Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

РАСIЙСКI ПРАРЫЎ ПРАЗ МАЧУЛЬНА

Каля 300 млн. кВтч электраэнергіі да канца года складзе экспарт Расіі ў Польшчу і Германію праз Беларусь. У мінулую нядзелю побач з вёскай Мачульна Ваўкавыскага раёна на агульнападстанцыйным пункце кіравання "Рось" адбылася цэрымонія адкрыцця лініі транспартыроўкі электраэнергіі "Расія-Беларусь-Польшча-Германія".

На ім прысутнічаў старшыня РАО "ЕС России" Анатоль Чубайс, прэм'ер-міністр Беларусі Уладзімір Ярмошын і прэзідэнт кампаніі "Белэнерга" Яўген Мішук.

На самой справе размова вядзецца аб продажы электраэнергіі ў Германію. Пакупніком яе выступіла нямецкая кампанія "Прайсэн-электра". Зразумела, што для расійскай кампаніі гэта шанец замацавацца ў Еўропе і магчымасць канкурыраваць з еўрапейскімі вытворцамі электраэнергіі.

А.Чубайс назваў гэты праект унікальным і першым у гісторыі чалавецтва. Ён зазначыў, што Расія зрабіла сапраўдны прарыў на Захад: замест традыцыйнай сыравіны прадаецца высокатэхналагічны прадукт. З яго словаў, зрабіць гэта было даволі няпроста, паколькі на Захадзе быў аказаны пэўны супраціў. Да таго, падрыхтоўка працягвалася больш чым паўтары гады і падчас здавалася, што здзейсніць гэта будзе немагчыма. А. Чубайс вельмі дзякаваў беларускім энергетыкам, якія аказаліся па-сапраўднаму надзейнымі партнёрамі.

Пагадненне на пастаўку электраэнергіі паміж Расіяй, Польшчай і Германіяй падпісана пакуль толькі да канца 2000 года, але ўжо зараз відавочна, што перспектывы ёсць. Па словах старшыні РАО, праект ацэньваецца ў мільярд даляраў і ён выгодны для ўсіх краінаў, якія ў ім удзельнічаюць. За кожны прададзены кілават электраэнергіі ў Расіі магчыма атрымаць два кілаваты электраэнергіі - зазначыў А.Чубайс. Адказваючы на пытанні журналістаў, А Чубайс падкрэсліў, што не змяніў сваіх поглядаў на інтэграцыйныя працэсы і стварэнне Саюза Беларусі і Расіі. На яго думку, канкрэтныя эканамічныя праекты, якія выгодныя для двух народаў, можна здзяйсняць і без Саюза. Як прыклад, ён яшчэ раз назваў экспарт электраэнергіі ў заходнія краіны з Расіі праз Беларусь.

У.Ярмошын, прэм'ер Беларусі, таксама не хаваў свайго задавальнення: "Мы можам працаваць разам нават калі ў нас розныя эканамічныя ўклады". Ён назваў гэты праект смелым і зазначыў, што адпачатку не быў перакананы ў яго рэалізацыі, аднак цяпер з'явіліся пэўныя перспектывы і на ажыццяўленне іншых праектаў сумесна з РАО "ЕС России". З прыцягненнем расійскіх інвестыцый плануецца будаўніцтва Зэльвенскай ГРЭС, а таксама экспарт электраэнергіі з Расіі праз Беларусь у Паўднёвым накірунку.

Прэм'ер Беларусi У.Ярмошын, кiраўнiк РАО "ЕС России" А.Чубайс i ?прэзiдэнт кампанii "Белэнерга" Яўген Мiшук.

Праўда, гэта толькі планы. А рэальна ў энергетычнай галіне Беларусі 50 працэнтаў абсталявання маральна і фізічна састарэлі. Да прыкладу, падстанцыя "Рось", была пабудавана ў 1962 годзе і цяпер там яшчэ дзейнічае абсталяванне з 1963 года.

Дарэчы, на цэрымонію былі запрошаны прэзідэнт Польскіх электрычных сетак і намеснік міністра эканомікі Польшчы. Ніхто з іх не прыехаў.

М.КАРНЕВІЧ

Назад