Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Дзённік аб 10 днях за кратамі

На мінулым тыдні ў суботу з спецпрыёмніка-размеркавальніка быў вызвалены лідэр гродзенскай арганізацыі Беларускага Народнага Фронту Сяргей Мальчык.

Ён быў асуджаны па адміністрацыйнай справе судом Ленінскага раёна Гродна на 10 сутак арышту, як арганізатар несанкцыянаванага шэсця падчас святкавання 25 сакавіка гадавіны Беларускай Народнай Рэспублікі. Яго сустракалі родныя, калегі, сябры, журналісты. Жанчыны былі з кветкамі. За гэтыя дзесяць дзён Сяргей знешне змяніўся: у знак сваёй нязгоды з рашэннем суда ўсе гэтыя дні ён галадаў.

Аб тым як прайшлі гэтыя 10 дзён нам апісаў сам Сяргей. Атрымаўся своеасаблівы дзённік.

Зняволеныя распавядалі мне, што падчас вайны ў спецпрыёмніку мясцілася гестапа, пасля - НКВД, цяпер - міліцыя. Пяць камераў: дзве маленькія, прыкладна 3 на 1,5 м. і тры значна большыя. Яны разлічаны на 20 чалавек, але ў першыя дні майго знаходжання тут налічвалася каля 40 арыштаваных. Многія з іх не па першаму разу. Тых, хто патрапіў сюды ўпершыню, можна пазнаць па іх падаўленаму выгляду, засяроджанасці на нечым глыбока сваім, унутраным. Пакорлівасць і падаўленасць - аб'ядноўвае навічкоў.

Першы дзень самы цяжкі. Пасля таго як прывялі, патрабую адразу ручку і паперу - пішу заяву на імя начальніка аб тым, што маю галадаць супраць рашэння суда. Ахоўнік, паглядзеўшы маю заяву, кажа - цяжка будзе дзесяць сутак. Я і сам гэта ведаю, але па-іншаму пратэставаць у няволі немагчыма. Гэта адзіны рэальны сродак паказаць сваю чалавечую годнасць у гэтых нечалавечых умовах.

Нечалавечнасць і прыніжэнне пачынаюцца адразу. Патрабуюць распрануцца да гала і ўважліва правяраюць усё адзенне. Забіраюць ручку - маю адзіную тут зброю, спрабуюць адабраць расчоску - яе ўдаецца адстаяць, не дазваляюць ручнік (яго даўжыня перавышае крыху нарматыўныя 50 сантыметраў). Адрэзвайце лішняе - кажу ім. Ручніком карыстацца дазволілі. Пасля гэтага супраць насоўкі, мыла, зубной пасты і шчоткі пярэчанняў ужо не было. Дарэчы, прадметамі асабістай гігіены павінны забяспечваць на месцы кожнага арыштаванага. Я адзіны, хто мае іх.

У камеры чатыры чалавекі. Спаць можна па чарзе, ці ўсім, але толькі на баку. Вентыляцыі няма, спякотна - сядзім распрануўшыся да поясу. Аднаму можна стаяць, астатнім сядзець ці ляжаць. Замест матраца - куртка. Кіпеню дамагаюся толькі раніцай - далі палову кубка.

Другі дзень прайшоў у змаганні за магчымасць атрымаць ручку і паперу. Усёткі дамогся!. Увечары прынеслі цэлы кубак кіпеню. Перадалі першую газету.

У пятніцу прапанавалі выехаць на працу - з радасцю пагаджаюся, бо гэта магчымасць падыхаць свежым паветрам і актыўна парухацца. Дазволілі патэлефанаваць дадому. Гэта ўжо іншы стан - знікла адчуванне ізаляцыі. Уначы пішу заявы ў гарадскую СЭС і пракуратуру з просьбай правесці праверку санітарна-гігіенічных умоў утрымання зняволеных, патрабую сустрэчы з адвакатам.

У суботу мяне наведваюць прадстаўнікі БХК, узгадняем тэкст скаргі ў абласны суд, дамаўляемся аб наступнай сустрэчы. Пералом адбыўся ў панядзелак, калі пайшла інфармацыя аб галадоўцы ў СМІ, пайшлі па інстанцыях скаргі, скаардынавана пачалі дзейнічаць праваабаронцы і сябры Фронту, іншыя гродзенскія дэмакратычныя арганізацыі.

Адбылася размова з кіраўніцтвам Кастрычніцкага РАУС. З аўторка ў камеры засталося тры чалавекі, а ў чацвер - два. У сераду вывезлі групу арыштаваных памыцца ў душ (упершыню за шмат гадоў існавання спецпрыёмніка). Зніклі праблемы з перадачай вады, газет, праўда, медыкаў да мяне так і не пусцілі. Можна змагацца за чалавечыя правы і за кратамі. І фізічная слабасць, якая пачала адчувацца, не паўплывала на эмацыйны пад'ём і жаданне хутчэй выйсці на волю, каб працаваць далей, змагацца з гэтым антычалавечым рэжымам.

Падрыхтаваў М.КАРНЕВІЧ

Назад