Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Да 235-годзя з дня нараджэння М. К. Агінскага

АЎтар сусветна вядомага паланеза

Род Агінскіх з'яўляўся адным з самых старажытных у Вялікім княстве Літоўскім, свой пачатак ён браў ад Рурыкавічаў. Яшчэ ў ХІV ст. іх продак Ціт Фёдаравіч збег з Казельска да Літвы, якой пачаў служыць. Але менавіта пачынальнікам лініі Агінскіх з'яўляўся Дзмітрый Іванавіч Глушонак, які атрымаў ад вялікага князя Аляксандра Ягелончыка прывілей на маёнтак Агінты. Яго патомкі змянілі прозвішча Глушонак на больш шляхецкае Агінскі, узяўшы за аснову назву спадчыння ўладальніка Агіны.

Міхал Клеафас Агінскі нарадзіўся 25 верасня 1765 г. у Гузаве пад Варшавай, у маёнтку свайго бацькі Андрэя Агінскага, месніка літоўскага і старасты ашмянскага. Маці яго - народжаная графіня Шэмбэк.

У 1773 годзе, калі Міхалу споўнілася восем гадоў, да яго сястры Юзэфы быў запрошаны настаўнік музыкі, шаснаццацігадовы "прафесар", пазней таленавіты варшаўскі кампазітар, дэрыжор і арганіст Юзэф Казлоўскі. Пабываўшы на першых занятках настаўніка з сястрой, хлопчык папрасіў у бацькі дазволу таксама вучыцца музыцы, і з гэтага часу пачалося яго знаёмства з "цудоўнейшым з мастацтваў".

Улюбены ў музыку юнак у далейшым браў урокі ў вядомага харвацкага скрыпача Ярнавіча, а потым у такіх выдатных музыкантах , як Віоці, Камтанелі, Ляфан і Байо. Але ўсё ж найбольшае значэнне ў фарміраванні творчага аблічча М. К. Агінскага мелі заняткі менавіта з Ю. Казлоўскім, з якім у яго адразу наладзіліся цёплыя сяброўскія адносіны. Яны працягваліся і ў час сустрэч абодвух кампазітараў у Варшаве, Пецярбурзе і ў маёнтках Агінскіх. Развіццю музычнага таленту маладога чалавека спрыяла знаёмства з самымі разнастайнымі творамі, якія ён слухаў разам з бацькамі. Міхал Клеафас атрымаў да 20-ці гадоў добрую адукацыю: ён размаўляў на некалькі мовах, добра ведаў літаратуру і гісторыю Еўропы, іграў на некалькіх музычных інструментах, нядрэнна маляваў.

Як усе прадстаўнікі роду Агінскіх, Міхал Клеафас рана пачаў кар'еру. У 19 гадоў ён стаў паслом Сейма 1784г. У 1789 - Агінскі зноў пасол, акрамя таго, стаў камісарам скарбовым і стварыў тапаграфічную карту апошняй мяжы паміж Жмуддзю і Прусіяй. У тым жа 1789 годзе, ён стаў мечнікам літоўскім. Кароль Рэчы Паспалітай прыняў рашэнне паслаць Міхала Клеафаса з дыпламатычнымі даручэннямі ў Галандыю і Англію. Ён працаваў за мяжой два гады, дзе ў сучаснікаў склалася вельмі добрае ўражанне аб ім як аб пасле, і як аб чалавеку.

Міхал Клеафас вярнуўся дадому раней тэрміну, бо для яго Радзімы надышлі цяжкія часы. 3 мая 1791г. Чатырохгадовы сейм прыняў Канстытуцыю і Рэч Паспалітая падзялілася на два лагеры. Агінскі быў пакараны за тое, што падтрымліваў перадавыя ідэі - на яго маёмасць наклалі секвестр. Але Агінскага гэта не стрымала.

У тыя часы Міхал Клеафас сышоўся з сваім далёкім сваяком - Міхалам Казімірам Агінскім, вялікім гетманам літоўскім. У свае часы Міхал Казімір іграў вяліую ролю ў палітычным жыцці Рэчы Паспалітай, ён быў вядомы ва ўсёй дзяржаве і сваёй асветніцкай дзейнасцю. Яго музычны тэатр у Слоніме быў адным з лепшых у краіне. У абодвух Агінскіх была агульная цікавасць да музыкі. У апошнія гады жыцця гетмана іх адносіны сталі яшчэ больш блізкімі і вельмі сардэчнымі. Па сённяшні дзень сярод гісторыкаў і музыказнаўцаў выказваюцца думкі, што Міхал-Казімір перадаў свайму пляменніку музычны архіў. Міхал-Клеафас набыў ад свайго дзядзькі маёмасць, якая была закладзена ў цяжкія для яго часы. Хто ведае, ці не пад уплывам творчай дзейнасці літоўскага гетмана Міхал-Клеафас у гэты час напісаў свае першыя паланэзы? На жаль, яны не дайшлі да нашых часоў.

