Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Швед радаваўся, як дзіця

У Гродне завяршыўся адкрыты чэмпіянат Беларусі па грэка-рымскай барацьбе. Як вядома, ужо даўно не грэкі і не нашчадкі былых рымлян з'яўляюцца заканадаўцамі моды ў гэтым відзе спорту. А вось зборная Беларусі на Алімпійскіх гульнях у Атланце заняла трэцяе месца.

Прызнаннем высокага міжнароднага аўтарытэту нашых атлетаў стаў удзел у чэмпіянаце Беларусі зборных Польшчы і Швецыі, якія рыхтуюцца да алімпіяды ў Сіднэі. Адразу зазначу, што госці здолелі заваяваць у Гродне залаты і сярэбраны медалі. Як дзіця, радаваўся сваёй перамозе малады швед, чэмпіён Еўропы гэтага года Марцін Ліндберг (вагавая катэгорыя да 85 кг). У фінальным паядынку з праслаўленым гродзенскім атлетам, алімпійскім прызёрам Валерыем Цыленьцем Марцін здолеў вырваць перамогу.

Яшчэ адзін госць беларускага чэмпіянату - Пётр Яблонскі са зборнай Польшчы - таксама не наракае на лёс. У самай лёгкай вагавай катэгорыі да 54 кг, польскі атлет уступіў у фінале гродзенцу Аляксандру Паўлаву, таксама прызёру алімпіяды ў Атланце.

У іншых вагавых катэгорыях залатыя медалі дасталіся мінчаніну С. Ліштвану, Дз.Дзябёлку і В.Жуку, гамельчаніну У.Капытаву і Ю.Дубініну, а таксама І.Чыкіну з Брэста. Гэта рэальныя кандыдаты на ўдзел у алімпійскіх гульнях у Аўстраліі. Ну а канчатковае рашэнне па складу алімпійскай барцоўскай дружыны яе галоўны трэнер В.Максімовіч прыме пасля яшчэ аднаго турніру, які пройдзе ў Польшчы.

М.ПАЎЛОЎСКІ

Назад