Ёсць затрыманыя, няма Дзімы
У справе пошукаў Дзімы Завадзкага ёсць затрыманыя. Між тым, даводзіць якую-кольвек дадатковую інфармацыю на гэты конт да шырокае грамадскасці следства не збіраецца, каб ня даць злачынцам "замесці сляды". Пра гэта паведаміў журналіст Грамадскага расійскага тэлебачання Павал Шарамет, па ініцыятыве якога была заведзеная гэтая крымінальная справа. Павал Шарамет паведаміў таксама, што ў сваіх размовах з беларускімі следчымі паслядоўна настойвае на правядзенні допыту кіраўніка службы бяспекі Аляксандра Лукашэнкі.
Павал Шарамет трэці дзень знаходзіцца ў Мінску, збіраючы матэрыял для новага тэлефільма аб знікненнях людзей у Беларусі і вывучаючы матэрыялы следства па справе Завадскага.16 жніўня расійскі журналіст асабіста сустракаўся са следчымі беларускае транспартнае пракуратуры, якія вядуць гэтую справу. Выглядае на тое, што ўражанні ад гэтае сустрэчы былі нечакана станоўчымі: прынамсі,сп-р Шарамет прызнаў, што беларускімі следчымі зроблены вялікі аб'ём працы.
Між тым, ад сваіх нядаўніх рэзкіх выказванняў пра нетактоўнасць супрацоўнікаў транспартнае пракуратуры журналіст таксама не адмаўляецца: нагадаем, што літаральна тыдзень таму, беручы аналіз крыві на ДНК у блізкіх Завадзкага, следчыя патлумачылі гэта "ўзнікненнем следчае неабходнасці", чым далі глебу для самых несуцяшальных высноваў.
Між тым, сёння рабіць іх яшчэ рана. Так лічаць і следства, і сам Павал Шарамет.
П.Ш.: Няма ніякіх падставаў гаварыць пра тое, што Дзіма мёртвы, і досыць вялікія шанцы - 50 на 50 - што ён жывы. Таму адпрацоўваецца версія, адна з найбольш праўдападобных, і ўжо нават ёсць затрыманыя, якія падазраюцца ў выкраданні і ў замаху на забойства Дзімы. Проста інфармацыя гэтая ўжо 2 альбо 3 тыдні трымаецца ў сакрэце ад журналістаў, каб злачынцы не замяталі сляды і дзеля таго, каб Зміцер застаўся жывы.
Па інфармацыі журналіста, сёння следствам адпрацоўваюцца 3 асноўныя версіі. Адна з іх - "ускосна звязаная з Чачэніяй", другая - з беларускімі спецслужбамі, і трэцяя - згаданая вышэй як "найбольш праўдападобная". У чым ейная сутнасць, - журналіст удакладняць адмовіўся. Аднак на пытанне, ці не звязаная яна таксама з нейкімі спецслужбамі, адказаў станоўча. Прычым, у ейнае "адпрацоўцы" беларускім следчым актыўна дапамагаюць расійскія праваахоўныя органы, - зазначыў Павал Шарамет.
П.Ш.: Вельмі многа працы зроблена ў Маскве, вельмі многа працы. У прынцыпе, зроблена і ў Менску. Праўда, некаторыя моманты яны ўпускаюць, ці то свядома, ці то па недаглядзе, але работа ідзе вельмі вялікая. Мы настойваем, каб дапыталі па адной з версіяў кіраўніка службы бяспекі Лукашэнкі сп-ра Навумава. Ёсць вельмі важкія падставы лічыць, што ён мае ўскоснае дачыненне да гэтых падзеяў ці, прынамсі, можа даць сур'ёзнае тлумачэнне шэрагу фактаў. Але следчыя, я так разумею, пакуль яшчэ з цяжкасцю пераварваюць тое, якія факты да іх трапілі ў рукі.
Павал Шарамет пацвердзіў існаванне фотаробата аднаго з падазраваных, што дзяжурылі ў дзень знікнення Дзімы Завадскага каля ягонага дому. І выказаў неўразуменне, чаму транспартная пракуратура адмаўляецца даваць яго ў прэсу.
П.Ш.: Я ня ведаю, чаму яны ня хочуць даваць у друк фотаробат, таму што людзі, якія пасылалі людзей сачыць, яны ведаюць, хто сачыў і даўно маглі б іх ўжо забіць.
На пытанне, наколькі поўнай лічыць Павал сваю азнаёмленасць з матэрыяламі следства, журналіст адказаў, што яго сёння інфармуюць "на 100 працэнтаў".
Вольга БАБАК
|