Неўзабаве пачалося паўстанне 1794г. пад кіраўніцтвам Т.Касцюшкі. М. Клеафас Агінскі не вагаючыся, становіцца на бок паўстанцаў. Ён перадае значную частку ўласных сродкаў Нацыянальнаму савету, членам якога яго абіраюць, сам фарміруе і ўзначальвае воінскую часць, удзельнічае ў некалькіх баях.

Аднак і ў разгар гэтых падзей кампазітар не забываецца на музыку. Наадварот - яго творчасць робіцца актыўнай і надзённай. Агінскі стварае маршы. У свой час выказвалася думка, што нават знакаміты твор "Яшчэ Польша не загінула" належыць менавіта яму.

Калі паўстанне было задушана царскімі войскамі, Агінскаму і групе патрыётаў удалося дабрацца да Вены. Туды яшчэ раней выехала яго жонка Ізабелла, народжаная Лясоцкая. Гэта маладая і прыгожая жанчына зрабіла вельмі многае, каб выратаваць свайго мужа. Ад яе адвярнуўся ўвесь вышэйшы "свет", яе не прымалі ў знатных дамах, за тое, што ў Вене ў яе доме жыў малады мужчына, з якім яна не была павенчана. А на самой справе ніхто не ведаў, што ў яе доме пад чужым прозвішчам жыў яе муж Міхал-Клеафас Агінскі. Пазней маладая сям'я перабіраецца ў Венецыю.

Агінскі добра ўсведамляў небяспеку, што пагражала яму як удзельніку паўстання, але, нягледзячы на гэта, падтрымліваў цесныя сувязі з многімі польскімі эмігрантамі, якія шукалі шляхоў і спосабаў дапамагчы сваёй спакутаванай радзіме. За гэтыя гады амаль без граша, без дапамогі з былой Рэчы Паспалітай Агінскі пераязджае з аднаго еўрапейскага горада ў другі, шукаючы выхаду з цяжкага становішча.

Між тым на расійскі трон узышоў Аляксандр І, а незадоўга да гэтага быў выпушчаны з турмы Т. Касцюшка і некаторым удзельнікам паўстання была аб'яўлена амністыя. М. К. Агінскі піша цару ліст, і ў канцы 1801 года яму дазваляюць вярнуцца на бацькаўшчыну.

Тут, у нашым Гродне, ён прысягае на вернасць рускаму Імператару. Агінскі і раней часта бываў у Гродне. Гэта былі часы, калі маладым паслом ён удзельнічаў у паседжаннях Сейма, і ў часы падрыхтоўкі паўстання ў 1794 годзе. З Гродна, пасля прыняцця прысягі, Міхал Клеафас ад'яжджае ў Пецярбург. Цар Аляксандр І вярнуў Агінскаму яго ўладанні і прызначыў сенатарам Расійскай імперыі, а потым прысвоіў чын тайнага саветніка. Пры частых сустрэчах імператар абмяркоўваў з Аінскім грамадскі лад будучай польскай дзяржавы на чале з рускім царом, але гэта былі "абяцанні рэформ".

28 красавіка 1802г. М. К. Агінскі пакінуў Пецярбург, каб назаўсёды пасяліцца на радзіме сваіх продкаў. Дзядзька - Францішак Ксаверы Агінскі - падараваў пляменніку ў ашмянскім павеце маёнтак Залессе, што здаўна належыў іх роду. Туды і прыехаў Агінскі. Там яму было наканавана пражыць 20 гадоў.

Прыехаўшы ў Залессе, Агінскі неадкладна бярэцца за перабудову маёнтка. Замест старога палаца з вялікім французкім паркам ён пабудаваў новы, паводле планаў і малюнкаў прафесара архітэктуры Віленскага універсітэта М.Шульца. У адпаведнасці з духам часу заклаў англійскі парк, а таксама вялікі батанічны сад з рэдкімі раслінамі, звярынец. Пабудаваў альтанку. Рэчкі Бабрынку і Рудзічу, што агіналі сядзібу з поўдня, перагарадзіў запрудай. Усе дарогі ад палаца былі засаджаны дрэвамі.

