Зэльва
Ён песняй яднаў людзей
Згодна перспектыўнага плана мерапрыемстваў упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама (які быў прыняты яшчэ ў 1995 годзе) сёлета на радзіме Міхася Забэйды-Суміцкага плануецца правядзенне музычнага вечара з нагоды 100-годдзя з дня нараджэння вядомага дзеяча мастацтва. Ён нарадзіўся 1-га, ці па новаму стылю 14-га, чэрвеня 1900 года ў вёсцы Несцяровічы Пружанскага раёна. Беларускі спявак пэўны час жыў і вучыўся ў Зэльве.
"Яго ў свой час параўноўвалі з Собінавым, Цітай Скіпай, іншымі не менш славутымі спевакамі - так пачынае свой аповед пра Міхася Забэйду-Суміцкага беларускі пісьменнік Барыс Сачанка ў кнізе "Сняцца сны аб Беларусі".
М. Забэйда запісаў на грампласцінкі першыя ў Заходняй Беларусі і, наогул, у Польшчы беларускія народныя песні, якія, дзякуючы яму, сталі папулярнымі сярод шырокіх колаў насельніцтва.
Чым жа яшчэ, акрамя папулярызацыі песеннай спадчыны народа ў выдатнага майстэрства выканаўцы, было напоўнена яго жыццё. Перш за ўсё тым, што ён, як і многія людзі, якія эмігрыравалі ў свой час, застаўся верным Бацькаўшчыне. У цяжкія гады ваеннага ліхалецця дапамагаў сродкамі ад канцэртаў партызанам-суайчыннікам. У сваім запавеце ён папрасіў, каб усё вартае, што пасля яго застанецца было вернута на Радзіму... Пахаваны наш славуты зямляк у Празе, на Альшанскіх могілках. Дарэчы, удзячныя чэхі апякуюцца яго магілкай.
|