Сумныя Дзяды
Першага лістапада на Дзяды падчас ускладання кветак да помніка Янкi Купалы ў Гродне былі арыштаваны 23 чалавекі і дастаўлены ў Ленінскі РАУС. Міліцыя паводзіла сябе надзвычай жорстка і безапеляцыйна.
Яшчэ днём актывісты Беларускага народнага фронту, Грамады, Маладога фронту і Маладой Грамады абыйшлі гро- дзенскія могілкі: усклалі кветкі і запалілі знічы на магілах нашых слаўных землякоў, як і прынята ў народнай традыцыі. Увечары знічы былі запалены на чыгуначным вакзале побач з памятнай шыльдай паўстанцам 1863 года. Пасля гэтага група прыкладна з трыццаці чалавек арганізавана па тратуарах накіравалася да помніка Я.Купалы. Тут таксама паспрабавалі запаліць знічы і развярнулі бела-чырвона-белыя сцягі. Раптам да помніка пад'ехала каля дзесяці міліцэйскіх машынаў, з якіх пачалі выскокваць людзі ў форме і арыштоўваць сабраўшыхся. Тым, хто не пагаджаўся, дасталося асабліва цяжка. Некаторых павалілі на мокры асфальт, адзелі кайданкі і сілком уцягнулі ў машыны. Актывістцы Маладой Грамады Святлане Нех пашкодзілі палец. 23 чалавекі завезлі ў Ленінскі РАУС, на ўсіх склалі пратаколы. Праўда, затрыманыя дружна адмовіліся іх падпісваць. Дваім актывістам БНФ – Пятру Анісімовічу і Міколе Ворану – выпісалі позвы ў суд на наступны дзень за арганізацыю несанкцыянаванага шэсця. Людзей пратрымалі ў пастарунку каля дзьвух гадзін, пасля чаго адпусцілі.
Цікава, што ўсе 23 чалавекі ізноў вярнуліся да помніка Я.Купалы, запалілі знічы, усклалі кветкі. Затым ушанавалі памяць М.Багдановіча, А.Міцкевіча, запалілі знічы каля помніка Вітаўта, шыльды паўстанцаў Т.Касцюшкі і Знака на Грунвальд, што побач з Каложай, як і было запланавана адразу. На наступны дзень суд над П.Анісімовічам і М.Воранам не адбыўся, паколькі яны запатрабавалі весці працэс на беларускай мове. Дарэчы, працэс перанесены на сёння.
І яшчэ. Да 1995 года Дзяды ў нашай краіне лічыліся дзяржаўным святам, быў выхадны дзень, і ўсе людзі ішлі на могілкі, каб памянуць сваіх родных. Пасля разгону ўладай Вярхоўнага Савету 13 склікання ў Беларусі адмянілі гэта свята і замянілі яго 7 лістапада – днём, калі ў 1917 годзе ў Расіі адбыўся бальшавіцкі пераварот.
М.КАРНЕВІЧ
|