Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Гiсторыя

Студэнты і студэнткі з Беларусі ў швейцарскіх універсітэтах (XVI - пачатак XX ст.)

Заканчэнне. Пачатак у №13 (110)

Сярод дакументаў ёсць біяграфічная даведка пра пісьменніка Альгерда Абуховіча. Даследчыкі, мусіць, пераблыталі яго з аднафамільцам Юліянам, пазнейшым інспектарам маскоўскай чыгункі. "Наш" Абуховіч у якасці вольнага слухача ўвосень 1858 г. запісаўся на прырода- і літаратуразнаўчы факультэт. Прабыў ён у Жэневе не "тры-чатыры гады", як меркаваў яго біёграф Р. Родчанка, а ўсяго толькі восем месяцаў. Паводле актаў жэнеўскай паліцыі, тая, на падставе пашпарта, выдадзенага 14 мая 1858 г. у Віпьні, дала ў жніўні Абуховічу права на прабыванне ў Жэневе. Але ўжо ў красавіку наступнага года слуцкі вандроўнік перабраўся ў Францыю.

У 1883 г. у Жэнеўскім універсітэце, які ўзнік у 1873 г. на месцы акадэміі, абараніла дысертацыю па медыцыне віцяблянка Анрыэта Жудра (1855-1928). Тэма яе працы - "Да пытання аб клінічным даследаванні шуму галопа'". Аўтар разгледзела шкодныя вынікі тагачаснага вулічнага руху даволі яшчэ ціхай Жэневы. Паводле даследавання "Вышэйшая адукацыя жанчын ў швейцарскіх універсітэтах", Жудра выйшла замуж за жэнеўскага лекара Шарля-Эжена Сало (Saloz) і, мяркуючы па той жа крыніцы, "як першая жанчына-лекар на працягу сарака гадоў яна развівала плённую дзейнасць, выконваючы яе з глыбокім веданнем справы, пачуццём абавязку і годнасці''. Пасля таго, як у 1867 г. першая студэнтка на кантыненце здала ў Цюрыхскім універсітэце доктарскі экзамен па медыцыне, швейцарскія вышэйшыя школы сталі магнітам для жанчын, прагных ведаў, у прыватнасці жыхарак Расійскай імперыі, якім універсітэцкія вароты на радзіме заставаліся зачыненымі да 1913 г. Большасць іх складалі яўрэйкі. Швейцарскімі школамі карысталіся і значная колькасць яўрэяў мужчынскага полу, шансы якіх, паступіць у расійскія універсітэты з-за скандальных працэнтных нормаў рэзка зменшыліся. Пераважная частка расійскіх яўрэяў і яўрэек, вядома, паходзіла з "мяжы аселасці", г.зн. перш за ўсе з беларускіх і украінскіх зямель.

Дзеля кароткага разгляду гэтай з'явы прывядзём некалькі дадзеных з матрыкулаў Бернскага і Цюрыхскага універсітэтаў.

Адчынены ў 1834 г, Бернскі універсітэт у апошняй чвэрці мінулага стагоддзя, дэякуючы сваім ліберальным умовам паступлення і нядрэннай навуковай рэпутацыі, стаў улюбёным вучылішчам расійскіх студэнтак, а таму атрымаў найменне "школы рускіх дзяўчат". Паводле даследавання аб пачатках бернскай вышэйшай адукацыі жанчын, медыцынскі факультэт у 1871 -1914 г.г. налічваў 1625 асоб жаночага полу. Каля дзесятай часткі іматрыкуляваных, а менавіта 163 жанчыны ці дзяўчыны, паходзілі з Беларусі. Месцы іх нараджэння - Мінск, Віцебск, Магілёў, Гродна, Гомель, але таксама і меншыя гарады і мястэчкі (Горкі, Даўгінава, Друя, Лепель. Лое, Уваравічы, Шклоў, Янавічы і інш.). На працягу ўказаных 44 гадоў доктарскІ экзамен па медыцыне тут здавала 461 кандыдатка, з якіх 45 паходзіла з Беларусі. Дзве беларускія выпускніцы 1910 г., мінчанка Сара Шклоўская і віцяблянка Цылія Беленькая, здалі яго на выдатна. Амаль усе дысертацыі абапіраліся на швейцарскі матэрыял, значыць, былі накіраваныя на распазнанне і лячэнне хвароб, распаўсюджаных сярод швейцарскага насельніцтва". Выходзіць, да развіцця і дасягненняў тагачаснай медыцынскай навукі ў Швейцарыі ўнеслі свой уклад і студэнткі з Беларусі.

