Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Гродна

Дзень Волi - хрыбты цэлыя

25 сакавіка ў Гродне ўпершыню супраць мірных дэманстрантаў на вуліцы горада выйшлі экіпіраваныя да зубоў амапаўцы і супрацьтэрарыстычнае спецпадраздзяленне ў крапавых бірэтах. Непасрэдныя каманды ім аддаваў са свайго кабінета па радыётэлефону старшыня гарвыканкама Анатоль Пашкевіч. Толькі дзякуючы разумным дзеянням дэманстрантаў першая сустрэча са спецпадраздзяленнямі скончылася мірна.

Гродзенскія ўлады не дазволілі прадстаўнікам дэмакратычных партый і арганізацый адзначыць дзень Беларускай Народнай Рэспублікі ў цэнтры горада, за палацам Тэкстыльшчыкаў. Мітынг гарвыканкам прызначыў у Новым парку, на задворках, дзе гродзенцы звычайна выгульваюць сабак. Больш таго, замест трох плануемых арганізатарамі гадзін мітынга, улады дазволілі толькі паўтары.

Арганізатары заранёў паведамілі гродзенцам, што мітынг адбудзецца ў Новым парку, а таксама ва ўлётцы дапісалі тым, хто не ведае дзе знаходзіцца Новы парк, збірацца на плошчы Савецкай за палацам Тэкстыльшчыкаў з тым, каб пасля разам ісці да месца, дзе павінен адбывацца мітынг.

Тут і пачаліся праблемы. Калону на самым пачатку вуліцы Савецкай запыніў начальнік Ленінскага РАУС палкоўнік Васілеўскі, які пачаў даводзіць, што парушаецца дэкрэт прэзідэнта, паколькі шэсце адбываецца бліжэй чым у 50 м. ад адміністрацыйных будынкаў. Зразумеўшы, што палкоўнік гаворыць глупства, дэманстранты абыйшлі яго і з воклічамі "Жыве Беларусь!" пайшлі па Савецкай. У гэты час палкоўнік працягваў нешта перадаваць па рацыі. Хутчэй за ўсё, гэта быў даклад А.Пашкевічу, які прымаў рашэнні ў сваім кабінеце. Дарэчы, аб тым, што кіраваў акцыяй менавіта Пашкевіч, нашы карэспандэнты даведаюцца на наступны дзень у размове з консулам Расійскай Федэрацыі ў Брэсце, які ў гэты дзень ўзначальваў у Гродне ўчастковую камісію па выбарах прэзідэнта РФ. Віктар Дзмітрыевіч Буданаў дзяліўся з намі ўражаннямі ад таго, што адбылося 25 сакавіка ў Мінску. Яму, як нармальнаму чалавеку, было не зразумела, як паводзіла сябе міліцыя ў дачыненні да мірных жыхароў. Заадно ён і распавядаў нам, што 25 сакавіка падчас шэсця ў Гродне знаходзіўся ў кабінеце Пашкевіча, які і кіраваў дзеяннямі спецпадраздзяленняў. Дарэчы, расійскі дыпламат паставіў у прыклад паводзіны гродзенскага кіраўніцтва. Маўляў, усё абышлося мірна. Аднак, мусім заўважыць, што расійскі дыпламат знаходзіўся тады ўсё ж не на вуліцы Савецкай, а ў кабінеце Пашкевіча. Насамрэч , калі калона мірных дэманстрантаў падыйшла да перакрыжавання з вуліцай Дамініканскай, на Савецкую выскачыла каля 50-ці амапаўцаў, якія перакрылі дарогу. Прычым, яны нагадвалі сарваўшыхся з ланцуга галодных сабак: метусіліся, крычалі. Калона спынілася. У гэты момант абстаноўка напружвалася і здавалася вось-вось пойдзе сценка на сценку. Дзякуй Богу, з калоны дэманстрантаў своечасова выйшаў старшыня гродзенскай філіі БНФ "Адраджэньне" Сяргей Мальчык, які павіншаваў амапаўцаў з днём Беларускай Народнай Рэспублікі і закамандаваў калоне звярнуць, як гэтага патрабавалі міліцыянты. Гэта каманда была вельмі своечасовай, паколькі ў калоне, нават наперадзе, было шмат дзетак (відаць на здымку). У Гродне яшчэ падобнай сітуацыі не было, каб амапаўцы перагарожвалі пешаходную вуліцу і выштурхоўвалі мірную дэманстрацыю на праезджую частку. Дурней не прыдумаеш. Аднак і гэта яшчэ не ўсё. За амапаўцамі, каля ўнівермага, вуліцу перакрыла яшчэ адно падраздзяленне ў крапавых бірэтах. Па сведчанню назіральнікаў, гэта антытэрарыстычнае падраздзяленне. Адзін з назіральнікаў патлумачыў планы ўладаў: маўляў, дэманстранты прарвуць амонаўскі кардон, а далей іх сустрэнуць "бірэтачнікі" і заціснуць разам з амапаўцамі на вузенькай вулачцы з якой потым не будзе куды прарвацца. Тут і ўзгадаліся словы А.Пашкевіча, калі яшчэ ў мінулым годзе ён абяцаў апазіцыі "паламаць хрыбты". Гэтым разам, трэба заўважыць, мала бракавала. Праўда, ламаць хрыбты, седзячы ў кабінеце, можа кожны. Хай бы старшыня гарвыканкама выйшаў на вуліцу да людзей і патлумачыў, што яны не маюць рацыі, альбо прыйшоў на мітынг і распавядаў як нам усім добра жывецца. Прыкрыцца міліцыяй і сядзець у кабінеце - знаёмы стыль працы.

