Нарадзілася «Рэгіянальная Беларусь»
Напрыканцы мінулага тыдня ў Гродне створана каардынацыйная Рада "Рэгіянальная Беларусь". Рада ўтворана з мэтай кансалідацыі і каардынацыі дзеянняў і з'яўляецца формай супрацоўніцтва рэгіянальных аб'яднанняў дэмакратычных палітычных, грамадскіх і прафсаюзных арганізацый Беларусі. У яе склад ужо зараз увайшлі паўнамоцныя прадстаўнікі рэгіянальных аб'яднанняў з Магілёва, Гомеля, Віцебска, Маладэчна, Барысава, Ліды, Салігорску, Слуцка, Гродна і Брэста. Кіраўніком "Рэгіянальнай Беларусі" абраны Сямён Домаш, дэпутат ВС13 склікання, старшыня "Гродзенскай ініцыятывы".
Падчас прэс-канферэнцыі, якая адбылася ў пятніцу, сябры каардынацыйнай рады з розных рэгіёнаў краіны дружна заяўлялі, што даўно наспеў час стварэння падобнай формы супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі краіны, паколькі асноўныя палітычныя падзеі адбываюцца толькі ў сталіцы. Было заяўлена таксама, што папярэдне стваральнікі "Рэгіянальнай Беларусі" праводзілі кансультацыі з кіраўнікамі асноўных апазіцыйных палітычных партый краіны, якія нармальна ўспрынялі даную ініцыятыву. Падкрэслівалася таксама, што каардынацыйная Рада ствараецца не супраць некага, а дзеля таго, каб супольна ствараць і каардынаваць дзейнасць рэгіянальных арганізацый. Дарэчы, ужо з гэтай мэтай каардынацыйная Рада плануе выпуск бюлетэня.
Каардынацыйнаму савету кангрэса дэмакратычных сілаў Беларусі прапанавана ўключыць у свой склад кіраўніка Каардынацыйнага савета "Рэгіянальная Беларусь" як паўнамоцнага прадстаўніка беларускіх рэгіёнаў з правам рашаючага голасу.
М.КАРНЕВІЧ
|