Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Спорт

Трыумф рыжан на ваўкавыскай трасе

Пяты этап чэмпіянату свету па гонках на матацыклах з каляскамі, які ўпершыню праходзіў у Ваўкавыску, завяршыўся трыумфам экіпажа з Латвіі. Сергіс Крыстэрс і Расманіс Арціс перамаглі адразу у двух заездах. Гэта папоўніла капітал латышоў па суме пяці этапаў на сорак ачкоў і ўмацавала іх лідэрства. Мінулагоднім чэмпіёнам свету, - галандцам Даніэлю Вільямсэну і Свену Вербрюгге, - застаецца спадзявацца на поспех ў наступных турах чэмпіянату, якія пройдуць у Германіі, Англіі, Францыі і Галандыі.

Каля пяцідзесяці тысяч гледачоў назірала за ходам барацьбы на ваўкавыскай трасе. Аматары мотаспорту з'ехаліся сюды з ўсёй Беларусі.

На жаль, нашым заўзятарам не было каго падтрымліваць. Сусветны чэмпіянат у Ваўкавыску прайшоў без удзелу беларускіх гоншчыкаў. Экіпаж Генадзя Кулагі і Рамана Ёлкіна, які папярэдне быў унесены у спіс, так і не выйшаў на старт. Відаць, нашыя спартсмены рэальна ацанілі свае сілы. Тым больш, што на чэмпіянаце праводзіўся кваліфікацыйны заезд, пасля якога "адсеяліся" і больш вопытныя гоншчыкі з Украіны і Чэхіі. Сучасны мотаспорт патрабуе вялікіх грошай. Тэхніка, ліцэнзіі на ўдзел у міжнародных стартах і г.д. Усяго гэтага якраз і бракуе нашым спартсменам. А значыць, няма чаго спадзявацца на месца ў сусветнай эліце.

Адзінае, што адпавядае сёння міжнароднаму ўзроўню, - ваўкавыская траса. Гаспадары спаборніцтваў і рэспубліканская федэрацыя мотаспорту зрабілі ўсё магчымае, каб пры жабрацкім бюджэце чэмпіянату (а гэта ў асноўным сродкі прадпрыемстваў раёна і спонсараў) усёж-такі правесці спаборніцтвы. І госці гэта ацанілі, сказаў у гутарцы з вашым карэспандэнтам прэзідэнт міжнароднага журы Арнашт Зэмен (Чэхія). Адзінае, што, па яго словах, не вытрымлівае крытыкі - гэта прымітыўныя бытавыя ўмовы для гоншчыкаў. Пяцізоркавых гатэляў ў Ваўкавыску, канечне, няма і быць не можа. Але чаму не абсталяваць звычайны душ для спарцменаў? Тым больш, што ў будаўніцтва трасы ўжо ўкладзены грошы і тут можна праводзіць міжнародныя спаборніцтвы. Хаця кіраўнік Беларускай федэрацыі мотаспорту Леў Варановіч заявіў ужо аб намеры чарговы суствены чэмпіянат правесці не ў Ваўкавыску, а ў Гродне…

М.ПАЎЛОЎСКІ

Назад