Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Дыяспара

Самае галоўнае для лiтоўца...

Сёлета летам споўнілася пяць гадоў з таго часу як у Гродне было створана таварыства літоўцаў "Цевіне" (Радзіма). Цяпер яно налічвае звыш 120 сябраў. Грамадзяне Беларусі літоўскага паходжання, якія па розных прычынах апынуліся па-за межамі сваёй Радзімы, збіраюцца разам, каб вырашаць свае праблемы, дапамагаць адзін аднаму, святкаваць, спяваць і размаўляць на роднай мове.

"БИ" прапаноўвае інтэрв'ю з кіраўніком таварыства Альгімантасам Дзіргінчусам, які доўгі час з'яўляецца яго кіраўніком і шмат зрабіў дзеля таго, каб нашы гродзенскія літоўцы мелі магчымасць збірацца разам.

- Альгіс, лагічным было б у пачатку нашае гутаркі заглянуць у мінулае, на пяць гадоў назад.

- Што датычыць таго, як усё пачыналася, то трэба вярнуцца не на пяць гадоў назад, а практычна на дзесяць і не ў Гродна, а ў вёску Пелясу Воранаўскага раёна. Менавіта там паўставала першая літоўская суполка, першая школа на літоўскай мове. І гэта дзякуючы таму, што там жывуць выдатныя патрыёты літоўскасці. Гэта яны патэлефанавалі мне ў Гродна і запыталіся чаго я там сяджу і не шавялюся. Праўда, пазней прагучалі прапановы і ад мясцовых літоўцаў. Ірэна Паўловіч стала першым старшынём нашага таварыства. Мушу прызнацца, што мяне гэта тады трошкі насцярожвала, паколькі людзі браліся ствараць таварыства, аднак даволі дрэнна гаварылі па-літоўску. Гэта быў 1995 год. Ужо існавала літоўская школа ў Пелясе, у Рымдзюнах. Тым не менш мы сабраліся. Цяпер вельмі прыемна ўспамінаць, асабліва тое, як да нас прыехалі госці з Пелясы: настаўнікі, вучні... Яны паказалі нам канцэрт - шмат хто нават праслязіўся, пачуўшы як дзеткі спяваюць песні па-літоўску... Пасля гэтага і з'явілася абласное аб'яднанне літоўцаў "Цівіне".

- Усё атрымалася без праблем?

- Тады былі яшчэ іншыя часы. Намеснікам старшыні гарвыканкама працаваў А.Мілінкевіч. Нам падказалі як прайсці зручней і хутчэй рэгістрацыю.

- У той час ужо існавала падобнае таварыства і ў Мінску?

- Так, яны былі зарэгістраваны раней. У 1996 годзе мы правялі першы з'езд, на якім аб'ядналіся ўсе літоўцы Беларусі, перапрацавалі статут, абралі праўленне, юрыдычна, што называецца ўзмацніліся.

- Складана пачынаць усё з нуля. Вам аказвалася дапамога з боку Літоўскай Рэспублікі, ад беларускай дзяржавы?

- Першыя, хто нам дапамог - гродзенскае аддзяленне БНФ. У іх памяшканнях праходзілі нашы першыя сустрэчы, дыскусіі, там закладвалася наша суполка. Пасля рэгістрацыі гарвыканкам выдзяліў нам памяшканне на плошчы Тызенгаўза, дзе мы дагэтуль і знаходзімся. Праўда, павінен сказаць, што праблемы таксама былі, паколькі напачатку спрабавалі падсунуць нейкую разваленую хату... Зрэшты, добра, што скончылася ўсё добра.

Канешне, сродкаў мы не мелі ніякіх. Ініцыятыўная група налічвала 14 чалавек і на складкі немагчыма было нават адрамантаваць памяшканне. Дапамог урад Літоўскай Рэспублікі: зрабілі рамонт, прывезлі мэблю, літоўскі Тэлекам дапамог устанавіць нам тэлефон па ўзаемнай дамоўленасці з беларускімі калегамі, нешта хтосьці штосьці прынёс з хаты. Вось так у прынцыпе ўсё пачыналася.

