Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Яшчэ адзін страйк прадпрыймальнікаў

Гродзенскія прадпрыймальнікі падтрымалі 23 лістапада аднадзённы папераджальны страйк, які праходзіў больш чым у 20 гарадах Беларусі.

У ім брала ўдзел звыш 150 тысяч чалавек.

З самай раніцы пуставаў адзін з буйнейшых рынкаў краіны ў пасёлку Паўднёвы, а таксама Скідальскі рынак у цэнтры Гродна. Рашэнне аб папераджальным страйку было прынята на паседжанні Каардынацыйнага савета прадпрыймальніцкіх арганізацый у Мінску, які расцаніў сітуацыю на рынках краіны, як крытычную. Згодна з заявамі прадпрыймальнікаў сітуацыя значна пагоршылася пасля ўступлення ў сілу пастановы Дзяржаўнага мытнага камітэта №55 «Аб мытным афармленні тавараў, увозімых на тэрыторыю РБ з тэрыторыі РФ, вырабленых у трэціх краінах і выпушчаных у абарот у РФ». Пастанова абавязвае прадпрыймальнікаў рабіць дэклараванне, мытнае афармленне тавараў, плаціць пошліну ў памеры 20-60% і падатак на дабаўленую вартасць 10-20%. Мясцовыя прадпрыймальнікі патлумачылі, што яны патрабуюць спрасціць надзвычай грувасткі парадак іхняе дзейнасці, паколькі пастанова мытнага камітэты патройвае колькасць неабходных дакументаў для прадпрыймальнікаў. Яны таксама незадаволены і арэнднай платай: метр гандлёвай плошчы на рынках цяпер каштуе 20-25 долараў ЗША у месяц, а метр офіснай плошчы – 10-13 долараў. Прадпрыймальнікі ніяк не могуць пагадзіцца, што з імі не ўзгадняўся праект дэкрэта «Аб адзіным падатку». Прафсаюзныя арганізацыі прадпрыймальнікаў выступаюць катэгарычна супраць павышэння ставак фіксаванага падатку. Праект дэкрэта прадугледжвае павелічэнне стаўкі ў паўтара раза. Зрэшты, як кажуць самі гродзенскія прадпрыймальнікі, працаваць стала практычна безсэнсоўна.

М.КАРНЕВІЧ

Назад