Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Судзяць, судзяць i ...

Практычна два тыдні працягваюцца суды ў Ленінскім раённым судзе Гродна над арганізатарамі мітынга 25 сакавіка. Адольфу Зацэпіну, лідэру Свабодных прафсаюзаў тонкасуконнага камбіната суддзя Дземчанка прысудзіў 160 мінімальных заробкаў штрафу, альбо 350000 рублёў. Супраць Валянціна Лучка, сябра Грамады, выкладчыка ГрДУ, гэты ж суддзя справу прыпыніў. Над Сяргеем Мальчыкам, гродзенскім лідэрам БНФ "Адраджэньне", калі здавалася наша газета ў друк, суд яшчэ працягваўся. Працэс вёў усё той жа суддзя Дземчанка.

Усіх траіх арганізатараў акцыі судзілі за несанкцыянаванае шэсце ад Савецкай плошчы да парка 40-годдзя камсамола. Аказваецца, шляхам "шэсця" дабірацца да месца правядзення святаў ў нашым горадзе нельга. Хай наступным разам арганізатары замаўляюць аэрапланы, альбо аўтобусы, паколькі чыгункі да парку 40-годдзя камсамола пакуль не правялі і наўрадці ў бліжэйшы час гэта зробяць, а Гродзенскі гарвыканкам наўрадці знойдзе месца больш адпаведнае.

Цікава, што А.Зацэпін, які атрымаў штраф у 350000, а зарабляе ўсяго толькі 28000 рублёў, навогул не удзельнічаў у гэтым самым шэсці. Ён па дамоўленасці з іншымі арганізатарамі, дарэчы, у кабінеце намесніка начальніка Ленінскага РАУС спадара Шмакава і ў яго прысутнасці, быў прызначаны адказным за тэхнічную падрыхтоўку акцыі і настройваў у парку апаратуру. Так то яно так, але ж неяк у той самы зласчасны камсамольскі парк ён усё ж патрапіў і, відавочна, шляхам шэсця па вуліцах Гродна, хай сабе і другім маршрутам. Зрэшты, прыгавор канчатковы і абскарджанню не падлягае.

Адвакат Уладзімір Кісялевіч на працягу хвілін дваццаці тлумачыў высокаму суду, што згодна з Канстытуцыяй РБ грамадзянін РБ мае права на розныя свабоды, што той самы Закон, па якому судзяць А.Зацэпіна, супярэчыць і Канстытуцыі і самым розным міжнародным актам, якія датычаць правоў чалавека, што Гродзенскі гарвыканкам, прызначаючы месца мітынгу ў камсамольскім парку, тым самым заранёў ставіць дэманстрантаў у неправавую сітуацыю. Зрэшты, суддзя слухаў адваката ўважліва. Падчас працэса над В.Лучко суддзя ізноў слухаў адваката ўважліва. Сітуацыя аказалася для ўсіх відавочна абсурднай: судзяць Лучка, які на мітынгу не прысутнічаў, паколькі ва ўніверсітэце яму не дазволілі перанесці заняткі. Больш таго, В.Лучко не даваў пісьмовую падпіску аб адказнасці за парушэнні падчас мітынга. У канцы прамовы таго ж адваката Кісялевіча, які прасіў больш "законна" разглядзець справу яго кліента, не вытрымаў і суддзя Дземчанка - рассмяяўся. Смяялася і зала, і адвакат. Абсурд разгледзелі, справу прыпынілі.

Са спадаром Мальчыкам, як аказалася, за адзін дзень разабрацца таксама не здолелі. Ягоныя грамадскія абаронцы з Беларускага Хельсінскага Камітэту - А.Антанюк і А.Сідзігаеў - абодва юрысты, пачалі задаваць шмат пытанняў сведкам, і справа пачала выглядаць не так, як гэта атрымалася з спадаром Зацэпіным. Высветлілася, напрыклад, што ніводзін са сведкаў з боку супрацоўнікаў Ленінскага РАУС не здолеў патлумачыць суду згодна якіх крытэрыяў ён вызначаў, што адбываецца вулічнае шэсце. А дапытвалі траіх сведкаў. Больш таго, палкоўнік Васілеўскі, аказваецца, хацеў накіраваць некалькі соцен людзей да месца мітынга праз маленькі драўляны мост, на якім нават сходы паламаныя. І што магло б быць - "Няміга"?

Наогул, падобныя суды выглядаюць дзіўна, асабліва, як у гэтым выпадку, калі людзей судзяць за тое, што на дазволены мітынг яны ішлі па вуліцах роднага горада, нікому пры гэтым не ствараючы якіх-небудзь клопатаў. І раптам ім дарогу перакрывае міліцыя, АМАП, яшчэ нейкае спецпадраздзяленне; выціскаюць з пешаходнай вуліцы на праезжую частку. Акружаюць з пераду і ззаду, накіроўваючы, як жывёлу ў патрэбным накірунку. Камусьці напэўна вельмі карціць паказаць - хто ў горадзе гаспадар? Але не трэба надрывацца, панове, паколькі вас ніхто не абіраў, а прыйдзе час народ за гэта яшчэ спытае.

Назад