Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Новыя тэхналогіі ў гродзенскіх судах. Праўда, чаго яны вартыя?

На мінулым тыдні ў Гродне завяршыўся апошні судовы працэс над арганізатарамі мітынга да 25 сакавіка. Сяргей Мальчык, старшыня Гродзенскай Рады БНФ "Адраджэньне", асуджаны на 10 сутак арышту. З залы суда яго адразу забралі трое міліцыянтаў. Сяргей аднак паспеў заявіць, што з прыгаворам суддзі не згодзен і аб'яўляе галадоўку.

Як мы паведамлялі ў мінулым нумары нашай газеты, яшчэ аднаму з арганізатараў А.Зацэпіну было прысуджана 160 мінімальных заробкаў штрафу, супраць В.Лучко справу прыпынілі. Усім ім было прад'яўлена абвінавачванне ў арганізацыі несанкцыянаванага шэсця ад плошчы Савецкай да парка 40-годдзя камсамола. Па ўсіх трох справах прысуд выносіў суддзя Ленінскага раённага суда г.Гродна Д.Дземчанка.

Разгляд гэтых трох справаў паказаў, што ў Гродне палітычныя працэсы пачалі разглядацца на аснове самых сучасных тэхналогій. Калі раней падобныя суды цягнуліся не больш за 30 хвілінаў, прычым у кабінеце суддзі, то гэтым разам яны працягваліся чуць ці не два тыдні, пры поўнай зале народу, і ўпершыню ў іх бралі ўдзел грамадскія абаронцы ад Беларускага Хельсінскага Камітэту.

Праўда, першы працэс адбыўся без абаронцаў - суддзя адмовіў. Нязменнымі ў новых тэхналогіях засталіся толькі прысуды: касмічны штраф рабочаму А.Зацэпіну ў 350 тысяч, тады як на працы ён атрымлівае 28 тысяч рублёў, і 10 сутак арышту спадару Мальчыку. Само сабой напрошваецца дзіўнае пытанне: навошта і каму патрэбны такі прывід дэмакратыі ў судзе, калі вынік прысуду і ў адным, і ў другім выпадку застаецца аднолькавым.

Грамадскі абаронца ад БХК А.Сідзігаеў выступаў з Канстытуцыяй і Законам РБ у руках, цытуючы іх, на працягу практычна гадзіны, пераканаўча даказваў Высокаму суду, што ў краіне Закон не адпавядае Канстытуцыі, а значыць не можа мець сілы. Так, да прыкладу, у Канстытуцыі РБ запісана, што Закон павінен быць максімальна накіраваны на рэалізацыю правоў грамадзян. У нашай сітуацыі на вуліцу Савецкую выходзіць палкоўнік Васілеўскі, аддае загад АМАПу і перапыняе рух людзей, якія, нікому не перашкаджаючы, накіроўваюцца да месца санкцыянаванага мітынга. Абаронца патрабуе выклікаць у суд палкоўніка і запытацца на падставе якога Закону ён гэта рабіў. Тым больш патрабаваў, каб калона ў некалькі тысяч чалавек ішла праз невялікі драўляны масток, што магло прывесці да непрадбачаных акалічнасцяў. Як прыклад, абаронца нагадаў суду, як у савецкія часы людзі, ідучы на дэманстрацыю, збіраліся каля сваіх заводаў, а пасля арганізаванымі калонамі накіроўваліся да месца мітынга. І ніхто іх за гэта не судзіў. Да ўсяго, А.Сідзігаеў прадстаўляе суду ўсе магчымыя варыянты прахода да месца мітынга, з падрабязнымі схемамі і тлумачыць, што арганізатары выбралі адзіны бяспечны для людзей шлях. Ён таксама патрабуе выклікаць прадстаўніка гарвыканкама, які патлумачыў бы на якой падставе працоўным горада прапаноўваецца праводзіць грамадскі мітынг (рэалізаваць свае законныя канстытуцыйныя правы) у месцы, куды не ходзіць грамадскі транспарт, якое не ўсе ведаюць, да якога складана дабрацца. Высокі суд уважліва слухае, а потым заяўляе, што не бачыць у гэтых хадайніцтвах патрэбы.

Але, бадай, самае цікавае тое, што С.Мальчык, вядучы калону па вуліцы Савецкай, зрэагаваў на патрабаванні міліцыі, павярнуў калону ў тым накірунку куды патрабавалі стражы парадку, гэтым самым прадухіліўшы магчымыя непрыемныя наступствы, без эксцэсаў правёўшы мітынг, аказаўся яшчэ і вінаватым.

