спорт
На выхадныя Ваўкавыск ператворыцца ў сусветную сталіцу мотаспорту
Фанаты мотаспорту ў прыўзнятым настроі. У нядзелю - 25 чэрвеня ў Ваўкавыску памераюцца сіламі мацнейшыя мотагоншчыкі свету. Два гады таму на ваўкавыскай трасе - лепшай у Беларусі -ужо праходзіў адзін з этапаў спаборніцтваў высокага рангу - чэмпіянат Еўропы. Дэбют быў удалым і Ваўкавыск у вострай канкурэнцыі (гэтае права аспрэчвалі і ўкраінцы) абралі месцам правядзення пятага этапа чэмпіянату свету па гонках на матацыклах з каляскамі.
Гэта будзе незвычайнае відовішча, калі ўлічыць "сціплы"аб'ём рухавікоў матацыклаў - усяго нейкая тысяча кубічных сантыметраў. Уявіце сабе сапраўдную лавіну машын на трасе гонкі. І кожнаму карціць прыйсці першым...
У суботу адбудуцца папярэднія заезды, а ў нядзелю з трынаццаці гадзін будуць стартаваць сорак мацнейшых экіпажаў. Яны прадстаўляюць чатырнаццаць краін, сярод якіх Вялікабрытанія, Бельгія, Галандыя, Люксембург, Швецыя, Чэхія, краіны Балтыі. Цікава, што заакіянскія гоншчыкі не бяруць удзелу ў чэмпіянаце. Пад пытаннем і старт у Ваўкавыску беларускага экіпажу. Вельмі сур'ёзная падабралася кампанія і пакуль у нашых спартсменаў у гэтым класе матацыклаў няма ніякіх шанцаў на поспех.
Пры падрыхтоўцы да спаборніцтваў у гаспадароў чэмпіянату праблемаў было нямала, асабліва фінансавая. Зарабляць грошы на такіх імпрэзах, каб яны цалкам сябе акупалі,мы яшчэ не навучыліся.Хаця арганізатары абвясцілі аб продажы білетаў заранёў, кожны з якіх будзе каштаваць усяго дзвесце рублеў. Плануецца розыгрыш латэрэі, значны прыбытак павінен прынесці гандаль.
Вялікая цікавасць да гэтага чэмпіянату і з боку мас-медыя. Павінна прыехаць здымачная група галандскага тэлебачання, якая падрыхтуе рэпартаж для еўрапейскіх аматараў мотаспорту.
М.ПАЎЛОЎСКІ
|