Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Час і моладзь

НОВАЕ ПАКАЛЕННЕ ВЫБІРАЕ PEPSI

Як абудзіць нацыянальную свядомасць у гродзенскіх вучняў? Гэтае пытанне абмяркоўвалі ўдзельнікі навукова-практычнай канферэнцыі, якая праходзіла ў мінулую нядзелю ў памяшканні грамадскага аб'яднання "Ратуша". Арганізатарамі мерапрыемства сталі Гродзенскае аб'яднанне ветэранаў вайны, працы і Узброеных Сілаў, Каардынацыйны камітэт "Гродзенская ініцыятыва" і Маладзёжны цэнтр культуры імя Кастуся Каліноўскага.

Настаўнікі-кіраўнікі гурткоў дзяліліся досьведам творчай працы з вучнямі. Расказвалі пра тэатральныя пастаноўкі, чыталі вучнёўскія вершы і сачыненні. Аказалася, што прыцягнуць вучняў да творчай дзейнасці не такая лёгкая справа. Асабліва, калі ўлічыць той факт, што з кожным годам пачатковая школа робіць вучняў усё больш зрусіфікаванымі. Беларускай мовай не грэбуюць адзінкі. Гэта стала заўважна нават на паэтычных конкурсах, дзе ўсё часцей гучаць вершы, напісаныя па-руску. Што тычыцца старэйшай моладзі, дык яна рэдка захапляецца вершамі. Вельмі трапна абмаляваў сітуацыю адзін з дакладчыкаў, выкладчык Гродзенскага універсітэта Генадзь Семянчук.

Запляваны ГрДзУ

"Як выглядае ганак галоўнага корпуса Гродзенскага універсітэта? На запляваных прыступках студэнты лаюцца матам. Зараз, як і ў брэжнеўскія часы, на моладзь найбольш уплываюць два "монстры" - вуліца і школа. Сям'я адыходзіць на трэцяе месца".

Спадар Семянчук расказаў пра дзейнасць Клуба "Дэбаты": "Што трэба, каб прыцягнуць маладых людзей да клуба? Па-першае, кіраўнік гуртка павінен быць ідэалам - маральным, этычным, інтэлектуальным. Другое. Беларускі савецкі фальклёр цяпер не ўспрымаецца. Каб зацікавіць моладзь, для дыскусіі лепей выбіраць сучасныя тэмы. Напрыклад, "Беларускі мужчына і беларуская жанчына". Галоўнае ў дыскусіі - яе добраахвотнасць. Пасля можна перайсці да літаратуры. Тут мы сутыкнемся з праблемай. Нашы дзеці не чытаюць. Чаму не чытаюць дзеці? Бо не чытаюць бацькі. Кожны дзень яны зарабляюць сваю капейку. Стомленая пасля працы маці перад тэлевізарам напалову соннымі вачыма сочыць за лёсам Фернанда. На кніжкі проста не хапае часу. Вернемся да заняткаў. Тут можна пачаць нават са спіса літаратуры. Галоўнае, каб кнігі адрозніваліся ад школьнай праграмы. Можна прынесці нават "Нашу ніву", "Спадчыну" альбо "Arсhe". Наступная тэма дыскусіі - мода…"

Людзі ды "балота"

Святлана Марозава, якая таксама працуе ў ГрДзУ, накідала карціну сучаснага беларускага грамадства, што не здольна выхаваць нацыянальна свядомую моладзь: "2,5 мільёны насельніцтва Беларусі - гэта пенсіянеры. Яны складаюць 1/3 выбаршчыкаў. Атрымліваецца, Беларусь вельмі старая краіна. Да таго ж, большасць гараджанаў складаюць выхадцы з вёскі. Яны жывуць адначасова ў дзвюх субкультурах: індустрыяльнай і патрыярхальнай. Болей за 70% жыхароў нашай рэспублікі дагэтуль маюць натуральную гаспадарку. Беларускае грамадства падзелена на дзве няроўныя часткі. Першая - гэта эліта. Другая, значна большая частка - пасіўная. Асаблівасць беларускай сітуацыі ў тым, што раскол паміж гэтымі дзвюма групамі павялічваецца. У Заходняй Еўропе кансалідацыі грамадства заўсёды спрыяла пагроза сацыяльнай або экалагічнай катастрофы. У нас на гэта не паўплывала нават Чарнобыльская катастрофа.

Аптымісты казалі, што задушванне дэмакратыі прывядзе беларускае грамадства да асэнсавання яе каштоўнасцяў. Усё атрымалася наадварот. Застаецца толькі надзея на змену пакаленняў. Моладзь трэба выхоўваць праз гісторыю. Існуе шмат прыкладаў таго, як у цяжкія для краіны часы велічная гісторыя з'яўлялася моцным фактарам маральнай падтрымкі народа. Так было ў Польшчы, Украіне, Літве".

І.А.

Назад