- Альгіс, я, напрыклад, не вельмі магу ўцяміць, дзе ў Беларусі знаходзіцца цэнтр літоўцаў - гэта Мінск, Гродна, Пеляса... Саюз палякаў, да прыкладу, мае штаб-кватэру ў Гродне.

- Гэта пытанне як бы і дагэтуль застаецца адкрытым. Палякі вызначыліся з цэнтрам як бы геаграфічна - яны найбольш кампактна пражываюць на Гродзеншчыне. У нас жа ў свой час на сродкі літоўскага ўрада была пабудавана сучасная школа ў Рымдзюнах Астравецкага раёна, з кампутарнымі класамі, выдатнай бібліятэкай на літоўскай мове, там працуюць кваліфікаваныя настаўнікі з Літвы. Там ёсць месца для правядзення канферэнцый, урачыстасцяў, святаў. Гэта і ёсць культурны цэнтр літоўцаў у Беларусі. І, дарэчы, гэта ўжо можна лічыць базай, дзе Беларускі Дзяржаўны універсітэт мог бы стварыць кафедру па вывучэнню літоўскай філалогіі і культуры.

- Што датычыць членства ў вашым таварыстве, то, напэўна, у вас адныя літоўцы?

- Згодна статута кожны жадаючы можа стаць членам нашага таварыства. Ёсць у нас дзесяць беларусаў, дзеці якіх у нядзельнай школцы вывучаюць літоўскую мову і робяць гэта даволі паспяхова.

- Па беларускіх законах можна мець толькі адно грамадзянства, у вас былі жадаючыя змяніць яго на літоўскае?

- У Літве існуе закон, згодна якога пры пацвярджэнні літоўскага паходжання грамадзянам, якія жывуць за межамі Літвы, выдаецца дакумент, які гарантуе атрыманне грамадзянства ў любы час. Акрамя гэтага, такі дакумент служыць замест візы пры ўездзе ў Літоўскую Рэспубліку. І, дарэчы, па гэтаму дакументу чалавек можа не толькі свабодна ўехаць у Літву, але і жыць там колькі захоча, пры гэтым ён, як усе літоўцы, карыстаецца ўсімі канстытуцыйнымі правамі.

- Альгіс, наколькі вам удаецца на Беларусі захаваць сваю культуру, мову, традыцыі?

- Пытанне па цяперашніх часах даволі складанае, паколькі нават беларусам з цяжкасцю гэта ўдаецца зрабіць. Але мы добра памятаем, што ў Хартыі літоўцаў свету першы пункт абавязвае ведаць літоўскую мову, як самае вялікае багацце народа. І, дарэчы, літоўцы ва ўсім свеце памятаюць пра гэта. Няма мовы - не можа быць сумоўя. Дарэчы, наша таварыства звярталася да мясцовых уладаў з тым, каб нам выдзелілі памяшканне для заняткаў у нядзельнай школцы, але сутыкнуліся з супрацівам, маўляў, у школе нельга, бо няма грошай на прыбіральшчыцу і г.д. Мяне гэта вельмі здзівіла, паколькі мы грамадзяне Беларусі, працуем тут, плацім падаткі. Гэта вельмі дзіўна.

- Зразумела, што ўсё пачынаецца з школы...

- Мы ўжо гаварылі пра тое, што школы з літоўскай мовай навучання існуюць на Гродзеншчыне. Па Беларусі, дзе існуюць таварыства, мы паўсюдна стараемся адкрыць хаця б нядзельныя школкі з тым, каб людзі маглі вывучаць мову, культуру, гісторыю. Дарэчы, у памежных з Літвой рэгіёнах такія школкі наведваюць нават людзі даволі сталага ўзросту. Яшчэ у 50-я гады, калі яны вярталіся з ссылак, то часта сяліліся не ў Літве, а побач з ёй, паколькі там ім было таксама не салодка. А ўзгадаць сваё, паразмаўляць людзям вельмі хочацца - таму і прыходзяць. Дарэчы, у планах стварэнне літоўскага таварыства на Гомельшчыне.

