Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Так творыцца гісторыя Беларускай народнай праваслаўнай царквы

У мястэчку Пагранічны Бераставіцкага раёна праваслаўныя вернікі ў мінулую пятніцу паставілі вайсковую палатку, дзе часова размесціцца Беларуская народная праваслаўная царква. Палатку ўзвялі ў агародзе, на зямлі прыватнай асобы, побач з месцам, дзе ў мінулым годзе быў усталяваны праваслаўны крыж.

Напэўна, нашы чытачы памятаюць гісторыю аб тым як улады Бераставіцы адмовіліся рэгістраваць прыход Беларускай народнай праваслаўнай царквы ў мястэчку Пагранічны. Яны лічаць, што праваслаўная царква ў Беларусі можа быць толькі адна - руская. Аднак нягледзячы на непрызнанне ўладамі жаданняў прыхажан і мясцовага бацюшкі айца Яна Спасюка, служба ў Пагранічным вядзецца ў прыватнай хаце, на яе збіраюцца вяскоўцы. У мінулую пятніцу айца Спасюка выклікалі ў сельсавет, дзе сабралася цэлая камісія: намеснік старшыні Бераставіцкага райвыканкама Г.Ганчарова, архітэктар раёна В.Гудзько, спецыяліст па землеўпарадкаванню спадар Малахаў, юрыст райвыканкама і старшыня Сельсавета. Яны спрабавалі давесці святару, што драўляная пляцоўка ў агародзе адной з прыхажанак, якая была зроблена пад палатку, падпадае пад незаконнае будаўніцтва. Некалькі дзён раней архітэктар раёна нават склаў пратакол на гаспадыню агарода і папярэдзіў яе аб незаконных дзеяннях. У сваю чаргу, Ян Спасюк лічыць, што часовая палатка ў прыватным агародзе з'ява цалкам законная. Дарэчы, яго падтрымліваюць і прыхажане, якія ставілі палатку.

Цікава было назіраць, як мясцовыя чыноўнікі прытрымліваюцца выканання самых дробных фармальнасцяў. Маўляў, вы склалі будаўнічыя матэрыялы ў неадпаведным месцы. Гэтыя матэрыялы, як акажацца пазней, навезеныя камяні, акуратна складзены каля плоту з боку ад поля, да таго, нікому не перашкаджаюць. Дарэчы, у вёсцы амаль пры кожным доме, і таксама каля плоту, ляжаць нейкія дошкі, дровы, альбо іншыя матэрыялы, але за гэта на гаспадароў падворкаў архітэктар складаць пратаколаў не дадумаўся. А калі айцец Спасюк заявіў чынавенству, каб яны размаўлялі з ім на дзяржаўнай беларускай мове, то гэта выклікала амаль абурэнне, маўляў, у нас дзьве мовы дзяржаўныя, таму можна гаварыць на любой з іх. Тут чыноўнікі ніякіх фармальнасцяў не прытрымліваюцца.

Памятаецца, неаднойчы А.Лукашэнка заяўляў з высокай трыбуны, што ў нашай краіне няма рэлігійных праблем і кожны можа маліцца якому хоча Богу. Аднак, у Бераставіцы, відаць, такога прынцыпу не прытрымліваюцца.

І яшчэ адна цікавая дэталь. Я назіраў, як беларусы ставяць для сябе беларускі храм. Амаль каля самай польскай мяжы, у месцы адкуль пачынаецца наша краіна, прычым, пачынаюць адбудоўваць традыцыю беларускай праваслаўнай царквы з вайсковай палаткі. Але, аказваецца, і гэтага нельга. Тым не менш палатка ўжо стаіць з пятніцы, а на версе, над уваходам прымацаваны праваслаўны крыж. Што будзе далей?...

М.КАРНЕВІЧ

P.S. Перад тым, як нумар газеты быў ужо практычна звярстаны, нам патэлефанавалі прыхажане з Пагранічнага і паведамілі, што гаспадыня агароду, дзе ўсталявана палатка, аштрафавана на дзьве мінімальныя зарплаты. За гэты час адбылося паседжанне ў Пагранічным дзьвух адміністрацыйных камісій. Тым не менш палатка з праваслаўным крыжам дагэтуль стаіць і вернікі разам з бацюшкам збіраюцца праводзіць у ёй службу.

Назад