"Дом, які шукае Мілаш, гэта не проста кропка на карце. Гэта перш за ўсё спроба, гарачае імкненне знайсці сябе, свае карані і спляценні гістарычных, нацыянальных, культурных традыцый, якое аўтар усведамляе як аснову фарміравання ўласнай асобы. Вось такі дом сапраўды знайсці нялёгка, адзначае ў рэцэнзіі на кнігу "Пошукі радзімы" літаратар Сямён Букчын."Больш таго, Мілаш разумее, што яго пошук выклікае нападкі нацыянальных артадоксаў з самых розных бакоў, перш за ўсё польскага і літоўскага.
Акрамя іх, спадчыну сапраўды ўнікальнай касмапалітычнай дзяржавы ў цэнтры Еўропы, Вялікага Княства Літоўскага, спрабуюць перацягнуць і беларускія нацыяналы і нават украінскія. Паэт заяўляе, што не прэтэндуе на званне "сапраўднага паляка" і належыць да тых "ерытыкоў", якім цесна ў культурах этнацэнтрычных. Сябе ён адносіць да "асобнікаў", якія выконваюць ролю нейкай "злучальнай тканіны" там, дзе нацыянальныя інтарэсы маюць патрэбу ў згодзе і прымірэнні.
Адчуванне даволі тонкай і аб'ектыўна выкананай працы дае яму факт перакладу "Пошукаў радзімы" на літоўскую мову.
У адным з нарысаў гэтай надзвычай цікавай кнігі даследуецца жыццё і творчасць нашай зямлячкі Марыі Радзевіч з вёскі Пянюга. Звернемся зноў да рэцэнзіі Сямёна Букчына:
"Складанасць, неардынарнасць нацыянальнага самаадчування ён агаляе ў нарысе, прысвечаным творчасці амаль невядомай і ў Расіі, і ў Беларусі пісьменніцы Марыі Радзевіч. Ведаем Ажэшка, Канапніцкую, Налкоўскую... Нацыянальна-патрыятычныя акцэнты ў гэтых жанчын больш чым вызначальныя. А вось у Радзевіч, якая нарадзілася ў знамянальным для польскай гісторыі, 1863 годзе, патрыятычны стэрэатып, як падкрэслівае Мілаш, тым не менш "нярэдка супадае з тым, што яна сама апісвае".
Сяляне ў яе аповесцях гавораць пра шляхту "ляхі" і адрозніваюцца ад яе як рэлігійнай традыцыяй, так і мовай.
У час паўстання 1863 года яны дапамагаюць уладам, па ўласнай ініцыятыве ўстройваюць на паўстанцаў аблавы. Тут не проста вернасць гістарычнай праўдзе. Тут той жа "пошук айчыны" на землях, дзе калісьці панавала праваслаўная рэлігійная традыцыя, а асноўнай мовай была старабеларуская. Радзевіч была патрыёткай Польшчы, але рух Нацыянальнай дэмакратыі, да якога яна доўга належала, лічыў неабходным паварот да Польшчы часоў Пястаў з адначасовым пагадненнем саюза з Расіяй супраць Германіі.
Такі вось зусім не празаходні польскі патрыятызм...
Праз постаці дзеяча літаратуры і культуры на вызначальным геаграфічным арэале, дзе цесна сплёўся польска-літоўска-беларуска-яўрэйскі вузел польскі літаратар Чэслаў Мілаш даследуе гісторыю. Бо жыццё герояў яго нарысаў і эсэ непадзельна знітаванае з культурай нашага народа. У асобным эсэ ён узнаўляе гісторыю рода Мілашаў у самых розных яго адгалінаваннях і прасочвае жыццё далёкага продка Оскара Мілаша, які нарадзіўся паблізу Магілёва.
Доўгая дарога дадому...
Падрыхтаваў Пётр ЖЭБРАК