Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Кампанія

Выбары: асноўны накірунак, або Трыадзіная задача беларускай апазіцыі

Беларусь на працягу года (з восені 2000 па восень 2001) павінна перажыць як мінімум дзве выбарчыя кампаніі - у ніжнюю палату - орган, які па Канстытуцыі 1996г. называецца "Нацыянальным сходам", і прэзідэнцкую. Пра магчымыя трэція "інтэграцыйныя" выбары ў "саюзны парламент" - ні ўспамінаць, ні пісаць не хочацца, бо ўдзел у гэтай акцыі не можа быць расцэнены іначай, як дзяржаўная здрада, скіраваная на знішчэнне суверэнітэту нашай Радзімы. Таму далей размова будзе толькі пра унутрыдзяржаўныя выбары. Да першых з іх - "палатачных" - засталося, як гаворыцца, усяго нічога- некалькі месяцаў. На тэму ўдзелу ці няўдзелу апазіцыі ў гэтай выбарчай кампаніі дыскусіі вядуцца ўжо з мінулага году. Чым толькі прыхільнікі ўдзелу ў выбарах не тлумачаць сваю пазіцыю! Адны кажуць - даб'емся парламенцкай трыбуны, будзем мець доступ да СМІ. Другія прапануюць вылучыць кандыдатаў, правесці тлумачальную працу з насельніцтвам, а пасля арганізавана зняць кандыдатуры прадстаўнікоў апазіцыі. Трэція апраўдваюць сваё жаданне пагуляць у выбары "неабходнасцю падтрымання рэйтынгу партыі". Але ўсе гэтыя аргументы - "от лукавого".Не атрымаюць доступ на БТ і радыё апазіцыйныя дэпутаты, няма ў апазіцыі такіх магутных інфармацыйных сродкаў, каб своечасова і аператыўна давесці да кожнага выбаршчыка рашэнне аб спыненні выбарчай кампаніі, не падымецца рэйтынг партыі ад удзелу ў "выбарах" з загадзя вызначаным вынікам.

Усё тут значна прасцей. У "палатачнікі" імкнуцца людзі, якія разумеюць, што ўлады прапусцяць у дэпутаты нейкую частку кандыдатаў з апазіцыйнага лагеру (5-10% ад агульнага складу "палаты") для стварэння ілюзіі дэмакратыі. Спадзяванні асабіста трапіць у лік гэтых "абраннікаў" і бяруць верх над сумленнем і гонарам, штурхаюць да ўдзелу ў выбарчым фарсе.Што ім легітымізацыя рэжыму з наступнай здачай беларускай дзяржаўнасці ў параўнанні з магчымасцю пакрасавацца ў зале паседжанняў "палаты" і атрымаць, дзякуючы свайму дэпутатцтву, пэўныя матэрыяльныя выгоды.

Застаецца спадзявацца толькі на тое, што ўзгодненая цвёрдая пазіцыя асноўных апазіцыйных партый стрымае асобных іх прадстаўнікоў ад згубнага кроку. Боязь зрабіцца ізгоем, якому былыя таварышы не пададуць рукі, таксама чагосці вартая.

Але валтузня вакол выбараў у дэкаратыўны, кішэнны "парламент" мае яшчэ адзін аспект. На другім плане застаюцца выбары, на якіх будзе, без перабольшвання, вырашацца лёс беларускай дзяржавы і беларусаў як нацыі. Я маю на ўвазе прэзідэнцкія выбары, якія павінны адбыцца не пазней верасня 2001г. Спытаем сябе шчыра: ці падрыхтаваная да іх апазіцыя? Не. Ці намечаны хаця б стратэгічныя накірункі працы гэтай кампаніі? Не. Можа, лідэры апазіцыі лічаць, што наперадзе шмат часу і распачынаць канкрэтныя дзеянні рана? У сувязі з гэтым мне ўзгадваецца размова з амерыканскім палітыкам Грэгам Байермэнам, які ў 80-я гады ўзначальваў арганізацыю Рэспубліканскай партыі штата Луізіана і правёў дзесяткі выбарчых кампаній. З чатырох складнікаў поспеху на выбарах - час, ідэі, людзі, грошы - менавіта час ён нязменна ставіў на першае месца. Бо ідэі можна выпрацаваць, людзей - знайсці, грошы - сабраць, а страчаны час не вернеш. Што ж павінна зрабіць апазіцыя для перамогі на выбарах прэзідэнта? А павінна яна вырашыць тры неадрыўныя адна ад адной задачы.