Адвакат С.Мальчыка, В Кісялевіч заяўляе, што ўлады заранёў ведаюць, прызначаючы месца мітынга, што ставяць людзей у неправавую сітуацыю. Законы, на яго думку, пішуцца спецыяльна супраць апазіцыі: "У такой сітуацыі як не зрабі, усёроўна будзе дрэнна...". Ён называе гэта нічым іншым як правакацыяй. Зрэшты, заклікае суд да цвярозага роздуму: у калоне ішлі лепшыя людзі горада - выкладчыкі ВНУ, студэнты, рабочыя, дзеці. Каму яны маглі ўяўляць небяспеку?

Усе гэтыя словы, як і ранейшых праваабаронцаў, быццам у сцяну гарохам. Пасля перапынку заходзіць суддзя зачытвае прыгавор, а з ім тры міліцыянты з кайданкамі. Вось гэта і ёсць новыя судовыя тэхналогіі ў гродзенскіх судах.

Праз некалькі дзён

У мінулы аўторак адбылася прэс-канферэнцыя прадстаўнікоў Беларускага Хельсінскага Камітэта. Высветлілася, што яны ўжо двойчы наведвалі С.Мальчыка ў Кастрычніцкім спецпрыёмніку-размеракавальніку. Ён працягвае галадоўку і будзе прынцыпова даводзіць яе да канца. Прадстаўнікі БХК распавядалі таксама, што С.Мальчык, з яго згоды, накіроўваўся на фізічную працу. У яго ёсць скаргі на здароўе: слабасць і галавакружэнне. Праўда, нягледзячы на гэта, ён напісаў некалькі скаргаў на парушэнне правілаў правапарадку ў камерах. Умовы жудасныя, да панядзелка ён утрымліваўся ў камеры з чатырма чалавекамі, якая разлічана толькі на дваіх. Аднак найбольш уразіла тое, што Сяргей напісаў у камеры заяву ў гарвыканкам на правядзенне чарговай акцыі прысвечанай угодкам Чарнобыля. Праўда, адміністрацыя адмовілася перадаваць заяву ў гарвыканкам, маўляў, "выпусцім, тады і аддадзіце".

Прадстаўнікі БХК А.Антанюк і А.Сідзігаеў паведамілі, што пры сустрэчы з С.Мальчыкам, той падпісаў скаргу ў вабласны суд, у якой выказваецца пратэст супраць яўна неаб'ектыўнага рашэння суддзі Ленінскага раёна Д.Дземчанкі. Прычым, скаргу абяцалі разгледзяць на працягу трох дзён, паколькі С.Мальчык аб'явіў галадоўку. Прадстаўнікі БХК самі пракаментавалі рашэнне суддзі Дземчанкі, як непрафесійнае і неаб'ектыўнае. Асабліва здзіўляла юрыстаў з вопытам колькасць памылак дапушчаных маладым суддзёй Дземчанкам. Так, напрыклад, даводзілася, што справа разглядалася не на аснове Канстытуцыі РБ, назіраліся шматлікія працэсуальныя парушэнні - суд незаконна адхіляў хадайніцтва па выкліку сведкаў, неправільная ацэнка абставін і неаб'ектыўнае іх выясненне і г.д. Парушэнняў, як зазначылі юрысты так шмат, што ў іх практыцы не даводзілася нават столькі сустракаць. Тым не менш такі жорсткі прысуд Дземчанкі прадстаўнікі БХК патлумачылі і магчымым уздзеяннем зверху, не выключыўшы, што суддзю, як бы мовіць, правяраюць на цвёрдасць у дачыненнні да лідэраў апазіцыі.

Зрэшты, канкрэтнага спадзявання на тое, што абласны суд адменіць прыгавор Дземчанкі, прадстаўнікамі БХК не выказвалася, паколькі гэта магло б стаць беспрэцэдэнтным выпадкам у Беларусі, што яўна нанесла бы ўдар па ўсёй лукашэнкаўскай сістэме.

Тым не менш, нядаўна прадстаўнікі БХК атрымалі адказ на свой ліст з абласнога суда, у якім падцвярджаецца іх законнае права выступаць грамадскімі абаронцамі ў судовых працэсах. Так што нечага ўсё ж дабіліся. Увогуле, з іх слоў, юрысты не збіраюцца спыняцца ў справе С.Мальчыка, калі атрымаюць адмоўнае рашэнне з абласнога суда. Яны намераны дайсці да Камісіі па правах чалавека ў ААН, тым больш, што 2001 год з'яўляецца справаздачным для Беларусі па правах чалавека перад міжнароднымі арганізацыямі.

Што датычыць С.Мальчыка, тэрмін яго ўтрымання пад вартай сканчаецца ў суботу пасля 16.00.

Назад