не дом, дык жывы помнік паўстанцам. Па дакументах следчай камісіі вядома, што Каліноўскі падчас наведвання Гродна вясной 1863 года прыпыняўся на кватэры Ільдэфонса Мілевіча, які тады быў сакратаром паўстанцкага цывільнага начальніка Гродзенскай губерніі. Вядома, што кватэра мясцілася ў доме купца Лейбы Фукса. Але дзе той дом? Мяняліся ўладальнікі, мянялася нумарацыя дамоў, рабіліся перабудовы. У 1988 годзе мне ўдалося натрапіць у Гродзенскім архіве на ўнікальны дакумент, у якім я ўбачыла … цяжка паверыць, - план і эксплікацыю плаца Лейбы Фукса, дзякуючы якім з поўнай упэўненасцю можна казаць, што дом №7 па вуліцы Савецкай і частка дому №9 у час паўстання належылі Фуксу.

Насупраць дома Фукса - жылы дом. Гараджане ведаюць яго як былы будынак мужчынскай гімназіі, вучні якой актыўна удзельнічалі ў паўстанні. Побач невялічкі сквер з помнікам маршалу Сакалоўскаму на месцы старажытнага дамініканскага касцёла, які па ўраджанню Ю. Урсын-Немцэвіча быў адным з прыгажэйшых архітэктурных збудаванняў Вялікага Княства Літоўскага. Замест помніка Сакалоўскаму тут павінен быць знак, які засцярагаў бы нас ад знішчальнікаў нашай памяці, нашай традыцыі - расійскіх чыноўнікаў, адзін з якіх падпісаў дакумент на зруйнаванне касцёла, які ў час паўстання быў гімназіяльны, за ўдзел гімназістаў і ксяндзоў у паўстанні "дабы не было соблазна в местном населении", - так запісаў у адпаведным дакуменце, што захоўваецца ў Гродзенскім архіве, расійскі "Нерон".

Трошкі далей, у бок універмага, - "Пяльменная". У ХІХ стагоддзі гэты дом быў пабудаваны Ромерамі. Севярын Ромер быў скарбнікам гродзенскага паўстанцкага камітэту. У яго доме прыпыняліся і жылі паўстанцы, праводзіліся нарады, магчыма бываў Каліноўскі. Пасля паўстання Северына Ромера і яго жонку Тэадору, якая кіравала жаночым апякунчым камітэтам паўстання, высылаюць ў Табольскую губернію, дом секвеструюць і ў 1865 годзе прадаюць Моўшы Ясеноўскаму, які перарабляе яго на гэталь "Пецярбурскі". Пазней Напалеон Орда зрабіў акварэль і літаграфію з выявай гэтага дома, каб захаваць памяць пра людзей і падзеі паўстання. Але мы ніяк не ўшанавалі подзвіг продкаў.

Гродна і Гродзеншчына - гэта, як жывая мапа студзенскага паўстання. Гродна, Свіслач, Якушоўка, Кушляны, Парэчча…, доўга можна працягваць спіс гэтых святых мясцінаў, да якіх мы прыходзім пакланіцца ў нашыя святы і ў хвіліны нашых выпрабаванняў. Мы памятаем нашых герояў, пакутнікаў і святых, але наш гонар і абавязак перед будучыняй патрабуюць ушанаваць мемарыяльнымі знакамі святыя мясціны гісторыі нашага духу, толькі так мы навучым культывацыі нацыянальнай гісторыі.

Т. КАВЭЦКАЯ

Назад