Падарунак з Сен-Назэра
Больш за сто мільёнаў чалавек у свеце размаўляе па-французску. Мова гэтая, хаця па папулярнасці і не можа супернічаць з ангельскай, аднак мае многа прыхільнікаў.У Гродне адразу тры школы і адзін ліцэй, у якіх паглыблена вывучаюць французскую мову. Таму і новая моўная лабараторыя, падарунак інстытута індустрыяльнай творчасці з горада Сен-Назэр, зусім невыпадкова трапіла ў наш горад, а дакладней у абласны ліцэй №1.
Моўная лабараторыя - гэта дзевяць кампутараў, якія забяспечаны спецыяльнай праграмай для вывучэння французскай мовы. Больш за чатырыста ўрокаў даюць магчымасць асвоіць алфавіт, граматыку, папрацаваць над вымаўленнем, нават паспрабаваць свае сілы ў агучванні невялікіх фільмаў.
З нагоды перадачы такога падарунку ў ліцэі прайшла невялікая ўрачыстасць, на якой прысутнічалі аташэ амбасады Францыі ў нашай краіне Філіп Жанцье, адміністратар інстытута індустрыяльнай творчасці горада Сен-Назэр Джэймс Малё - душа і ініцыятар праекта, а таксама студэнты гэтага інстытута: Бенджамін і Стэфан, якія зрабілі ідэю рэальнасцю. Моўная лабараторыя стала іх дыпломнай працай. Пакуль такая лабараторыя - адзіная ў навучальных установах Беларусі. І пазайздросціць гродзенцам могуць нават сталічныя ВНУ.
|