Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Успомнiм пра Шагала

6 ліпеня 1887 года нарадзіўся славуты беларускі мастак-мадэрніст Марк Шагал. У яго творах адлюстраваны цэлы свет, дзе чалавек жыве ў адзінстве з прыродай, дзе звычайнае і цудоўнае, дабро і зло - побач. Марк Захаравіч пражыў больш за 60 год за мяжой, але са сваім родным Віцебскам ён не раставаўся ўсё жыццё. Гэта адна з загадак Шагала, якая не мае аналогій у гісторыі мастацтва. Праз усю творчасць яго праходзяць вобразы дзяцінства і юнацтва, на палотнах, роспісах, вітражах; што б яны ні адлюстроўвалі: рай нябесны, біблейскія даліны, свята музыкі ці што заўгодна іншае. Здаецца, што паняцці аб прыгажосці, каханні, гармоніі, прыродзе, чалавечых тварах злажыліся ў мастака ў самыя раннія гады.

Нарадзіўся ён на ўскраіне Віцебска, што насіла назву Пескавацікі і населена была ў асноўным яўрэйскай беднатой. Бацька - Захар, глыбока веруючы чалавек, быў рабочым у купца, маці Фейга - кіравала бацькам, вяла гаспадарку і трымала маленькую краму. У сям'і было 9 дзяцей, сем сясцёр і два брата, Марк - старэйшы за усіх. Калі мастак з'явіўся на свет, горад ахапіў вялікі пажар, і, каб выратаваць парадзіху і дзіця, ложак, на якім яны ляжалі, пераносілі з месца на месца. Пазней яны жылі на вуліцы Другой Пакроўскай, якую Шагал таксама часта маляваў на сваіх карцінах.

Спачатку Марк, як яўрэйскі хлопчык, вучыўся Бібліі ў трох равінаў па чарзе, а пасля пайшоў у рускую школу. У адпаведнасці з іўдаізмам маляванне лічыцца грахоўным заняткам, але Шагал атрымаў добрую мастацкую адукацыю. Першым яго настаўнікам быў Ю. Пэн, адзіны прафесійны мастак у Віцебску, пасля, ужо ў Пецярбургу, мастак-шыльдачнік, а потым і Мікалай Рэрых. Самыя першыя працы Шагала не захаваліся, бо сёстры выкарысталі яго палотны ў якасці палавікоў. Пасля вучобы ў Пецярбурзе мастак вяртаецца дамоў, у Віцебск. Менавіта там ён сустракае сваю музу і жонку - Бэлу Разенфельд.

З Віцебска Марк Шагал выязджае ў Парыж. Самы вышэйшы камплімент, які ён знайшоў магчымым выказаць сталіцы мастацтва быў такі: "Парыж, ты мой другі Віцебск!" Там ён вучыцца ў знакамітых мастакоў, пачынае атрымоўваць сусветную вядомасць. Пасля быў Берлін, Віцебск, Петраград і зноў Віцебск. У родным горадзе па ініцыятыве Луначарскага Шагал становіцца камісарам губернскага аддзела народнай адукацыі, а потым пераязджае ў Падмаскоўе і працуе ў калоніі для беспрытульных дзяцей. У 1922 годзе Марк Захаравіч ад'язджае ў Каўнас для арганізацыі выстаўкі, а адтуль - у Берлін, затым ў Парыж.

30-я гады для мастака - час падарожжаў па свету, ён наведвае Нью-Йорк, Палестыну, Галандыю, Сірыю, Егіпет, Іспанію, Англію, а таксама - Вільнюс і Варшаву. У 1941 годзе знянацку памірае яго жонка Бэла, пасля чаго ён не працуе да 1945 года. Пасля вайны Шагал займаецца друкарскай графікай, вітражамі, керамікай, пачынае новы біблейскі цыкл, а ў 1952 годзе жэніцца другі раз, на Валянціне Бродскай (Ваве). Гэты шлюб становіцца імпульсам для новага пад'ёму творчасці.

У 1973 годзе мастак наведвае Маскву і Ленінград, але на здзіўленне адказваецца ад паездкі на радзіму, у Віцебск. Свой учынак ён тлумачыць так: "Я не бачыў Віцебска больш за 60 год. За вайну з Гітлерам горад амаль што цалкам разбурылі, а потым адбудоўвалі. Мне гэта будзе невыносна балюча бачыць. Я проста захварэю." І потым, у лістах ён піша: "...сяджу ў Saint Paul, не выязджаю амаль у іншыя гарады. Але мая радзіма заўсёды на маіх карцінах."

У апошнія гады Марк Шагал працуе як вітражыст, кераміст, скульптар. Займаецца мазаікай і габеленам.

Марк Шагал памёр 28 сакавіка 1985 года не дажыўшы двух гадоў да свайго стагоддзя.

Паліна ГЛАЗ

Назад