Падчас мітынга ў Новым парку выступалі прадстаўнікі палітычных партый, прафсаюзаў, рабочыя і настаўнікі, гучалі песні Шалкевіча. Дарэчы, як ніколі раней, усё гэта адбывалася арганізавана, на ўзроўні, годна, нягледзячы на тое, што ў асноўным казалі пра знаёмае: адстаўку Лукашэнкі, супраць інтэграцыі з Расіяй, пра немагчымы стан існавання... С.Мальчык зачытаў ліст віншавання ад лідэра польскай "Салідарнасці" М. Кшаклеўскага, а Лукашэнку спрэзэнтавалі вялікую хакейную шайбу ў выглядзе кола ад машыны на якое быў наклеены ягоны вялікі партрэт.

На мітынгу панаваў выдатны святочны настрой, было цёпла, свяціла яркае сонейка.

Дзень Волі святкавалі практычна ва ўсіх раённых цэнтрах. У Воранаве ўлады дазволілі пікет на 8 гадзін раніцы, спадзяючыся, што ніхто не прыйдзе. Прыйшло 150 чалавек з вялікім плакатам "Жыве вольная Беларусь!".

У Свіслачы пачалі святкаваць з дзевяці раніцы. З бела-чырвона-белымі сцягамі ў цэнтры мястэчка стаяла 50 чалавек, каля сотні выглядала з-за платоў. Мясцовы "вертыкальшчык" А.Кузьма прызначыў у гэты дзень суботнік і прыгразіў, калі хто не прыйдзе, не атрымае сотак пад бульбу.

У Бераставіцы на развалінах касцёла вывесілі бела-чырвона-белы сцяг і ўвесь горад заклеілі ўлёткамі. Падобнае адбылося і ў Дзятлаве.

У Смаргоні адбылося шэсце. Па вуліцах горада прайшлося каля 50 чалавек. У руках яны трымалі бела-чырвона-белыя сцягі.

У Мастах падчас мітынгу міліцыянты хадзілі і штурхалі ў бок людзей, якія гаварылі як ім цяжка жывецца пры сённяшняй уладзе.

Мітынгі і пікеты адбыліся і ў іншых раённых цэнтрах. Напэўна, гэтага і баіцца найбольш Лукашэнка, паколькі наступныя выступленні народа могуць адбыцца ў кожнай вёсцы.

М.КАРНЕВІЧ

Назад