Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Памяць

Ён быў і практык, і рамантык…

На мінулым тыдні 14 красавіка споўнілася 80 гадоў гродзенскаму пісьменніку Аляксею Карпюку. На жаль, ён не дажыў да гэтае даты. Аляксей Нічыпаравіч памёр яшчэ ў ліпені 1992 года.

Вечарына памяці пісьменніка адбылася ў гарадскім Доме культуры. Сабраліся людзі, якія яго ведалі, з кім разам працаваў, тыя, хто чытаў і чытае, моладзь. Успаміналі Аляксея Нічыпаравіча з любоўю і як чалавека, і як пісьменніка, і як кіраўніка. "Пры ім была сабрана самая большая калекцыя экспанатаў ХУІІ-ХУІІІ ст. у нашым музеі" - распавядала супрацоўніца музея Гісторыі рэлігіі. "Дзякуючы яму, мы навучыліся не баяцца ні пасадаў, ні кабінетаў…". Распавядалі пра тое, як травілі Карпюка былыя камуністычныя ўлады, пра суд з "Политическим собеседником", які пісьменнік выйграў. Праўда, колькі яму гэта каштавала здароўя… "Ён браў на сябе больш, чым можа чалавек, але такая была яго норма". Гаварылі і пра яго творы: "Дануту", "Карані", пра шматлікую публіцыстыку, якой ён асабліва актыўна займаўся ў апошнія гады жыцця, распавядалі пра перапіску з Салжаніцыным і Астаф'евым. Узгадвалі, як ён з кіёчкам шпарка крочыў па вуліцах нашага горада, як прыемна было зайсьці да яго ў домік Э.Ажэшкі, дзе ён сядзеў і пісаў свае творы… Цёплая адбылася вечарына. Неаднаразова прысутныя заяўлялі, што ў горадзе дагэтуль няма ні вуліцы названай ягоным імем, ні нават памятнай шыльды. Зрэшты, што пра гэта казаць, калі старшыня гарвыканкама не можа знайсці часу для таго, каб прыняць удаву Аляксея Нічыпаравіча па асабістаму пытанню.

Нехта з выступаўшых на вечарыне заўважыў, што А.Карпюк быў і практыкам, і рамантыкам. Ён быў яшчэ і сапраўдным пісьменнікам, і мы можам смела гэтым ганарыцца.

М.КАРНЕВІЧ

Назад