Да 1809г. было закончана будаўніцтва галоўнага корпуса. З двух бакоў былі ўзведзены аранжэрэі. Цэнтральны ўваход вылучаўся 4-х калонным порцікам, над палацам ўздымалася невялічкая вежачка з гадзіннікам і званочкамі.

Унутраная планіроўка і ўбранне палаца дазвалялі размесціць тут не толькі жылыя пакоі, але і мноства гасцінных і салонаў. У многіх пакоях знаходзіліся музычныя інструменты.

Адначасова распачаліся работы па закладцы новага парка. З перапіскі Агінскага відаць, што стварэнню паркаў ён надаваў найбольшую ўвагу. Размешчаны за палацам, парк адпавядаў новым ўзорам будаўніцтва, калі на змену геаметрычнай правільнасці францускага парка прыйшла натуральнасць і пейзажнасць англійскага.

Новы залескі парк меў рамантычны характар: акрамя розных павільёнаў, альтанак, масткоў, у маляўнічых кутках былі ўстаноўлены памятныя камяні. Адзін з іх - у гонар Тадэвуша Касцюшкі. Гэты камень быў не толькі данінай памяці "вечнаму валанцёру" свабоды, але і знакам вернасці гаспадара залесскай сядзібы ідэям паўстанцкай маладосці.

Другі камень - з удзячным прысвячэннем Жаку Ралею, які быў гувернерам Міхала Клеафаса і, па сведчанню самаго кампазітара, меў значны ўплыў на на фарміраванне яго светапогляду і характару.

Залессе было любімай мясцінай Агінскага. Дзе б ён не быў - у Вільні, у Пецярбургу, Парыжы ці Рыме - вяртаўся абавязкова сюды. Тут збіраліся шматлікія аднадумцы і сябры, тут абмяркоўваліся грамадскія і палітычныя справы, праслухваліся новыя музычныя і літаратурныя творы. Частым госцем у Залессі быў стары настаўнік і сябра Міхала Клеафаса - Юзэф Казлоўскі.

На Гродзенскай зямлі, у Залессі, Агінскі пражыў амаль 20 гадоў. У 1822г. не дачакаўшыся ад рускага імператара рэформ на радзіме, стаміўшыся ад бясконцых гаспадарчых і фінансвых клопатаў, Міхал Клеафас Агінскі назаўсёды пакінуў зямлю сваіх продкаў.

Пражыўшы год у Дрэздане і Парыжы, ён абсталяваўся ў Фларэнцыі. Тут кампазітар устанавіў дзелавыя і сяброўскія сувязі са знакамітым міланскім выдаўцом Джавані Рэкордзі, які выпусціў шэраг яго твораў, у тым ліку "Восем апошніх паланэзаў".

У Італіі Міхал Агінскі выконваў у салоне рускага пасла свае паланэзы і новыя творы, акампанаваў жонцы пасла, калі яна спявала яго рамансы. Вельмі часта прымаў сваіх сяброў, сярод якіх была і выдатная піяністка Марыя Шыманоўская. Яна была сяброўкай Гётэ. Сваю музычную кар'еру пачала аматаркай, а скончыла як прафесіянал высокага класа. Агінскі дапамагаў ёй у арганізацыі канцэртаў і выступленняў.

Пасля ад'езду Шыманоўскай, яны доўгія гады вялі сяброўскую перапіску.

У 20-я Гады Агінскі апублікаваў многа новых паланэзаў і вакальных твораў. Знакаміты паланэз "Развітанне з радзімай" яшчэ пры жыцці аўтара стаў шырока вядомы. Гэта назва замацавалася за паланэзам у цяжкія гады пасля паражэння паўстання 1830-31гг.

У пачатку 30-х гадоў здороўе кампазітара пагоршылася. Памёр ён 15 кастрычніка 1833 года. Яго склеп знаходзіцца ў старажатным фларэнційскім храме-пантыёне Санта Крочэ.

Праз некалькі гадоў пасля смерці кампазітара варшаўскі выдаўца Рудольф Фрыдлейн надрукаваў зборнік, у які ўвайшлі 14 паланэзаў Агінскага.

Ю. ШАСТАК

Назад