Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Тэма тыдня

Царква апаганена. Святар асуджаны

28 ліпеня ў мястэчку Пагранічны Бераставіцкага раёна трох міліцыянераў (прозвішча аднаго з іх Віктар Абуховіч) апаганілі алтар Беларускай Народнай Праваслаўнай царквы імя святой Еўфрасінні Полацкай. Нагадаем, што царква месціцца ў вайсковай палатцы, узведзенай у агародзе адной з прыхажанак. Святыя мошчы былі заліты лампадным маслам і ў месцы, дзе забаронена (згодна з царкоўнымі канонамі) знаходзіцца ўсім апроч святара, Яну Спасюку былі адзеты на рукі кайданкі.

Iнцыдэнт

У дзень святога Уладзіміра Ян Спасюк а дзевятай гадзіне раніцы распачаў набажэнства. Хвілінаў праз дзесяць у палатку ўвайшлі трое ў міліцэйскай форме і запатрабавалі ад святара праследаваць з імі. Маўляў, служба праводзіцца незаконна. Па словах Яна Спасюка, яны аперавалі тым, што на руках у іх ёсць пастанова Бераставіцкага суда аб прымусовым прывядзенні яго ў суд за тое, што ён, быццам, некалькі разоў не з'яўляўся туды, хоць і дасылаліся позвы. Святар спрабаваў патлумачыць міліцыянерам, што ніякай позвы з суда ён не атрымліваў і адмовіўся ісці з імі. Урэшце, ён папрасіў іх дачакацца канца службы. Тады міліцыянты пачалі сілай выцягваць яго з алтара, паваліўшы на падлогу і адзеўшы на рукі кайданкі. За ўсім гэтым назіралі вернікі, якія і кінуліся ратаваць бацюшку. У храме завязалася бойка, пасля чаго міліцыянеры вымушаны былі адступіць. Адзін з іх сеў у машыну і накіраваўся ў бок Вялікай Бераставіцы. Гэтым часам святар пад аховай вернікаў дайшоў да сваёй машыны і ў кайданках за рулём паспяшыў да свайго дому, каб дазваніцца да адваката і журналістаў. Аднак недалёка ад дому яго нагнала машына з тымі самымі міліцыянерамі. Дарогу заблакавалі. Святар зачыніўся ў машыне і адмовіўся адчыняць дзверы. Адзін з міліцыянераў спрабаваў выбіць шыбу, але спрацавала сігналізацыя і гэта прыцягнула ўвагу людзей. Перамоваў не атрымалася. Цераз прыадкрытую фортку бацюшку кінулі ключы ад кайданкаў і ад'ехалі. Ян Спасюк тым часам датэлефанаваўся да амбасады ЗША ў Мінску і да нашай газеты, паведаміўшы пра інцыдэнт. Пасля чаго хуценька сабраў сваю сям'ю, жонку і трох дзетак, і вакольнымі шляхамі дабраўся да Гродна.

У Гродне

Побач з польскім консульствам сабраліся ўсе мясцовыя журналісты з незалежных выданняў. Консул С.Шостак патлумачыў святару, што не можа яго бараніць, паколькі святар не з'яўляецца грамадзянінам Польшчы. У гэты момант пад'ехалі супрацоўнікі міліцыі і запатрабавалі, каб святар ехаў з імі. Ён адмовіўся. Тады яны запатрабавалі дакументы для высвятлення асобы. Пашпарта яны не вярнулі. За святара ўступіліся журналісты, акружыўшы яго, правялі ў памяшканне нашай рэдакцыі. У панядзелак, калі ў Ленінскі РАУС пайшоў адвакат святара забраць пашпарт, яму не аддалі, паведаміўшы, што той павінен звярнуцца сам. Больш таго, адвакату сказалі, што Бераставіцкае РАУС аб'явіла вышук на айца Спасюка, быццам за тое, што ён скраў кайданкі.

