Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

СЦЯГ АД МIРОНА НА ГРУНВАЛЬДСКIМ ПОЛI

14-16 ліпеня на Грунвальдскім полі адбылося святкаванне 590-ых угодкаў перамогі аб'яднанага войска Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага над крыжакамі.

Асноўная ўрачыстасць прайшла дакладна ў дзень самой бітвы--15 ліпеня. Яна мела высокі міждзяржаўны ўзровень. Прэзідэнты Польшчы і Літвы--Аляксандр Квасьнеўскі і Валдас Адамкус гаварылі пра польска-літоўскую перамогу на Грунвальдзе, пра моцныя братэрскія і збройныя традыцыі гэтых двух народаў. Перад імі на пляцы быў сшыхаваны польска-літоўскі батальён, створаны на просьбу літоўскага боку. Каб удзельнічаць у міратворчых мерапрыемствах. Тут жа і адбылася прэзентацыя гэтага супольнага баёвага аддзелу. На флагштоках, якіх было толькі два, луналі польскі і літоўскі дзяржаўныя сцягі. Да помніка героям Грунвальда абодва прэзідэнты ўсклалі вянкі, кветкі на якіх паўтаралі колеры гэтых сцягоў.

У прамовах ані разу не ўзгадвалася аб існаванні суседняй Беларусі і беларусаў, колькасць якіх у войску Вялікага Княства значна перавышала лічбу саміх літоўцаў. Але, як добра вядома, беларуская ўлада прыклала неверагодныя высілкі, каб скасаваць Дзяржаўны герб Пагоня, пад якім нашыя прадзеды перамаглі крыжакоў. Гэтая ўлада пампезна адзначае толькі савецкія, сталінскія перамогі. Тым самым беларусы па-ранейшаму выкраслены з кантэксту вялікай грунвальдскай перамогі.

Афіцыйнай праграмай таксама не прадугледжваўся ўдзел у інсцэніроўцы бітвы беларускіх рыцарскіх клубаў. Але яны прыехалі самі, і іх дапусцілі да ўдзелу. Наколькі мне вядома, апроч мінскага "Сэрца цмока", якім быў знойдзены фундатар, усе астатнія прыехалі за ўласныя грошы. Гэтым разам на Грунвальдскім полі былі беларускія рыцары з Мінска, Магілёва, Брэста і Полацка. Паводле праграмы, апроч польскіх і літоўскіх, павінны былі ўдзельнічаць рыцары з розных краін Еўропы--агулам каля 750. Значыцца разам з нашымі іх павінна было быць больш за 800.

Паглядзець на відовішча сабраліся дзесяткі тысяч людзей. Бітва пачалася з залпу "польска-літоўскай" артылерыі. Гакоўніцы гэтак моцна стрэлілі, што конь пад каралём Ягайлам спудзіся і скінуў вершніка, які крыжам упаў вобзем. Вокамгненна прыехалі дзве машыны хуткай дапамогі. Медыкі чамусьці з паўгадзіны завіхаліся над пацярпелым, а бітва адбывалася каля машын з чырвоным крыжам. Потым пацярпелага забралі і з'ехалі. А неўзабаве закончылася бітва. З гістарычным вынікам, але без удзелу караля, які павінен быў прыняць "капітуляцыю" крыжакоў. Такім чынам, гісторыя нечакана была крыху перапісана.

Нараніцу 16 ліпеня над полем Грунвальдскай бітвы лунаў бел-чырвона-белы сцяг. На адным флагштоку з літоўскім, які намок ад дажджу і проста вісеў. Атрымліваецца, што Мірон дабраўся ўжо і да Грунвальду.

Сяргей АСТРАЎЦОЎ

Назад