Аднак нямногія з ураджэнак Беларусі здабылі сабе імя або ў Швейцарыі, або у іншых замежных краінах. Да выключэнняў, напрыклад, адносіцца гамельчанка Соф'я Гяцова. прызначаная ў 1912 г. прыват-дацэнтам кафедры эксперэментальнай паталагічнай анатоміі ў Бернскім універсітэце, а пазней запрошаная ў новаўтвораны Іерусалімскі універсітэт.

Былі выдатныя "бернскія" выпускніцы і па другіх навуковых дысцыплінах. Гэта сёстры Іда і Любоў Аксельрод з Дунілавіч. Абараніўшы дысертацыі ў 1902 г.. абедзве яны пісалі філасофскія і літаратуразнаўчыя працы і адыгралі прыкметную ролю ў меншавіцкай фракцыі РСДРП. Малодшая Іда нейкі час загадвала літаратурнай часткай бернскага сацыял-дэмакратычнага органа "Бернер Тагвахт". Яна аўтар пасмяротна выдадзенага даследавання пра творчасць Готфрыда Келера.

Шырокай вядомасцю ў Швейцарыі карысталася філосаф Ганна Тумаркіна (1875-1951), ураджэнка Дуброўны. Доктарскую (кандыдацкую) ступень Бернскага універсітэта яна атрымала ў 1895 г, а тры гады пазней там жа абараніла і габілітацыйную працу. Яна была першай жанчынай-прафесарам не толькі ў Берне, але і ва ўсёй Швейцарыі, Ды нават (калі выключыць яе суайчынніцу С.Кавалеўскую) - ва ўсёй Еўропе. У сваіх навуковых працах яна аддавала перавагу пытанням філасофіі рамантызму, эстэтыкі, псіхалогіі, а таксама адметнасці і своеасаблівасці швейцарскай філасофскай думкі". Апрача таго, яна прымала актыўны ўдзел ў швейцарскім жаночым руху. Імя яе ў Беларусі, здаецца, невядома. Як, зрэшты, і імя яе папярэдніка на бернскай кафедры Роберта Зайчыка (1868-1965), ураджэнца Мсціслава. Пасля дацэнтуры ў Бернскім універсітэце ў 1895-1914 гг. Зайчык узначальваў кафедру "сучасных літаратур" Федэральнай політэхнічнай школы ў Цюрыху, а потым, да 1925 г., выкладаў філасофію і эстэтыку ў Кёльне. Вярнуўшыся ў Швейцарыю, ён плённа працаваў як пісьменнік, закранаў філасофска-палітычньія, грамадска-культурныя, мастацкія і літаратуразнаўчыя пытанні агульнаеўрапейскага абсягу". У сваім даследаванні "Майстры швейцарскага пісьменства XIX стагоддзя" (1894) Р.Зайчык адным з першых адстойваў тэзіс пра самастойнасць швейцарскай літаратуры.

