Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

У СПБ змянілася кіраўніцтва

Cтаршыня Саюза палякаў Беларусі Тадэвуш Гавін на мінулым тыдні падаў у адстаўку. Як сам ён патлумачыў "БІ", гэта звязана з станам яго здароўя. Нядаўна яму была зроблена аперацыя і рана дрэнна гоіцца. Дарэчы, як зазначыў спадар Гавін, ён ужо не першы раз звяртаўся да праўлення з падобнай просьбай, але толькі цяпер калегі яе задаволілі. Часова абавязкі старшыні СПБ выконвае ягоны намеснік Тадэвуш Малевіч.

4 жніўня павінен сабрацца савет арганізацыі, на якім будзе прызначана дата нечарговага з'езду, дзе і абяруць новага кіраўніка СПБ. Па словах Тадэвуша Гавіна, гэта павінна адбыцца не пазней снежня, паколькі, на ягоную думку, працяглы час арганізацыя не можа знаходзіцца без кіраўніка. На пасадзе старшыні СПБ Тадэвуш Гавін знаходзіўся 12 гадоў, з самага пачатку ўтварэння арганізацыі. У красавіку наступнага года павінен быў адбыцца чарговы з'езд СПБ на якім, згодна статута СПБ, і планавалася правесці перавыбары кіраўніцтва.

Сам спадар Гавін у размове са мной заўважыў, што за гэтыя 12 гадоў працы на пасадзе старшыні СПБ ён аддаў больш сілаў і здароўя, чым за 22 гады службы ў Савецкай арміі. Ён нават назваў працу апошніх гадоў рабскай. Перш за ўсё, з яго словаў, гэта звязана з вялікай адказнасцю і нагрузкай.Т.Гавін узгадаў, што пачынаў практычна з чыстага лісціка паперы ствараць арганізацыю, якая зараз мае 15 польскіх дамоў па ўсёй Беларусі, дзьве польскія школы, плануецца будаўніцтва культурнага цэнтра ў Гродне. На яго думку стратэгічны курс арганізацыі пасля яго адыходу не павінен змяніцца і СПБ надалей застанецца дэмакратычнай арганізацыяй, якая сваю дзейнасць будзе накіроўваць на карысць Беларусі. Тадэвуш Гавін застанецца сябрам праўлення СПБ і па магчымасці будзе актыўна ўдзельнічаць у яго дзейнасці. Праўда, цяпер тры месяцы ён збіраецца цалкам прысвяціць свайму здароўю. У планах працяг напісання другой часткі кнігі "Ojcewizna". Пасля адпачынку, як зазначыў спадар Гавін, -"буду займацца тым чым і раней: грамадзкай і палітычнай дзейнасцю".

М.КАРНЕВІЧ

Назад