Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Дэпутаты вырашылі польскай школы не будаваць

Будаўніцтва школы з польскай мовай навучання ў Навагрудку пакуль што адкладваецца.

Гэта стала вядома пасля адмоўнага рашэння, прынятага 9 чэрвеня дэпутатамі раённага Савета. Сваё рашэнне дэпутаты абгрунтоўвалі тым, што на тэрыторыі Навагрудскага раёна, згодна з апошнім перапісам насельніцтва, пражывае трохі больш чым дзьве тысячы палякаў, з іх толькі каля 250 чалавек лічаць роднай мовай польскую. Акрамя гэтага дэпутаты выказвалі думку, што дзеці, якія будуць навучацца ў такой школе не маюць будучыні, паколькі вышэйшыя навучальныя ўстановы ў Беларусі руска альбо беларускамоўныя. І, нарэшце, дэпутаты заўважылі, што школы, якія існуюць у раёне - бедныя, іх няма за што ўтрымоўваць, а калі дабавіцца яшчэ адна, значыць на яе спатрэбяцца дадатковыя сродкі. На паседжанні прысутнічаў старшыня Саюза палякаў Беларусі Тадэвуш Гавін. Ён імкнуўся пераканаць дэпутатаў, што беларуская дзяржава не патраціць ні капейкі грошай на будаўніцтва школы, што з'явяцца новыя працоўныя месцы, што ў Навагрудак пойдуць польскія інвестыцыі, і што, урэшце рэшт, Канстытуцыя Беларусі гарантуе правы для нацыянальных меншасцяў.

Нагадаем, што гэта праблема абмяркоўваецца даволі гарача на працягу чатырох гадоў і падчас даходзіла нават да канфліктных сітуацый. Паколькі праблема здаецца для рэдакцыі даволі складанай і ў той самы час актуальнай, "БІ" у наступным нумары плануе апублікаваць адразу два інтэрв'ю - са старшынём СПБ Т.Гавіным і старшынём Навагрудскага райвыканкама А.Лісам. Папярэднюю згоду мы атрымалі ад абодвух.

М.КАРНЕВІЧ

Назад