Ленін ў Гродне
22 красавіка ў Гродне прайшлі дзьве акцыі-пэрформансы, прысвечаныя 130-й гадавіне з дня нараджэння У.Леніна.
Першую з гэтых акцыяў ладзіў гродзенскі "Малады Фронт". Хлопцы і дзяўчаты вырашылі пасмяяца з аджытых камуністычных сімвалаў. На плошчы Леніна а 13-й гадзіне, каля помніка "правадыру" была пастаўлена стылізаваная скульптура - "Рабочы і сялянка". Ролю рабочага выконвала дзяўчына, апранутая ў рабочы строй, сялянкай быў хлопец ў спаднічцы з падфарбаваным тварам.У руках "рабочы і сялянка" трымалі піянерскі сцяг з выявай Ільліча і пустую бутэльку з-пад піва, якая сімвалізавала сабой мару пралетарыята. Прастаяўшы прыкладна гадзіну, "рабочы і сялянка" рушылі праз цэнтр гораду ў бок плошчы Савецкай. Каля гандлёвага дому "Нёман" яны былі затрыманыя супрацоўнікамі Ленінскага РАУС. Пасля паўгадзіннае размовы маладыя людзі былі адпушчаныя.
У гэты момант пачаўся пэрфоманс, які ладзілі гродзенскія анархісты. Арганізаваным тлумам, яны вырашылі падтрымаць ідэю дзяржаўнага суботніка. У лепшай традыцыі 20-х гадоў яны прыцягнулі бервяно, якое ўрачыста цягалі па вуліцах горада разам з лозунгамі: "Даёшь - Давай!", "Тифозная вошь - враг пролетариата!". Наперадзе калоны ўпэўнена крочыў Ленін, дарэчы, вельмі падобны да сапраўднага. Гэтая акцыя прайшла без затрыманняў.
Андрэй Мялешка
|