Прэс-канферэнцыя

У панядзелак у памяшканні нашай рэдакцыі айцец Ян Спасюк правёў прэс-канферэнцыю. Ён паведаміў журналістам, што 10 ліпеня да яго на кватэру прыязджалі два супрацоўніка КДБ з Гродна. Па яго словах, прадстаўнікі спецслужбаў прапаноўвалі святару пакінуць займацца адраджэннем Беларускай Народнай Праваслаўнай царквы, пасля чаго яму адразу гарантуецца месца працы ў любым прыходзе Рускай праваслаўнай царквы, або ў знешнім ведамстве Беларускага экзархата. Пасля таго, як святар адмовіўся, яго пачалі шантажаваць тым, быццам на яго ёсць дасье з 1986 года і калі гэтыя дакументы апублікуюць, то самі прыхажане ад яго адвернуцца. Святар зазначыў, што цяпер рэальна існуе пагроза бяспекі яму і ягонай сям'і і ён намераны звярнуцца ў дыпламатычныя прадстаўніцтвы, каб з іх дапамогай стварыць умовы бяспекі жонцы і траім дзецям. У той самы час Ян Спасюк падкрэсліў, што не пакіне Беларусь і сваіх прыхажан. Святар з сумам канстатаваў, што ў суботу не адбылася малітва за Беларусь і яго прыхажане моцна хвалююца з гэтай нагоды. У аўторак Ян Спасюк пасля 15 гадзін быў затрыманы.

Працяг тэмы

А наступнай раніцай у дзевяць гадзін разам з трыма дзяцьмі і адвакатам М.Аксамітам ён прыйшоў у абласную пракуратуру скласці скаргу на супрацоўнікаў Бераставіцкай міліцыі, супрацоўнікаў КДБ, якія яго запалохвалі, на тых міліцыянтаў, якія адабралі ў яго пашпарт. Дзяжурны пракурор выслухаў яго аповяд, прыняў скаргу на некалькіх лістах і затэлефанаваў у Бераставіцу. Высветлілася, што на святара не складзена ніводнага пратакола, што на яго не аб'яўлены вышук. Пракурор параіў звярнуцца ў пракуратуру Ленінскага раёна, дзе яму і дапамогуць забраць пашпарт. Напэўна,там яго ўжо чакалі, паколькі папрасілі прыйсці ў 15.00 гадзін. За гэты час была выклікана машына з Бераставіцы, у якую святара разам з дзяцьмі пасадзілі і павезлі ў Бераставіцкі суд. Маўляў, існуе пастанова суда аб яго прымусовым дастаўленні, паколькі ён двойчы не заплаціў штрафы раённай адміністрацыйнай камісіі ў памеры адной і сямі тысяч рублёў за незаконнае правядзенне набажэнстваў. У дакуменце таксама гаварылася, што яму двойчы дасылалі позвы, але ён не з'яўляўся.

Святар, у сваю чаргу, патлумачыў, што ніякіх позваў не атрымліваў.

Прысуд

Аб тым, што святара Яна Спасюка асудзілі ў адміністратыўным судзе Бераставіцкага раёна на пяць сутак арышту за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі, мы даведаліся толькі ў сераду раніцай. Патэлефанавалі прыхажане. Распавядалі, што суд працягваўся каля трох хвілінаў. З суддзёй Н.Ч.Казакевіч, якая выносіла прысуд, паразмаўляць не ўдалося - яна была занята ў іншых працэсах. Трох дзяцей святара з суда накіравалі чамусці ў мясцовы шпіталь. Праўда, адтуль іх у той самы дзень забралі дахаты.

Прычыны

Нагадаем, што ўся гэта гісторыя пачалася год таму, калі Бераставіцкія ўлады адмовіліся рэгістраваць прыход Беларускай Народнай Праваслаўнай царквы ў Пагранічным, заявіўшы, што праваслаўная царква будзе толькі рускай. Тым не менш, святар разам з вернікамі ўстанавілі ў агародзе адной з прыхажанак месяц таму вайсковую палатку і праводзяць там набажэнствы. У сваіх прыхажан айцец Ян Спасюк карыстаецца аўтарытэтам. І, як распавядалі самі вернікі, у яго царкве не трэба плаціць 18 тысяч за адпяванне пакойніка, бацюшка гэта робіць задарма.

Вывады

Думайце самі.

М.КАРНЕВІЧ

Назад