Што цікава, у Беларусі дагэтуль не існуе статуса нядзельных школак. Так яны і існуюць без закона. І не дай Бог якому-небудзь чыноўніку захочацца з гэтым не пагадзіцца.

У Літве ёсць школа для літоўцаў з-за межжа, якая існуе пад патранатам Сейма. Там вучацца дзеці з розных краінаў свету, у тым ліку і чатыры нашыя вучні.

- У такіх выпадках звычайна задаюць пытанне: якая перспектыва чакае гэтых дзяцей?

- Адукаваныя людзі патрэбны паўсюдна і неабавязкова яны застануцца жыць у Літве, або вернуцца ў Беларусь. Галоўнае, яны атрымаюць сучасную еўрапейскую адукацыю і змогуць выбраць сабе для жыцця і вучобы любую краіну, як гэта, дарэчы, робяць людзі ва ўсім цывілізаваным свеце.

- Калі дазволіш, я павярну гутарку трошкі ў іншым накірунку. У гісторыі так склалася, што літоўцы і беларусы пражылі ў адной дзяржаве больш чым 500 гадоў, а зараз, калі паглядзець на гэтыя два народы, то яны выглядаюць вельмі рознымі.

- Складанае пытанне. Гісторыя наогул штука сур'ёзная. Дарэчы, гэтыя 500 гадоў унікальныя часы для абодвух народаў. На маю думку, шмат на людзей паўплывала рэлігія. Адны засталіся каталікамі, другія ў большасці праваслаўныя. У гісторыі было шмат непрадбачаных паваротаў. Тым не менш, калі ўзгадаць пачатак ХХ ст., то дзе зараджалася ўсё беларускае - у тым самым Вільнюсе: першыя газеты, таварыствы, гімназія. Што датычыць нашых народаў зараз, то нас і надалей звязвае эканоміка, геаграфічная і культурная блізкасць. Беларускія пенсіянеры ездзяць гандляваць у Літву, дзе іх тавары з задавальненнем купляюць такія ж пенсіянеры, якім таксама жывецца значна цяжэй чым маладым. Гэта, канешне, дробны прыклад, але ён паказвае, што сувязі паміж нашымі людзьмі ні ў якім разе не прыпыняюцца. Дарэчы, памятаеш часы, калі ў Літве быў крызіс і літоўцы вымушаны былі ездзіць у Беларусь, каб купляць бензін. Як тады савецкая прапаганда не працавала супраць адлучыўшыхся літоўцаў, а беларусы ўсяроўна прадавалі і нават за так дзяліліся гэтым бензінам. Нашы народы заўсёды адчувалі і адчуваюць адзін аднаго. І адныя, і другія памятаюць, што яны маюць сваякоў ці сяброў: беларусы ў Літве, а літоўцы ў Беларусі. І як сваяку ці сябру не дапамагчы ў цяжкую хвіліну.

- Альгіс, а як удаецца падтрымліваць сувязь з Літвой?

- Гэта сувязь, асабіста ў мяне, не перарывалася ніколі. Больш таго, па магчымасці нас стараюцца падтрымаць, дапамагчы. З Літвы нам прыслалі шмат кнігаў, прыязджаюць настаўнікі і задарма выкладаюць у нашых нядзельных школках, святкуюць з намі разам святы. Літоўцы таму і захаваліся, што зразумелі: калі ў цябе няма мінулага, то ніколі не будзе будучыні.

- Наколькі я ведаю, літоўцаў жыве па свеце практычна столькі колькі ў самой Літве. Ці падтрымліваеце вы сувязь паміж сабой?

