Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

"Наша тысяча гадоЎ" - новая кніга Ю. Хмялеўскага і С. Яновіча.

Трэба адразу папярэдзіць, што гэта кніга выключна для людзей дарослых. Аўтары так і папярэджваюць ва ўступе, што "гэтая кніга, як хто можа падумаць пра загаловак, не падручнік і не храналагічнае парадкаванне гістарычных дзеяў Беларусі".

Але цяперашнім шматлікім падручнікам па гісторыі Беларусі не хапае аналіза, да таго ж, няма ў іх перспектывы - а без яе траціць сэнс любая гістрычная рэтраспектыва - і тым болей новым для беларускай літаратуры ёсць тое, што Хмялеўскі і Яновіч не западаюць у краязнаўства: для іх гісторыя Беларусі пачынаецца менавіта з Крынак і Орлі, падбеластоцкіх мястэчак.

Такой кнігі - у форме дыялога - здаецца, у нас яшчэ не было. Былі банальныя інтэрв'ю, сваркі ў розных газетах, "вострая палеміка"… Тут не проста новы погляд на гісторыю ды сучаснасць, тут новы для нас спосаб думання. Не агітацыі ці палемікі: але аналіза.

У кнізе чатыры часткі - "Перад дарогай", "Малы край з вялікай Гісторыяй", "Следам місіянераў", "Слова гэта ўсё". Прысвечаны тыя часткі адпаведна "Беларускаму лёсу" (формула аўтараў), гісторыі ды рэчаіснасці Беларусі, рэлігійнаму (пераважна праваслаўна-каталіцкаму) жыццю Рэспублікі Беларусь і Беласточчыны, а таксама ўспамінам самаго Сакрата Янавіча пра свой лёс у літаратуры і месца ды тэхналогію літаратуры ў ХХ стагоддзі ўвогуле.

Тут самы час больш падрабязна прадставіць аўтараў.

Юры Хмялеўскі (1963 г.), інжынер-электрык. Заснавальнік, а з 1992 года галоўны рэдактар месячніка (беларуска-польскага) "Czasopis" у Беластоку.

Сакрат Яновіч (1936 г.), тэхнік-электрык. Абсальвент паланістыкі Варшаўскага Ўніверсітэта. Аўтар больш шасцідзесяці кніжак, што выходзілі ад Лондана да Мінска, літаратар з сусветным імянем, адзін з чатырох беларусаў, што ўваходзяць у Энцыклапедыю "Пісьменнікі Свету".

Кніга надрукавана ў Польшчы - і па-польску (дарэчы, што Яновіч, што Хмялеўскі свабодна пішуць як па-польску, так і па-беларуску). Так выходзіць, што нам, у Рэспубліцы Беларусь, трэба даходзіць да "Нашай тысячы гадоў" праз мяжу. Але - то не дзяржаўная мяжа. Гэта мяжа таксама іншых светапоглядаў. Бо хоць аўтары ільвіную долю ўвагі, нягледзячы на балючую бяду сваіх родных мясцінаў, аддаюць усё-такі Беларусі, мы застаемся абыякавымі. І не так да іх шматгадовай надзвычай цікавай па сваіх выніках працы, але… для свае ж Беларусі. Чаму? А бо яны, бачыце, не так думаюць, як мы прызвычаеныя, як нам спакайней.

"Адрараджэнцкага" чытача таксама здзівіла б, што аўтары нікога не абхайваюць, ад далёкіх уладцаў і да цяперашніх. Іх цікавіць проста той Край, той народ, сярод якога прыходзіцца жыць, які застаецца нязменным ад стагоддзя і да стагоддзя, які ўрэшце-рэшт сам дайшоў да такога жыцця, да якога дайшоў.

Адным словам, нічога падобнага я ў беларускай літаратуры да сённяшняга дня не бачыў. Трэба чытаць, абавязкова трэба чытаць!

Дарэчы, у Гродна зацікаўленаму чытачу знайсці гэтую кнігу няма клопатаў: у Беластоку бываем часта, кніга выйшла толькі гэтым летам, а калі яе забракне ў кнігарнях, то па даведкі можна звярнуцца ў рэдакцыю таго ж " Czasopisа" па вуліцы Ліпавай…

Алесь ЧОБАТ

Назад