1) знізіць рэйтынг Лукашэнкі да ўзроўню 15-20%

2) вылучыць адзіную кандыдатуру ад апазіцыі - альтэрнатыву Лукашэнку;

3) наладзіць жорсткі татальны кантроль за выбарамі.

Задача першая. У 1994 годзе на выбарах перамог не Лукашэнка. Перамог тады анты-Кебіч. Успомніце, як не любілі тагачаснага прэм'ера нават бабулькі-пенсіянеркі. Быў бы рэйтынг Кебіча на дзесятак працэнтаў вышэй - і, магчыма, першым прэзідэнтам Беларусі зрабілі б яго. Але папулярнасць Вячаслава Францавіча была "на узроўні гарадской каналізацыі", і наменклатура не адважылася на фальсіфікацыю такога грандыёзнага маштабу.

Трэба паўтарыць гэты сцэнарый у наступным годзе, толькі на гэты раз Лукашэнка павінен заняць тое месца ў раскладзе палітычных сімпатый электарату, якое належала ў 1994-ым Кебічу. Тым больш, што Аляксандр Рыгоравіч па-праву яго заслугоўвае. Задача апазіцыі ў тым, каб пастаянна нагадваць выбаршчыкам, каму яны павінны "дзякаваць" за цяперашні ўзровень жыцця ў нашай краіне. Прычым, варта радзей ужываць бязлікія словы "улады Беларусі". Усе ведаюць, што ўлада на Беларусі належыць аднаму чалавеку, і гэтаму чалавеку трэба "воздать по заслугам". Неабходна, каб да моманту выбараў рэальны рэйтынг Лукашэнкі не перавышаў 20%. У адваротным выпадку небяспека фальсіфікацыі выбараў значна павышаецца.

Каму ж аддадуць галасы тыя, хто ўжо не верыць "першаму ўсенароднаабранаму", але не маюць цвёрдых палітычных прыхільнасцяў? Хто выступіць у ролі" анты-Лукашэнкі"? Для адказу на гэтае пытанне трэба вырашыць другую задачу.

Адзіны кандыдат ад апазіцыі ( вызначаны не менш чым за паўгода да выбараў) - абсалютна неабходная ўмова для перамогі. На жаль, выкананне гэтай умовы можа быць найбольш праблематычным. Не ўпэўнены, што некаторыя беларускія апазіцыянеры здолеюць пераадолець амбіцыі і адмовіцца ад прэтэнзій на прэзідэнцтва. Найбольш вядомы шырокім масам насельніцтва палітык -М.Чыгір - пасля вынясення прыгавору судом пазбаўлены магчымасці ўдзельнічаць ў прэзідэнцкай гонцы, а яўнага лідэра сярод астатніх няма. У такіх умовах выглядае разумнай прапанова А.Лябедзькі аб наладжванні ў рэгіёнах сустрэч выбаршчыкаў адначасова з некалькімі патэнцыяльнымі кандыдатамі ў прэзідэнты і правядзенні па іх заканчэнні рэйтынгавага галасавання. Падсумаваныя вынікі гэтых галасаванняў з'явяцца падставай для вызначэння лідэра.

Другім варыянтам можа быць правядзенне "праймерыз" - папярэдніх выбараў на вуліцах населеных пунктаў, як гэта было зроблена нядаўна ў Пецярбургу перад выбарамі губернатара.

Але нават паспяховае вырашэнне першай і другой задач можа не прывесці да жаданага выніку, калі пакінуць без увагі трэцюю задачу - кантроль за правядзеннем выбараў і падлікам галасоў. Фальсіфікацыя вынікаў галасавання магчымая на любым з этапаў - ад выбарчых участкаў да самай вяршыні піраміды. Таму і кантроль мусіць быць татальным. Трэба, каб у дзень галасавання на кожным выбарчым участку было па 3-4 назіральніка ў гарадах і хаця б па два ў сельскай мясцовасці. Неабходна правесці паралельнае падсумаванне галасоў на падставе дадзеных, атрыманых ад назіральнікаў з участкаў. Наладжванне такой сістэмы кантролю патрабуе шмат высілкаў, часу і грошай, але іншага выйсця няма.

Правільна выбраць асноўны накірунак працы - гэта палова поспеху.

Давайце ж не будзем разменьвацца на дробязі, а сканцэнтруем сілы і сродкі для дасягнення самай важнай перамогі - на прэзідэнцкіх выбарах у 2001 годзе.

Аляксандр Лобан, член партыі БНФ

Назад