90 гадоў таму памерла Эліза Ажэшка
Апошняе каханне
У пісьме да сваёй сяброўкі Эліза Ажэшка паведамляла: "Мы, слава Богу, маем шмат агульных інтарэсаў - любоў да інтылектуальнай працы, каханне і імкненне да разумнага сямейнага жыцця". Далей яна пісала, што "мілая сэрцу асоба" - вельмі адукаваны і выключна эрудыраваны чалавек з рознабаковымі інтарэсамі.
Хто ж гэты чалавек, пра якога так цёпла пісала наша выдатная пісьменніца? А ён быў нашым земляком - урач Сігізмунд Карлавіч Свянціцкі, які шмат зрабіў для развіцця медыцыны ў Беларусі. Архіўныя дакументы даюць магчымасць раскрыць некаторыя старонкі яго жыцця. Нарадзіўся С.К. Свянціцкі ў 1836 годзе ў маёнтку Крысцінава Кобрынскага павета Гродзенскай губерніі ў сям'і небагатага памешчыка. Сярэднюю адукацыю атрымаў ў Пінскім павятовым дваранскім вучылішчы і Мінскай гімназіі, якую скончыў з сярэбраным медалём. Затым Свянціцкі паступіў на медыцынскі факультэт Маскоўскага універсітэта. У тыя гады перадавая моладзь нярэдка выбірала прафесію ўрача, каб зблізіцца з народам, які цярпеў галечу і пакуты. Ва ўніверсітэце існавалі тайныя палітычныя гурткі, тут вучыліся будучыя рэвалюцыанеры-шасцідзесятнікі. Безумоўна, такое асяроддзе аказала ўплыў на фарміраванне поглядаў Свянціцкага. Ён цікавіўся сацыяльнымі праблемамі і прымаў удзел у студэнцкім руху. Царская ахранка не пакінула па-за ўвагай грамадска-палітычную дзейнасць студэнта і прымусіла яго пакінуць універсітэт.
Працягваць вучобу Свянціцкі змог толькі праз некалькі гадоў у Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі, якая рыхтавала ўрачоў для ваеннага ведамства.
У 1861 годзе Свянціцкі з залатым медалём скончыў акадэмію і атрымаў званне лекара. Адразу ж ён заняўся навуковай дзейнасцю і праз тры гады абараніў доктарскую дысертацыю. Здавалася, што будучыня здольнага маладога вучонага забяспечана і перад ім адкрыецца шлях да прафесуры. Аднак становішча ў краіне пасля паўстання 1863 года змянілася, і ён не мог ужо разлічваць на навуковую кар'еру. Давялося пакінуць акадэмію і пайсці на ваенную службу.
У 1870 годзе С.К. Свянціцкі быў прызначаны старшым урачом Мінскага ваеннага шпіталя, і з таго часу ўсё яго жыццё, грамадзкая і навуковая дзейнасць звязаны з Беларуссю. У Мінск ён прыехаў вопытным ўрачом, поўным творчых сіл і задумак, смела ўкараняў у практыку такія навейшыя прынцыпы і метады як абязбольванне, антысептыка, затым асептыка, цікавіўся пытаннямі пералівання крыві, сканструяваў арыгінальны прыбор для лячэння пералому касцей і падкожных сасудаў, адзін з першых прымяніў хірургічныя метады лячэння ва ўмовах сельскай бальніцы і быў пачынальнікам унутрыполасцевай хірургіі ў Мінску. Свянціцкі займаўся таксама пытаннямі эпідэмііялогіі, тэрапіі, дэрматалогіі, курарталогіі, арганізацыі аховы здароўя. У час эпідэміі халеры ў 1872 годзе ён прапанаваў новыя формы барацьбы з ёю, падмеціў неўспрымальнасць некаторых людзей да захворвання (з'яву імунітэту). Да барацьбы з эпідэміяй Сігізмунд Карлавіч далучыў шырокую грамадскасць. У 1884 годзе ён прапанаваў стварыць у Мінску санітарную камісію, а ўвесь горад падзяліць на асобныя ўчасткі, што дазволіла палепшыць санітарны кантроль і абмежаваць распаўсюджванне эпідэмій.
