Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Акцы?

Моладзь патрабуе пераменаЎ!

У мінулую нядзелю падчас несанкцыянаванай акцыі «Моладзь патрабуе пераменаў» у Гродне было затрымана 15 чалавек. Трое з іх аказаліся непаўналетнімі, шасцёра – дзяўчатамі.

Акцыя адбывалася ў 15.00 побач з Домам сувязі, а не так як дазволілі ў гарвыканкаме – у 17.00 побач з кінатэатрам Кастрычнік, у нешматлюдным месцы. Пікет ладзілі прадстаўнікі Маладога Фронту і Маладой Грамады. Над затрыманымі ў аўторак і сераду адбываліся судовыя працэсы ў Ленінскім раённым судзе. На момант выхаду газеты прысуд агалосілі студэнту Дзянісу Міхальчыку і рабочаму Сяргею Клімуку. За ўдзел у несанкцыянаваным пікеце суддзя Ярашэвіч прысудзіў хлопцам па 30 мінімальных заробкаў, альбо па 108 тысяч рублёў штрафу. Аб выніках астатніх судовых працэсаў «БИ» паведаміць у наступным нумары.

Згодна з паведамленнямі інфармацыйнага цэнтра маладзёжнай кааліцыі «Пераменаў!», мерапрыемствы пад гэтым лозунгам адбыліся ў 25 гарадах Беларусі. Амаль усе яны насілі несанкцыянаваны характар. У Мінску па звестках прэс-цэнтра кааліцыі «Пераменаў!» было затрымана больш 300 чалавек. У ГУВД Мінгарвыканкама паведамілі, што міліцыя затрымала 112 чалавек.

«Моладзь больш ня можа цярпець зьдзеку й маразму гэтага састарэлага рэжыму. Моладзь больш ня хоча пакутаваць ад сацыяльнае й эканамічнае няўладкаванасьці ды адсутнасьці пэрспэктываў. Краіна дасягнула крытычнага моманту. Больш трываць – немагчыма!» – гаварылася ва ўлётках, што распаўсюджвалі ўдзельнікі акцыі. Побач з «Домам сувязі» сабралася каля 50 чалавек пад бела-чырвона-белымі сцягамі і з плакатамі ў руках: «У ХХІ ст. без дыктатуры!», «Змяні сваё жыццё – пачні сёньня!», «За вольную Беларусь!», «Пераменаў!» і іншымі. Хвілінаў праз дзесяць да сабраўшыхся пад'ехала машына з АМАПам. Першымі былі затрыманы лідэры маладзёвых арганізацый – Святлана Нех і Андрэй Мялешка. Неўзабаве пад'ехалі яшчэ два аўтобусы: «УАЗ» і «ЛАЗ». У апошні і павялі ўдзельнікаў акцыі. Затрыманыя не аказвалі супраціву. Дарэчы, бралі толькі тых, хто трымаў у руках сцягі альбо плакаты. Увесь працэс фільмавалі два міліцэйскія аператары на відэастужку. Аўтобус з затрыманымі накіраваўся ў Ленінскі РАУС. Астатнія ўдзельнікі акцыі арганізавана накіраваліся на вуліцу Тэльмана, дзе і прастаялі пад вокнамі пастарунку амаль тры гадзіны.

Затрыманых прывялі ў актавую залу. Тым, хто адмовіўся размаўляць па-руску, капітан Вялічка прыгразіў: «Сейчас посадим вас в камеру – там вы подумаете, на каком языке нужно разговаривать...». Трохі пазней з'явіліся оперупаўнаважаныя і кожны з іх павёў у свой кабінет па два чалавекі. Я патрапіў да А.Г.Шэўчыка, які, як і астатнія оперы, быў у штацкім і падкрэслена прыстойна сябе паводзіў. Усе яго пытанні зводзіліся да аднаго: «Адкуль вы даведаліся пра акцыю? Навошта вы туды пайшлі? Партыйнасць?». Потым чамусьці ён завёў размову пра беспрацоўе і калгасы, маўляў, на вёсцы няма каму працаваць. Пасля чаго ізноў вярнуўся да партыйнасці. А з боку актавай залы даносіўся шчыры смех. Крыху нярвозны, але шчыры...

Пад вокнамі ўвесь гэты час чакала «група падтрымкі» – 20-30 чалавек. Яны спявалі беларускія песні, сустракалі кожнага затрыманага апладысментамі. Кожны з тых, хто выходзіў з пастарунка, паказваў позву ў суд. Чатыры чалавекі не выйшлі. Андрэя Мялешку, Андрэя Мельнікава, Алеся Лашкоўскага і Святлану Нех пакінулі ў камерах. На наступны дзень іх пасля дзесяці раніцы прывезлі ў суд Ленінскага раёна, дзе ўжо сабралася тая ж моладзь, што ўдзельнічала ў нядзельнай акцыі.

У панядзелак нічога не вырашылася. У судзе толькі выдалі новыя позвы на аўторак і сераду. У аўторак адбылося пяць працэсаў, але прысуд быў вынесены толькі па двух. Запомнілася як Дзяніс Міхальчык, адказваючы на пытанне суддзі – што ён трымаў у руках падчас пікета, адказаў – плакат з надпісам: «Беларусь – гэта святое». Аднак, патрыятычны лозунг на рашэнне суддзі паўздзейнічаў, відаць, адмоўна – 108 мінімалак штрафу для студэнта... Дарэчы, некаторыя працэсы былі перанесены на 21 лістапада ў сувязі з тым, што падсудныя запатрабавалі весці працэс на беларускай мове. Нашы суддзі, як вядома, дзяржаўнай беларускай мовай не валодаюць, таму працэсы перанеслі з тым, каб знайсці перакладчыка.

Тым часам міжнародныя праваабарончыя арганізацыі «Міжнародная амністыя» і «Міжнародная ліга правоў чалавека» выступілі з заявай, у якой асуджаецца разгон маладзёжных апазіцыйных дэманстрацый 12 лістапада. «Міжнародная амністыя» заявіла, што ўсе затрыманыя ў ходзе мірных акцый пратэсту будуць лічыцца вязнямі сумлення. «Беларусь павінна засвоіць, што ганебнае выкарыстанне сілы супраць маладых людзей, многія з якіх яшчэ зусім дзеці, ніяк не паляпшае і без таго скандальны імідж гэтай краіны на міжнароднай арэне. Такія праявы насілля супярэчаць міжнародным абавязкам, якія ўзяла на сябе Беларусь», – падкрэсліваецца ў заяве.

Д.ЯГОРАЎ,

М.КАРНЕВІЧ

Назад