Аўтар расійскага шрыфта
Сёння кожны чалавек у нашай дзяржаве пісьменны: як мінімум умее пісаць і чытаць напісанае ці надрукаванае. Многія з нас ведаюць, што для пісьма ў беларусаў, як у рускіх і ўкраінцаў, ужываецца шрыфт "кірыліца", названы так у гонар выдатнага балгарскага асветніка Кірылы. Разам з праваслаўнай верай царкоўнаславянскі шрыфт прайшоў у Расію, на Ўкраіну і Беларусь. Але ў сілу сваёй спецыфікі і складанасці ён не мог задаволіць свецкія патрэбы.
Асабліва востра паўстала праблема шрыфту, простага і зручнага, калі рускі цар Пётр І пачаў праводзіць свае рэформы. Патрэбен быў чалавек, які б прапанаваў новы шрыфт. І такі чалавек знайшоўся. Гэта наш зямляк Іван Фёдаравіч Капіевіч (у некаторых крыніцах Капіеўскі). На вялікі жаль, амаль не захавалася дакументаў і звестак пра гэтага выдатнага чалавека. Нам невядома нават дата яго нараджэння. Мяркуецца, што ён нарадзіўся ў 1651 годзе на Мсціслаўшчыне. Дзіцячыя і юнацкія гады Капіевіча прайшлі ў Слуцку, дзе ён вучыўся ў гімназіі. Па веравызначэнню - пратэстант.
Ратуючыся ад прыследванняў іезуітаў, Ілья Фёдаравіч пакідае Беларусь і едзе ў Галандыю, дзе пасяліўся ў горадзе Амстэрдаме. На той час гэта быў буйнейшы ў Еўропе марскі порт, у якім жыццё, як кажуць, біла ключом. Тут ён заснаваў сваю друкарню і пачаў выдаваць кнігі, якія прызначаліся для рускага чытача. Адначасова Капіевіч распрацаваў праэкт рэформы рускага царкоўнаславянскага алфавіту. Асноўная мэта праэкту заключалася ў тым, каб спрасціць царкоўнаславянскі шрыфт і прыстасаваць яго для патрэб грамадзянскага пісьма. У той час у Амстэрдаме знаходзіўся цар Пётр І. Ілья Фёдарафіч паказаў яму свой праэкт, які вельмі спадабаўся цару і той загадаў адліць новы шрыфт для патрэбы Расіі, а потым выдаў указ аб увядзенні яго ў практыку работы ўсіх дзяржаўных структур. З таго часу мінула каля трох стагоддзяў, а абрысы літар, распрацаваныя нашым славутым земляком, жывуць і сёння. Праўда, за гэты час з'явілася немала мадыфікацый, аднак мадыфікацыі так і застануцца мадыфікацыямі, бо ўсе яны будуюцца на першааснове, створанай Капіевічам. Многія гады гэты шрыфт, як піша Адарукаў у рабоце "Книга гражданской печати в ХVІІ веке", (М. 1926), "называли то амстердамскими литерами, то гражданской, то белорусской азбукой".
Цікава, што беларускі Капіевічаў шрыфт стаў асновай для пісьма многіх народаў былой царскай Расіі. Ужо за адно гэтае вынаходніцтва імя Капіевіча трэба ўпісаць залатымі літарамі ў гісторыю нашай бацькаўшчыны. А ён жа яшчэ быў складальнікам і выдаўцом многіх кніг. Беларуская Савецкая Энцыклапедыя паведамляе, што "І.Ф. Капіевіч прапагандаваў свецкія навукі, садзейнічаў распаўсюджванню навуковых ведаў у Расіі. Склаў і выдаў першыя на рускай мове падручнікі і кнігі (арыфметыку, руска-лаціна-нямецкі, руска-лаціна-галандскі слоўнікі), каляндар, навучальныя дапаможнікі. Пераклаў і выдаў байкі Эзопа. Аўтар першай на рускай мове "зорнай карты".
Ілья Фёдаравіч Капіевіч быў адным з самых высокаадукаваных людзей свайго часу. У Галандыю ён трапіў у даволі сталым узросце ў канцы ХVІІ стагоддзя. За сем гадоў жыцця тут, пачынаючы з 1699 па 1706 год, надрукаваў каля 20 кніг. Вядомы даследчык гісторыі кнігадрукавання М.І. Шчалкуноў пісаў пра Капіевіча наступнае: "Поручить протестанту составление книг для исконно православной России мог только Петр, и это было, вероятно, по тому времени целой революцией".
Будучы ў Амстэрдаме, Ілья Фёдаравіч не толькі займаўся складаннем і друкаваннем кніг, але і адкрыў школу для выхадцаў з Расіі, якіх ён вучыў розным навукам. Ілья Фёдаравіч у адным з пісьмаў пісаў цару Пятру І: "Известно ли твоему пресветлейшему царскому величеству, сколько я князей и дворян твоего пресветлейшего величества учил более году, а за тое не желал от них денег, еще же трудился, их ради, и днем и ночию. Все же поехали и спасибо не сказавши за учение, но сопротивно мои ж еще глобусы четыре, не заплативши, завезли: два - князь Осип Иванович Щербаков тые глобусы, которые были на индийском дворе. Два глобусы завезли Семен Андреевич Салтыков за тое, что я его долгое время учил и трудился его ради…"
Канец свайго жыцця Ілья Фёдаравіч Капіевіч, а памёр ён у 1714 годзе, правёў у Маскве, дзе працаваў у Пасольскім Прыказе. Вось такім быў выхадзец з Беларусі І.Ф. Капіевіч.
Ю. ШАСТАК
|