Выбары
Апазiцыя заклiкае байкатаваць
"Байкот парламенцкіх выбараў - адзіна правільная лінія дэмакратычных сілаў, якія выступаюць сёння за незалежнасць нашай краіны" - заявіў у мінулы аўторак на прэс-канферэнцыі ў Гродне старшыня Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне" Вінцук Вячорка.
Ён зазначыў, што БНФ супрацьпаставіць лукашэнкаўскаму фарсу актыўную, складзеную з некалькіх кампанентаў, сваю палітычную кампанію. Разам з сябрамі па аб'яднанай апазіцыі народафронтаўцы збіраюцца абысці кватэры выбаршчыкаў з тым, каб сабраць подпісы за так званыя чатыры ўмовы, якія былі пастаўлены перад Лукашэнкам для правядзення сапраўдных парламенцкіх выбараў. Ён таксама зазначыў, што на восень у 22 гарадах краіны аб'яднаная апазіцыя плануе правесці палітычныя акцыі за незалежнасць і ў падтрымку сапраўдных дэмакратычных выбараў.
Самае важнае, на думку намесніка старшыні БНФ "Адраджэньне" Ю.Хадыкі, давесці выбаршчыкам, каб яны не ішлі нават галасаваць супраць, трэба наогул не ісці на выбары, каб яны не адбыліся.
Байкот, падкрэсліў Ю.Хадыка, з'яўляецца канстытуцыйным правам выбаршчыкаў. Гэтым самым, на яго думку, магчыма прымусіць Лукашэнку вярнуцца да абмеркавання чатырох умоваў: перадачы парламенту рэальных паўнамоцтваў як адзінаму заканадаўчаму органу; прывесці выбарчае заканадаўства ў адпаведнасць з еўрапейскімі стандартамі; забяспечыць рэальны доступ апазіцыі да сродкаў масавай інфармацыі; прыпыніць палітычныя рэпрэсіі і забяспяечыць права правядзення мірных сходаў і свабоды слова. Ю.Хадыка спаслаўся на майскія сацыялагічныя апытанні, якія сведчаць, што 25% выбаршчыкаў падтрымліваюць пазіцыю А.Лукашэнкі, яшчэ 25 - на баку апазіцыі, а астанія 50 знаходзяцца ў нявызначаным стане. За гэтыя 50% і будзе змагацца а'бяднаная апазіцыя.
Што датычыць асобных сябраў палітычных апазіцыйных партыяў, якія збіраюцца балатавацца на выбарах у парламент, нарадафронтаўцы патлумачылі, што сваімі асабістымі рашэннямі яны парушылі рашэнні, якія прынялі іх партыі. Ю.Хадыка канстатаваў, што некаторыя падобныя дзеячы, такія як Абрамава, Фядута, Злотнікаў, нават перабеглі ў ЛДПБ, абы толькі патрапіць у парламент. Тым не менш, народафронтаўцы абверглі чуткі аб расколе ў аб`яднанай апазіцыі, спаслаўшыся на тое, што з дзевяці апазіцыйных партый толькі дзве заявілі аб сваім удзеле ў выбарах.
Было падкрэслена таксама, што апазіцыя правядзе на кантрольных выбарчых участках падлік яўкі людзей з тым, каб потым засведчыць магчымую фальсіфікацыю, так як гэта рабілася падчас рэферэндума 96 года. В.Вячорка, у сваю чаргу, перакананы, што краіны Еўрасаюзу не прышлюць у Беларусь сваіх назіральнікаў на восенскія выбары.
І яшчэ. Ю.Хадыка выказаў шкадаванне з нагоды прыняцця рашэння М.Чыгіром аб удзеле ў парламенцкіх выбарах. Ён зазначыў, што М.Чыгір разглядаўся як адзіная найбольш верагодная кандыдатура ад апазіцыі на будучых прэзідэнцкіх выбарах.
М.КАРНЕВІЧ
|