Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Фэст у сталiцы ВКЛ

Амаль 500 прадстаўнікоў прыкладна 40 ваенна-гістарычных клубаў з Беларусі, Латвіі, Польшчы, Расіі, Эстоніі прынялі ўдзел 24-25 чэрвеня ў фестывалі сярэднявечнай культуры "Навагрудак - 2000", які адбыўся ў першай сталіцы Вялікага княства Літоўскага. Кульмінацыяй свята стала інсцэніроўка падзей 1314 года, калі вялікае войска крыжакоў на чале з магістрам Тэўтонскага ордэна Генрыхам фон Плоцке акружылі Навагрудскі замак і пачалі яго штурмаваць з дапамогай камнямётаў. Інсцэніроўка адбывалася ў другі дзень фестывалю на Замкавай гары, дзе ў сярэднявеччы знаходзілася самая магутная і непрыступная сямівежавая крэпасць.

Пасля рыцарскага параду над полем бітвы наступіла цішыня. Воіны маліліся і прасілі Усявышняга даць ім сілаў на прадстаячую бітву. Пад гукі старажытных батальных маршаў, спевы баявых трубаў і ражкоў, гартанныя клічы ваяводаў і трывожныя ўдары мячоў аб шчыты войска крыжакоў на чале з фон Плоцке рушыла з рва, які акружаў валы замка, на штурм яго сценаў, цягнучы з сабой дзьве камнямётныя ўстаноўкі. Двойчы абаронцы крэпасці пад кіраўніцтвам камандзіра навагрудскага гарнізона адкідвалі ворага ад сценаў крэпасці. А калі крыжакі пачалі рыхтавацца да трэцяга штурму, атрады ВКЛ выйшлі з крэпасці і, не даўшы ворагу апамятацца, разграмілі войска ордэна.

Такой была наша гісторыя. Толькі цяпер за падзеямі 700 гадовай даўніны назіралі тысячы навагрудцаў і гасцей практычна з усяе Беларусі. Гэта ўражвала і трывожыла.

На працягу ўсяго адыходзячага стагоддзя беларусаў імкнуліся пазбавіць іх гісторыі самыя розныя ўлады. Ім практычна ўдалося адабраць у людзей гістарычную памяць. З першага класа ў школах нашы дзеці вывучалі і працягваюць вывучаць гісторыю чужой дзяржавы замест сваёй. Яшчэ дзесяць гадоў таму ніхто не ведаў і не чуў, што такое бела-чырвона-белы сцяг і Пагоня, а нашы продкі менавіта пад гэтымі сімваламі баранілі свае землі ад акупантаў з Захаду і Усходу.

Здзівіла адна рэч: седзячы на замкавай гары сярод тысячы людзей у чаканні рыцарскіх турніраў давялося пачуць размову сталых пенсіянерак з навагрудскіх вёсак. Адна з іх, нехта Сямёнаўна, распавядала каляжанцы, што кінула недаполаныя буракі і прыйшла паглядзець на рыцараў. Яна нават распавядала прыезджым людзям цікавую легенду аб тым, як аднойчы жонка навагрудскага князя апранула кальчугу мужа і вывела войска бараніць замак ад ворага. Яна з жалем распавядала аб тым, што ўнукі ізноў пайшлі вучыцца ў рускія школы, бо беларускія зачынілі. Яна казала, што нічога не мае супраць Расіі, бо ў яе нават там жыве дачка, але чаму так нішчыцца ўсё беларускае... Лягчэй за ўсё папракнуць наш народ у няведанні сваёй цікавейшай гісторыі, але зразумець яго трагедыю значна складаней. Ясна толькі адно, што на працягу апошніх двух стагоддзяў акупантам розных масцей не давялося вытравіць да канца з людзей тое, з чаго яны ўзялі свой пачатак.

Навагрудскі фестываль напярэдадні рэкламаваўся нават па беларускаму тэлебачанню, што выклікала вялікае здзіўленне. Магчыма таму так здзіўляла і яго слабая арганізацыя. Асабліва ў першы дзень. Арганізатары не здолелі нармальна агучыць мерапрыемства, падзеі праходзілі не згодна з раскладам, давялося больш гадзіны сядзець на гары і чакаць рыцараў. Нічога пад час баёў не тлумачылася, адчувалася занадта аматарскае рыцарскае мастацтва, асабліва калі рыцары спрабавалі імітаваць паядынкі на конях. Падчас станавілася нават страшна за іх.

Але ў гэтыя дні ў Наваградку прысутнічаў нейкі незразумелы ўзвышаны дух - так хораша пачувалася на душы. Атмасфера сярэднявечнай музыкі, гукі дуды і бубна, маладыя паненкі ў сярэднявечных строях настройвалі на нешта незвычайнае. Да ўсяго, прыемна было гуляць па парку, дзе некалі хадзіў наш Міцкевіч, натхняючыся старажытнымі мурамі і цікавым мінулым. Асабліва спадабалася ў лагеры рыцараў на возеры Літоўка: вогнішчы, палаткі, гук дуды і бубна, цёплая вада, спевы. Уразілі дзьве дзесяцігадовыя дзяўчынкі, якія спявалі каля вогнішча беларускую сярэднявечную песню, прытанцоўвалі - гэта было настолькі натуральна і ад таго прыгожа...

Смутна пачувалася ў момант, калі прадстаўлялі рыцарскія клубы: Мінск, Баранавічы, Пінск, Віцебск, Масква, Санкт-Пецярбург, Арэнбург, нават Бабруйск з харугвай на якой князь Вітаўт, а прадстаўнікоў старажытнай Горадні... не было. Хаця ў нашым горадзе ёсць універсітэт, гістарычны факультэт... Аднак чагосьці не хапае.

М.МІКАЛАЙЧЫК

Фота IREX/ProMedia www.irex.minsk.by

Назад