Шмат ураджэнцаў Беларусі вучылася ў Цюрыхскім універсітэце. 3 1833 г. даты яго заснавання, да 1917 г. у ім вучыліся больш за тры тысячы "расійцаў", што склала восьмую частку цюрыхскіх студэнтаў таго часу. У іх ліку - прыблізна 360 студэнтаў і студэнтак з Беларусі. Хаця ў цюрыхскіх матрыкулах і ўказваюцца месцы, адкуль паходзяць навучэнцы, але не ва ўсіх выпадках можна вызначыць дакладна - бо яны не ўпамінаюцца ў атласах і геаграфічных слоўніках ХІХ ст., або іх нельга адрозніць ад аналагаў на другіх абшарах Расійскай імперыі. Сярод беларускіх гарадоў вядучае месца зноў займаюць Мінск, Магілёу, Віцебск, Гродна, Гомель, Пінск, Бабруйск. Двума-чатырма студэнтамі прадстаўлены Быхаў, Ветка, Дрыса, Жлобін, Койданава, Ляды, Нясвіж, Радашковічы, Сіроціна, Чэрыкаў. Як у выпадку з Бернскім універсітэтам, частка, што прыпадае на яўрэйскае студэнцтва, была вельмі эначнай - 91 працэнт.

Першы студэнт з Беларусі з'явіўся ў Цюрыхскім універсітэце ў 1859 г. У 1880-я гады колькасць навучэнцаў з Беларусі прыкметна ўзрасла і дасягнула сваёй вяршыні ў 1913 г, (39 "беларускіх" іматрыкуляцый). Спакуса расказаць пра некалькіх выпускнікоў падрабязней вельмі моцная. Аднак трэба тут абмежавацца кароткім пералікам імён. Часам уражанні ад цюрыхскай вучобы ці Швейцарыі наогул знайшлі сваё адлюстраванне ў тагачасных "рэпартажах" ці пазнейшых успамінах. Прыгадаю хаця б мемуары віцебскага філосафа Мікалая Лоскага і артыкулы магіляўчаніна Рыгора Гурэвіча ў рускамоўных яурэйскіх часопісах.

Сярод жаночай часткі цюрыхскіх студэнтаў належыць названь мінчанку Таццяну Разенталь (1884-1920), вучаніцу Карла Густава Юнга, адну з першых расійскіх псіхааналітыкаў, а таксама пінчанку Хану Вейцман, выдатнага біяхіміка, сястру першага прэзідэнта Ізраіля Хаіма Вейцмана. Больш чым упамінання заслугоўваюць мінчанкі Юзэфа Кодзіс-Кшыжаноўская (1865-?), будучая загадчыца філасофскай кафедры Чыкагскага універсітэта, і ўраджэнка Гродна Фейга Ліфшыц (1878-1964, замужам Фрыш), якая пазней, уцёкшы з фашысцкай Германіі ў Швейцарыю, перакладала на нямецкую мову шматлікія шэдэўры рускай літаратуры. Адна беларуская студэнтка, у рэшце, увайшла ў швейцарскую літаратуру: лідская матэматычка Кацярына Германіская, якая ў Цюрыху выйшла замуж за аўстрыйскага сацыял-дэмакрата і пазнейшага палітычнага забойцу Фрыца Адлера, паслужыла прататыпам рэвалюцыянеркі Каці ў рамане "Швейцарскае люстра" Мейнрада Інгліна (1838).

Спадзяюся, што мае заўвагі, хай сабе і павярхоўныя, засведчылі, што замежная вучоба беларусаў і іх суайчыннікаў іншых нацыянальнасцей заслугоўвае з боку даследчыкаў большай увагі, чым яна карысталася дагэтуль. 3-за таго, што ў Бепарусі да 1921 г. амаль адсутнічалі вышэйшыя навучальныя ўстановы, беларуская інтэлігенцыя была вымушана здабываць сабе веды ў блізкім ці далёкім замежжы. Як бачна на прыкладзе Швейцарыі, яна нярэдка спрычынялася да развіцця навукі ў іншых краінах - ці то дысертацыямі і іншымі даследаваннямі, ці то сваёй практычна-прафесіянальнай дзейнасцю. Тая ж частка яе, што вярнулася пасля заканчэння вучобы дамоў, шмат што са здабытага за беларускай інтэлігенцыі ці, дакладней, інтэлігенцыі ў Беларусі і яе духоўных арыенціраў, нельга не браць пад увагу тэму "студэнцкіх вандраванняў".

Моніка Банькоўскі-Цюліг (Цюрых)

Назад