Забастоўкі працягваюцца
17, 18 і 19 мая баставалі рабочыя гродзенскага тонкасуконнага аб'яднання. Прычына - несвоечасовая выплата заробку.
Сярэдняя зарплата на тонкасуконным аб'яднанні складае зараз трохі больш чым 30 тысяч рублёў, а рабочыя прадзільнай фабрыкі, якія рашыліся баставаць, атрымліваюць у сярэднім 20-25 тысяч. 17 мая стыхійна праца была прыпынена на дзьве гадзіны. На наступны дзень працоўныя не прыступалі да працы на працягу трох гадзін. У цэх прыйшоў генеральны дырэктар аб'яднання У.Крупін, які патлумачыў рабочым, што затрымка з зарплатай звязана з тым, што гродзенскі гарвыканкам не праплаціў свае даўгі ў памеры 31 мільёна рублёў за ацяпленне. Аднак генеральны дырэктар паабяцаў выплаціць 13 зарплату за мінулы год ў аўторак, а зарплату за красавік да 27 мая. Прычым, ён заявіў, што з першага мая заработная плата павышаецца на 15%. Праўда, гэта не вельмі суцешыла рабочых, паколькі 19 мая першая змена працавала толькі дзьве гадзіны, а другая прыпыніла працу на адну гадзіну. Недавер рабочых да кіраўніцтва прадпрыемства звязаны яшчэ і з тым, што ў асноўным яны прадукуюць зімовы асартымент, які накапляецца на складах і не мае збыту.
Тым не менш, у аўторак сапраўды 13 зарплата за 1999 год на прадпрыемстве была выплачана. Дарэчы, ва ўсіх яна розная: тым, хто працуе больш 15 гадоў, налічылі да 30 тысяч, а з меншым стажам працы рабочыя атрымалі і па адной тысячы рублёў.
М.МІКАЛАЙЧЫК
|