- Канешне. І больш таго сусветны літоўскі фонд стараецца нам дапамагаць: дасылаюць кнігі, часам нейкія сродкі. Гэта дапамога для нас вельмі адчувальная.

- Калі кажуць пра беларусаў, звычайна ім прыпісваюць такія рысы характару як сціпласць, талерантнасць... Як, на твой погляд, можна ахарактэрызаваць літоўцаў?

- Літоўцы падобныя да беларусаў, паколькі за доўгую гісторыю сумеснага існавання нашы народы шмат чаго ўзялі адзін ад аднаго. Гэта відавочна. Яны аднолькава працавітыя, толькі мне здаецца, што літовец ўсё ж больш асцярожны, ён адразу ні з кім цалавацца не будзе. Я вось прывяду прыклад. У вёсцы, дзе жыве мой брат, пасяліўся рускі чалавек. Спачатку мясцовыя людзі да яго прыглядаліся, а ён працаваў у калгасе, дапамагаў суседзям будаваць дамы, пазней быў сватам больш чым на 50 вяселях, хрысціў дзяцей. Ён стаў многім аднавяскоўцам бліжэйшым за брата ці сястру. І пры гэтым ён усяроўна застаўся рускім, хаця па-руску гаворыць цяпер з акцэнтам. Гэта я да таго, што літоўцам трэба трошкі больш падумаць.

- Тым не менш, літоўцы не задумваючыся першымі пасля развалу Саюза абвясцілі сваю незалежнасць...

- За часы імперскага панавання на нашых землях былі вынішчаны лепшыя людзі: інтэлігенцыя, гаспадары, нашых дзяцей вучылі чужой гісторыі, не ўзгадваючы пра сваю. Напрыклад, бітву пад Грунвальдам вывучалі і вывучаюць ва ўсіх еўрапейскіх вайсковых акадэміях. Французы стварылі аб гэтым выдатны серыял, як аб нечым непадражальным у гісторыі. А што мы ведалі ў савецкіх школах - толькі дату і не больш. Зрэшты, да гэтага не хочацца вяртацца і так усё добра вядома. Адзінае, літоўцы здолелі захаваць сваю мову, што заўсёды іх аб'ядноўвала і трымала разам.

- Наколькі мне вядома, ты нядаўна вярнуўся з 10-га Сейма літоўцаў свету, які адбываўся ў Вільнюсе. Якія ўражанні прывёз адтуль?

- Я яшчэ раз адчуў, што ўсе разам - мы сіла. Уяві сабе, што на Сейм з'ехаліся дэлегацыі больш чым з 30 краінаў свету: ЗША, Канады, Аўстраліі, Бразіліі, Уругвая, еўрапейскіх краінаў, краінаў СНД, прысутнічаў Прэзідэнт Літвы Валдас Адамкус, прадстаўнікі ўрада і парламента. Гаворка вялася пра рознае: эканоміку, палітыку, культуру, цікава, што прадстаўнікі ўрада ў сваіх выступах звярталіся да літоўцаў свету з тым, каб яны ў сваіх краінах рабілі па-магчымасці ўсё, каб дапамагчы ўступіць Літве ў НАТА і Еўрасаюз. Але самае ўсё ж галоўнае, што найбольш усіх нас турбавала - гэта праблема захавання і развіцця нашае культуры і мовы.

Асабліва прыемным была экскурсія ў Беларусь. Мы наведалі Пелясу, Ліду, Рымдзюны і Крэва. Дарэчы, у гэтым паспрыяў беларускі ўрад, бясплатна выдзеліўшы нам аўтобус. Было вельмі прыемна, асабліва прадстаўнікам дэлегацый з ЗША, Аўстраліі, Бразіліі, Уругвая і іншых далёкіх краінаў. Яны былі па просту ў захапленні ад убачанага.

- Дзякуй за гутарку.

Міхаіл КАРНЕВІЧ

Назад