Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

У месцах пазбаўлення волІ

Экскурсія ў Равічскую турму

Некалькі месяцаў таму ў "БИ" быў апублікаваны рэпартаж з гродзенскай турмы. Памятаецца, ён зрабіў неадназначнае ўражанне на некаторых нашых чытачоў. Нехта нават казаў, што пра такое непатрэбна пісаць наогул. Зрэшты, тыя, хто яго не чытаў хоць прыкладна, але могуць уяўляць быт падобнай установы. Сёння мы прапаноўваем вам матэрыял нашага карэспандэнта, які наведаў падобную ўстанову ў Польшчы. Спадзяёмся, што гэта зробіць іншае ўражанне. Ды і цікава зрабіць параўнанні.

Культурная праграма для слухачоў ІХ усходняй летняй школы Варшаўскага Універсітэта нагадвала паломніцтва: Чэнстахова, Аполе, Трэбніца, гатычныя касцёлы Урацлава. Таму наведванне турмы ў Равічах (Уроцлаўскае ваеводства) унесла пэўную разнастайнасць. Нягледзячы на цёплы прыём гаспадароў, у гэтай установе я адчувала сябе не вельмі ўтульна.

Гісторыя забудовы Равічскай турмы нагадала мне сваім падабенствам Гродзенскую. У 1609 г. уладар Равічаў Ян Апалінскі пабудаваў кляштар і касцёл для рэфарматараў. Комплекс праіснаваў да 1818г. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай гэтыя тэрыторыі трапілі пад уладу Прусіі. Новы ўрад вырашыў закрыць касцёл і кляштар, і ў 1820г. на іх месцы стала дзейнічаць турма.

З 1945 па 1953гг. быў самы трагічны перыяд у гісторыі Равічскай турмы, калі яна стала месцам зняволяння рэпрысіраваных палітычных дзеячоў, жаўнераў і афіцэраў Арміі Карёвай.

Зараз гэта мужчынская турма прызначана для тых, хто трапіў за краты першы раз. У адпаведнасці з гэтым тут пастаўлена праца са зняволенымі. Спецыяльная тэрапеўтычная служба з ліку псіхолагаў працуе з асобамі з псіхічнымі адхіленнямі. Адзін псіхолаг мае двух пацыентаў. Заняткі праводзяцца індывідуальна і ў групах, у спецыяльна прызначаных пакоях для псіхалагічных трэніровак. У пакоі знаходзяцца матрасы, аўдыё- і відэамагнітафоны, на сценах малюнкі і плакаты супраць наркаманіі і таксікаманіі. Шмат намаганняў накіравана на адаптаванне ў новых умовах жыцця. Каб не ўзнікала канфліктаў між зняволенымі, найбольш жорсткім злачынцам мяняюць імя і прозвішча і прыдумваюць лягенду.

Жыццё тут не абмяжоўваецца сядзеннем у камеры. Ёсць трэнажорны зал, куды можна трапіць з дазволу выхавацеля, бібліятэка, камп'ютэрныя класы. Канешне, камп'ютэры не апошняй мадэлі, але навучыцца імі валодаць можа кожны жадаючы. Некаторыя зняволеныя маюць камп'ютэры ў камерах. Непаўналетнія, якія не здолелі атрымаць адукацыю на волі, могуць зрабіць гэта ў турэмнай школе. "Працатэрапія" праходзіць у майстэрнях дзе вырабляюць розныя рэчы на продаж.

У 1997 г. была пабудавана новая кухня і абсталявана сучаснай тэхнікай, мадэрнізавана медыцынскае абсталяванне. Але не ўсе медыцынскія паслугі могуць быць аказаны на месцы, таму зняволяных возяць у навакольныя шпіталі, з якімі ёсць дамоўленасць. Прыгожая невялікая капліца задавальняе духоўныя патрэбы. Перапоўненай яна бывае толькі ў святы, а для звычайных служб яе невялікай плошчы хапае.

Зняволеныя жывуць па два чалавекі ў камеры. Асоб з псіхічнымі адхіленнямі, якія сваімі паводзінамі могуць пашкодзіць другому чалавеку, змяшчаюць па-аднаму. Камеры вельмі вузкія і невялікія. На такой прасторы змяшчаюцца тэлевізар, ложкі, асабістыя рэчы і нават кветкі. Афіцыйна дазволена два спаткання на месяц для дарослых і тры - для непаўналетніх. У якасці ўзнагароды могуць даць дазвол на яшчэ адно спатканне.

Падчас экскурсіі нам паказалі амаль усё, акрамя карцэраў. Наш гід адказваў на ўсе пытанні, не робячы ніякіх ваенных таямніц. Было бачна, што прыняцце экскурсійных груп пастаўлена на добры ўзровень. Надрукаваны буклеты аб гісторыі і сучаснасці Равічскай турмы. Уразіла дэмакратычнасць і адкрытасць прыёма. Адначасова падумалася аб прафілактычнай карыснасці наведвання месяц зняволяння.

Н.Слiж

Назад