Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Крыж над горадам

У ноч з 28 на 29 лістапада ў цэнтры Гродна, побач з Савецкай плошчай, дзе стаяў некалі першы ў горадзе касцёл - Фара Вітаўта - невядомымі быў пастаўлены вялікі чатырохмятровы крыж з бела-чырвона белымі стужкамі. На ім прымацавана шыльдачка з надпісам: «На гэтым месцы ў 1961 годзе была ўзарвана Святыня Зямлі Нашай - Фара Вітаўта, помнік архітэктуры ХІV-ХVІ ст. Варварства здзейснена камуністычным рэжымам. Мы верым, што крыжы касцёла ўзнясуцца над нашым горадам». Цікава, што крыж быў пастаўлены ў той самы дзень, калі 39 гадоў таму касцёл узарвалі.

Першы ў нашым горадзе, адзін з першых у Беларусі каталіцкіх храмаў, касцёл быў пабудаваны напрыканцы ХІV ст. па загаду Вялікага князя Літоўскага Вітаўта ў гонар Успення Божай Маці. На той час драўляны касцёл з’яўляўся адным з самых буйных па памерах сярод каталіцкіх храмаў. Напрыканцы ХVІ ст. па загаду кароля Стэфана Баторыя касцёл быў змураваны нанова, на новым фундаменце. Новы касцёл набыў готыка-рэнесансныя рысы. Найбольш верагодна, што аўтарам праекта мураванага касцёла быў Санці (Ксанці) Гучы - архітэктар караля. Менавіта ў Фары Вітаўта кароль С.Баторый рыхтаваў сваю будучую грабніцу, у якой і быў пахаваны пасля сваёй смерці. Аднак праз паўгады быў перавезены ў Вавель.

У канцы ХVІІІ ст., пасля падзелаў Рэчы Паспалітай, Беларусь была далучана да Расійскай імперыі, а Фара Вітаўта па загаду імператара Аляксандра І перададзена праваслаўнай царкве. У 1892 годзе храм згарэў, пасля чаго быў перабудаваны расійскімі ўладамі ў прымітыўным псеўдарускім стылі.

У 1918 годзе яго зноў вярнулі каталіцкім вернікам, а ў 1923-1925 гг польскія ўлады перабудавалі Фару. Такім касцёл і застаўся стаяць да 1961 года. Ён перажыў шмат ліхалеццяў, войнаў, яго перадавалі пад склад збожжанарыхтовак, склады тонкасуконнага камбіната, ДТСААФ, а 8 сакавіка 1961 года гарвыканкам прыняў рашэнне №213 аб зносе касцёла. У ноч з 28 на 29 лістапада спецыялісты «Ленвыхпрама», вайсковыя сапёры і супрацоўнікі КДБ выканалі гэты варварскі прысуд. Храм быў узарваны.

І толькі праз 39 гадоў на нашай зямлі знайшліся сапраўдныя патрыёты, якія не баючыся лукашэнкаўскага рэжыму, устанавілі крыж на месцы касцёла. Сімвалічна, што гэта зроблена менавіта цяпер, калі ўся наша Беларусь стаіць на мяжы вялікіх пераменаў. І трэба думаць, да лепшага...

М.КАРНЕВІЧ

Назад