С. Свянціцкі вырашыў і актуальную праблему таго часу - арганізацыю пазабальнічнай урачэбнай дапамогі насельніцтву. Амбулаторнае лячэнне існавала толькі ў Пецярбургу і ў Маскве, дзе працавалі "думскія" ўрачы. У астатніх гарадах жыхароў абслугоўвалі прыватныя ўрачы, што было недаступна для бедных. Па ініцыятыве Сігізмунда Карлавіча і пры яго актыўным удзеле ў 1879 годзе ў Мінску на Петрапаўлаўскай вуліцы (цяпер вул. Энгельса) на сродкі ўрачоў была адкрыта першая ў горадзе амбулаторыя, або, як яна тады называлася, лячэбніца для прыходзячых хворых. Дырэктарам і адным з кансультантаў яе быў С.К. Свянціцкі.
Лячэбніца аказвала хворым бясплатную кваліфікаваную дапамогу. У першыя 9 месяцаў у ёй лячыліся 1542 хворых. Лячэбную дзейнасць Свянціцкі спалучаў з актыўнай грамадзкай працай. Усе, хто ведаў Сігізмунда Карлавіча, адзначалі яго высокую культуру, эрудыцыю і рознабаковасць інтэрэсаў. Ён добра ведаў літаратуру, гісторыю, захапляўся мастацтвам, музыкай, добра спяваў, валодаў рознымі мовамі. Эліза Ажэшка з захапленнем гаварыла пра лінгвістычныя здольнасці Сігізмунда Карлавіча і з яго дапамогай вывучыла лацінскую мову. Эрудыцыя і абаяльнасць Свянціцкага аказалі ўплыў на творчасць пісьменніцы. Адзін з яе раманаў называецца "Апошняе каханне". У вобраз гераіні Эліза ўнесла шмат асабістага, інтымнага, таму і падзеі ў рамане вельмі падобныя да жыцця аўтара.
С.К. Свянціцкі пазнаёміўся з Элізай Ажэшкай у 1860 годзе на радзіме ў час студэнцкіх канікулаў. Дзевятнаццацігадовая будучая пісьменніца жыла тады ў Людвінаве - маёнтку свайго мужа. Неўзабаве пасля знаёмства С.К. Свянціцкі паехаў у доўгую навуковую камандзіроўку ў Берлін, Вену, а ў жыцці Ажэшкі адбыліся вялікія змены. Яна актыўна ўдзельнічала ў нацыянальна-вызваленчым паўстанні 1863 года, арганізавала "жаночы легіён", які нарыхтоўваў правіянт, вопратку і перавязачныя сродкі для паўстанцаў. Пасля падаўлення паўстання яе муж быў арыштаваны і сасланы ў Сібір, маёнтак канфіскаваны, а сама Э. Ажэшка "уцалела якімсці цудам" і пераехала ў апусцелы бацькоўскі маёнтак Мілкаўшчына на Гродзеншчыне, дзе жыла адзінока, у матэрыяльных клопатах і літаратурнай працы. У гэты час яна знайшла сяброўскую падтрымку з боку Свянціцкага. Маладыя людзі пакахалі адзін аднаго, але перашкодай для іх шлюбу было замужжа Э. Ажэшкі. Яна пачала шлюбаразводны працэс, які зацягнуўся на два гады.
Так здарылася, што пры жыцці гэтым двум выдатным асобам не суджана было жыць разам. У 1872 годзе С.К. Свянціцкі ажаніўся з пляменніцай Адама Міцкевіча - Марыяй, а Эліза Ажэшка ў 1874 годзе выйшла замуж за Гродзенскага адваката С. Нагорскага. А памерлі яны амаль што адначасова. 22 мая 1910 года "Курьер литовский" змясціў на сваіх старонках два некралогі. Адзін з іх паведамляў аб смерці Элізы Ажэшкі 18 мая 1910 года, а другі - аб канчыне С.К. Свянціцкага 21 мая таго ж года.
Ю. ШАСТАК
|