Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

«Ворагі народа»

Загубленае дзяцінства

Кроў Ганаровага донара Рэспублікі Беларусь Галіны Віктараўны Ванішэўскай, жыхаркі горада Гродна, выратавала жыццё многім, вось толькі яе ў свой час ніхто не спрабаваў выратаваць. У дзяцінстве разам з старэйшым братам Іосіфам яны засталіся адзін на адзін са сваім горам. Тады Галіне Віктараўне было ўсяго 7 гадоў. А падзеі саракадзевяцігадовай даўніны складаліся так.

- Кастрычніцкім ранкам, - успамінае Галіна Віктараўна, - я, як звычайна, прыйшла ў школу. Дамоў вярталася ў добрым настроі. Настаўніца пахваліла за добра выкананае хатняе заданне. І раптам па дарозе сустрэла сваю матулю, якая ішла ў суправаджэнні двух мужчын у цывільным. Адразу заўважыла, што твар у мамы быў нейкі разгублены, губы нярвова дрыжалі. У мяне ад дрэннага адчування часцей забілася сэрца. А мама на хвіліначку прыпынілася і ціхім голасам сказала: "Ідзі дзіцятка да хаты, слухайся браціка, а я хутка вярнуся".

Яшчэ нешта хацела сказаць, але па ўсім было відаць, што яна вельмі перажывала, нават не змагла стрымаць слёзы.

А неўзабаве нашу маму судзілі. У той дзень было вельмі холадна. Мы з братам доўгі час прастаялі ля дзвярэй суда. Вельмі хацелася ўбачыць маму, але нас у залу суда не пусцілі. Мы стаялі ля дзвярэй і горка плакалі. Прыгавора суда мы ўсё ж дачакаліся, праўда, ён быў надзвычай суровы: дзесяць гадоў пазбаўлення волі ў папраўча-працоўных лагерах. Такой жорсткай атрымалася расправа над нашай мамай, простай, сціплай і працавітай жанчынай. А судзілі яе на падставе звычайнага паклёпу. Хтосьці данёс на маму, быццам яна перад людзьмі сказала, што пры буржуазнай Польшчы жылося лепш, чым пры цяперашняй уладзе. За гэта яе і зрабілі "ворагам народа".

Як жа нам жылося пасля ўсе гэтыя гады? Вельмі цяжка. Усяго давялося паспытаць з братам: і голаду, і холаду... На кожным кроку нас папракалі, тыкалі пальцамі, зневажалі, што мы дзеці "ворага народа". Каб пражыць, мусілі прадаць многія хатнія рэчы. Вельмі шмат дала мне тады падтрымка старэйшага брата Іосіфа, якому споўнілася толькі 17 гадоў. Яму дасталося больш чым мне. Але, нягледзячы на ўсе цяжкасці, ён не аддаў мяне ў дзіцячы інтэрнат, і пазней я была вельмі ўдзячна яму за гэта.

Маму вызвалілі толькі ў студзені 1956 года і нават знялі судзімасць. Аднак гэта нас мала цешыла, бо вярнулася матуля з далёкай Караганды вельмі хворай і прыкметна пастарэўшай. Пры жыцці яна так і не дачакалася поўнай рэабілітацыі, якая адбылася толькі ў 1992 годзе, калі матулі ўжо не было ў жывых. Заўчасна, у 54 гады, памёр і брат Іосіф. Трэба меркаваць, што сказалася цяжкае дзяцінства. Бацька пакінуў сям'ю, калі мне было ўсяго годзік, а Іосіфу 11.

- А ці ведала мама, хто зрабіў на яе данос? - пытаюся ў Галіны Віктараўны.

- Ведала, - гаворыць Галіна Віктараўна. - Яны ж былі не толькі даносчыкамі, але і сведкамі на судзе. Там маму строга папярэдзілі, каб яна нікому не называла іх прозвішчы, інакш зноў атрымае спаўна. Мама нават не назвала іх нам. А калі памерла, то гэтыя людзі прыйшлі да нас ў хату і прасілі ў мёртвай прабачэння за гора, якое яны здзейснілі для нашай сям'і.

Вось такі няпросты лёс, такое трагічнае і загубленае дзяцінства склалася ў Галіны Віктараўны Ванішэўскай. Цяпер гэтая жанчына на пенсіі, адпрацавала многія дзесяцігоддзі архівістам ў Гродзенскім абласным дзяржаўным архіве. Сама яна не трымае крыўды на людзей, якія займаліся даносам. Такі тады быў час. А вось памяць аб тым, што давялося перажыць і перанесці, яе не пакідае і цяпер.

Гэту гісторыю мы нездарма распавядалі для цябе, чытач. Справа ў тым, што і ў цяперашнім нашым жыцці, на жаль, шмат злосці і зыходзіць яна ад людзей, ад нас саміх. Мы задумваемся аб гэтым толькі тады, калі самі трапляем у бяду, але не хочам заўважаць тых, хто жыве з гэтым побач. Такое адчуванне, што гісторыя нас зусім не навучыла. Думаецца таму, што мы яе не ведаем. Жывем сваімі дробнымі патрэбамі і не можам з іх выбіцца за ўсё жыццё. Так і паміраем. А мы ўсё ж людзі... Можа варта калі-небудзь задумацца не толькі аб сваім страўніку, але і аб тым чаму мы так жывём, хто намі кіруе, куды вядзе. Здаецца, настаў ужо той час...

Ілля Барысаў

Назад