Апанасу Цыхуну - 90 гадоў
Заслужанаму настаўніку Рэспублікі Беларусь, педагогу, беларусаведу, паэту, пісьменніку, актыўнаму грамадскаму дзеячу, удзельніку польска-нямецкай і Айчыннай войн Апанасу Пятровічу Цыхуну 5 мая бягучага года споўнілася 90 гадоў.
Нарадзіўся ён у вёсцы Кунцаўшчына, што ў Гродзенскім раёне ў сям'і селяніна, з дзіцячых гадоў пазнаў, што такое праца на зямлі, ведаў цану хлеба. З маленства захапляўся чытаннем літаратуры на розныя тэмы. Але асабліва цікавіла хлапчука гісторыя роднага краю. З юнацкіх гадоў у Апанаса Пятровіча была прага стаць настаўнікам. І ён гэтага дабіўся. З вялікай цяжкасцю змог паступіць і скончыць пры Польшчы чатыры курсы семінарыі, затым пры савецкай уладзе педагагічны інстытут. Больш за паўстагоддзя Апанас Пятровіч працаваў настаўнікам, дырэктарам Лашанскай, Батароўскай, Капцёўскай, Калбасінкай васьмігодак, больш за 20 гадоў на пасадзе інспектара Гродзенскага РАНА (раённага аддзела народнай адукацыі). З-пад яго пяра выйшлі ў свет многія каштоўныя творы, такія як "Акадэмік з вёскі Лаша", "Скарбы народнай мовы", "Паэт Макар Краўцоў", "Легенды і балады Гродзеншчыны" і іншыя. У кніжцы "Акадэмік з вёскі Лаша" упершыню быў падрабязна апісаны жыццёвы і творчы шлях вучонага-педагога, першага беларускага акадэміка - Яўхіма Фёдаравіча Карскага, ураджэнца Гродзенскага раёна.
Апанас Пятровіч за сваё працяглае жыццё многа зрабіў даследванняў па гісторыі, культуры, народных звычках і традыцыях, якія захаваліся сярод людзей да гэтага часу. На могілках горада Гродна Апанас Пятровіч адшукаў месца пахавання маці беларускага паэта Максіма Багдановіча, пасля чаго магілка была прыведзена ў належны стан.
У выданні 1995 года "Легенды і балады Гродзеншчыны" Апанас Пятровіч змясціў больш за 70 легендаў і баладаў на розныя тэмы, усхваляючы родны край і яго людзей. Вось радкі, прысвечаныя Максіму Багдановічу:
У задуме лес. Маўчаць бары.
Прыціхлі ў сёлах хаты -
Пяюць пра зорку песняры,
"Ад родных ніў …" - дзяўчаты.
Цябе няма - пакінуў нас.
А песні ў след лунаюць.
І васількі ў жытнёвы час
Твае нам расцвітаюць…
- Ні адну кнігу ў апошні час я не чытаў з такім задавальненнем, так доўга, - пісаў у сваім водгуку беларускі паэт Ніл Гілевіч, - і так смакуючы, як слоўнік Апанаса Пятровіча Цыхуна "Скарбы народнай мовы". І буду радавацца, што гэты слоўнік ёсць, што ён выйшаў у свет, і што сабранне пад яго вокладкамі ўжо не загубіцца і не прападзе. Пішу дзеля таго свой водгук, каб звярнуцца да шаноўных і дарагіх беларускіх настаўнікаў з вялікай просьбай: пастаўце перад сабой мэту зрабіць нешта падобнае ў сваім раёне, там, дзе вы жывеце і працуеце: пачніце збіраць народную лексіку сваёй мясцовасці і складзіце свой рэгіянальны слоўнік. Так, як сабраў лексічныя скарбы гаворак Гродзенскага раёна настаўнік Апанас Пятровіч Цыхун. Калі ў кожным раёне Беларусі знойдзецца нават адзін такі патрыёт роднага слова - у выніку, раней ці пазней, наш народ, наша навука, наша пісьменства атрымае 120 слоўнікаў жывой народнай мовы! Гэта будзе велізарны выйгрыш для ўсёй беларускай культуры, якія плёны ён дасць для ўсёй нашай духоўнасці, а ў рэшце рэшт і для будучыні нацыі…
- Я меў шчасце, - пісаў у свой час заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, кампазітар Аляксандр Шыдлоўскі, - пазнаёміцца з Апанасам Пятровічам Цыхуном, калі працаваў дырэктарам Дома народнай творчасці ў Гродне. Ён рос, мужаў і вучыўся ў людзей, і стаў сапраўды энцыклапедыяй раёна. У яго пра што не запытай - пра ўсё адкажа. Апанас Пятровіч сабраў і выдаў зборнік "Песні з народных глыбінь", у якім змешчаны тэксты беларускіх народных песень. Вельмі шкада і крыўдна, што да гэтых самабытных і цікавых тэкстаў, не напісана музыка. А пэўна ж тыя старэнькія бабулі і дзядулі, калі памяталі словы песні, дык памяталі і мелодыі, але не было ўмоў для запісаў, а цяпер гэта зрабіць вельмі цяжка, ды і гэтых людзей ўжо няма ў жывых, ад якіх былі запісаны словы песень.
Нягледзячы на тое, што краяведу, фалькларысту і песняру беларускага слова 5 мая споўнілася 90 гадоў, ён дагэтуль мацуецца, захаваў творчую і фізічную працаздольнасць. Цяпер знаходзіцца ў выданні яго кніжка пад назвай "З народных глыбінь". Гэта кніга і слоўнік "Скарбы народнай мовы" з'явяцца падручнікамі для ўсіх форм навучання ў вышэйшых і сярэдніх навучальных установах. Так ацанілі навукоўцы творы Апанаса Пятровіча Цыхуна.
- Што ж спрыяла вам дажыць да такога ўзросту? - задаю пытанне Апанасу Пятровічу.
- Жыў як усе, - адказаў ён, - дыеты ў харчаванні не прытрымліваўся. Можа даўгалеццю спрыяла мая праца на пасадзе інспектара РАНА больш за 20 гадоў. Пракрочыўшы раён уздоўж і папярок пешшу, паколькі тады пасажырскага транспарту не было, адчуваў сябе нармальна. Вось і ўвесь сакрэт майго даўгалецця. А можа і тое, што многа займаюся творчай дзейнасцю, заўжды знаходжуся сярод людзей, жыву імі і служу ім.
Ілья БАРЫСАЎ
|