Амаль 20 год, пачынаючы з 1959, прафесар Гэльбэрг узначальваў кафедру мікрабіялогіі нашага медінстытута (якому нядаўна быў нададзены статус універсітэта). Гэта быў не першы ягоны прыезд на Беларусь. У 20-30-я гады ён працаваў у Мінску ў санітарна-бактэрыялагічным інстытуце. Даследваў і вырабляў у лабараторыі вакцыны супраць воспы, сухотаў, менінгіту ды іншых захворванняў. Меў сталыя кантакты з Францыяй, дзе надрукаваў тры навуковыя працы ў часопісе "Аналы Пастэраўскага інстытута". Дарэчы, першая прышчэпка дзіцяці дзеля прафілактыкі сухотаў была зробленая ў 1929 годзе ў Мінску. Хаця французы, якія першымі даследвалі гэтую праблему, практыкавалі ўжыванне вакцыны праз рот.
Аднак у 1930 годзе органы ГПУ абвесцілі навукоўцаў-мікрабіёлагаў "ворагамі народа". Самуіл Гэльбэрг быў арыштаваны проста на працы і абвінавачаны ў прыналежнасці да контррэвалюцыйнай арганізацыі. Наступныя 8 з паловай месяцаў будучы прафесар праседзеў у "амерыканцы". Зняволеных мінскіх мікрабіёлагаў адправілі ў ссылку. Гэльбэрг напісаў заяву аб уласнай невіноўнасці ў кантрольную камісію пры ГПУ у Маскве. І, на дзіва, дамогся адмены пакарання.
Аднак свабодай ён цешыўся нядоўга. Праз тры гады яго арыштавалі як удзельніка арганізацыі "дактароў-шкоднікаў". Болей за тры месяцы пратрымалі ў турме і зноў адпусцілі. Зрабіць кар'еру на Беларусі не атрымалася. Ён з'ехаў пад Маскву.
Падчас вайны Гэльбэрг апынуўся ў кіславодскай бактэрыялагічнай лабараторыі. Потым узначальваў аддзел асабліва небяспечных інфекцый у фрунзенскім інстытуце. Тут за паўтары гады было выраблена ажно 17 з паловай тысячаў літраў халернай вакцыны для савецкага войска.
З 1955 года пачынаецца спакойны перыяд у працы Самуіла Гэльбэрга. Ён абараняе другую доктарскую працу (рукапісы і матэрыялы першай былі страчаныя ў часы вайны) на тэму, што датычылася праблемаў прафілактыкі сухотаў. Атрымлівае ступень прафесара. У 1960 годзе на кафедры мікрабіялогіі гродзенскага медінстытута ён распачынае вучэбны працэс. Пад ягоным кіраўніцтвам абаронена 27 дысертацый. Прафесар Гэльбэрг абсталяваў таксама і лабараторыі гродзенскіх дыспансераў.
І.А.