Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Урок за вольнадумства

21 лістапада Упраўленне адукацыі Гродзенскага аблвыканкама адмовілася працягваць кантракт з дырэктарам ГПТУ №49 хімікаў Паўлам Пятровічам Касцюкевічам.

Па ўмовах кантракта Упраўленне не павінна тлумачыць прычыны свайго нежадання. Аднак сам П.Касцюкевіч на прэс-канферэнцыі патлумачыў журналістам, што галоўная прычына ягонага звальнення крыецца ў палітычных матывах. Ён не ўдзельнічаў у парламентскіх выбарах, паколькі лічыць іх фарсам. Хаця, як дырэктар дзяржаўнай установы, дзе знаходзіўся выбарчы ўчастак, зрабіў усё неабходнае, каб забяспечыць яго працу. Цікава, што аб сваім няўдзеле ў выбарах П.Касцюкевіч нікому нічога не казаў.

Павел Пятровіч з’яўляецца дэпутатам гарадскога Савета. Яму 50 гадоў, 15 з іх ён прапрацаваў дырэктарам гэтага ж вучылішча і пяць гадоў на пасадзе намесніка дырэктара. Неаднойчы за сваю працу быў узнагароджаны граматамі. Дарэчы, апошні раз яго ўзнагароджвалі сёлета, ў верасні, Гродзенскі гарвыканкам і гарадскі Савет за вялікія дасягненні ў працы. За два тыдні да звальнення П Касцюкевічу стала вядома, што ў непрадліванні з ім кантракта зацікаўлены старшыня Гродзенскага гарвыканкама Анатоль Пашкевіч. У іх адбылася размова. Па словах П.Касцюкевіча, старшыня гарвыканкама прывёў яму свае довады, якія цалкам не датычаць дзейнасці навучальнай установы. П.Касцюкевічу інкрымінавалася быццам ён «навёў» падаткавую інспекцыю на камерцыйную навучальную ўстанову, дзе працуе дачка, зяць і вучыцца сын А.Пашкевіча. Папрок паступіў і за тое, што дырэктар вучылішча хоча аб’яднаць дзьве навучальныя ўстановы - Хіміка-тэхналагічны тэхнікум і ГПТУ №49. Зрэшты, гэтую ідэю П.Касцюкевіч працягвае лічыць перспектыўнай.

Асабліва пакрыўдзіў Паўла Пятровіча довад старшыні гарвыканкама, быццам, ён уваходзіць у нейкую секту. Сам П.Касцюкевіч зазначыў, што ён знаходзіцца не ў секце, а ўваходзіць у абшчыну іаганскай хрысціянскай царквы. Па яго словах, там усе аднадумцы і нікога туды не зацягваюць. Наадварот, яны атрымліваюць дапамогу ад падобнай царквы з Германіі, і многія настаўнікі замежнай мовы там пабывалі.

І, бадай, самае галоўнае. Па словах П.Касцюкевіча, блізкія людзі старшыні гарвыканкама сказалі яму, што А.Пашкевіч, адказваючы на пытанне чаму ён не хоча працягваць кантракт, кінуў фразу: «А вы лепш запытайцеся, дзе ён галасаваў...». Зрэшты, хаця апальны дырэктар і не чуў гэтых словаў сам, аднак не сумняваецца, што так было на самай справе, паколькі ён асабіста прысутнічаў на нарадзе ў старшыні гарвыканкама напярэдадні выбараў, дзе той заявіў: «Калі мы гэтыя выбары правалім, то не будзе нас, не будзе і вас». На думку Паўла Пятровіча, ім канкрэтна далі зразумець, што яны людзі паднявольныя і павінны выконваць загады начальства.

Пазней дырэктара выклікалі ў аблвыканкам і таксама папракнулі за тое, што ён не ўдзельнічаў у некаторых нарадах і не пералічыў пяць працэнтаў ад сумы дахода вытворчай дзейнасці вучылішча ў фонд кіравання. Гэтыя грошы накіроўваюцца на арганізацыю і правядзенне алімпіядаў і іншыя мерапрыемствы. Аднак гэтыя грошы немагчыма пералічыць, паколькі бюджэт не дае сродкаў на вучылішча, і грошай папросту няма. П.Касцюкевіч звярнуў увагу на тое, што канкрэтна па дзейнасці вучылішча яму ніхто не прад’яўляў ніякіх прэтэнзій.

У калектыве навіну аб адстаўцы дырэктара ўспрынялі з абурэннем. Сабраўся сход, на якім была абрана ініцыятыўная група, якая вырашыла змагацца за свайго кіраўніка. Аднак паходы па высокіх кабінетах скончыліся нічым. Намеснік старшыні аблвыканкама М.Бірукова заявіла праўдашукальнікам: «Ідзіце і працуйце...» Пазней на нарадзе ў аблвыканкаме высокая чыноўніца, па словах П.Касцюкевіча, заявіла, што ён не галасаваў на выбарах, таму і кантракт з ім не заключылі.

П.Касцюкевіч лічыць, што работу ў дзяржаўных установах горада яму знайсці не ўдасца.

М.МІКАЛАЙЧЫК

Назад