Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

 

Обновление каждый четверг  

Соймавыя прамовы натхнялі на вершы

Век дваццаты, век харошы, Абы грошы, толькі грошы...

Падобныя вершаваныя прыслоўі даўно сталі народнымі, хоць належаць пяру беларускага паэта Міхася Васілька (Міхаіла Восіпавіча Касцевіча). У лістападзе 1993 года ў Скідзелі быў адкрыты музей паэта. Многія экспанаты ў музей перадаў яго сын, былы супрацоўнік газеты «Праца» Леанід Міхайлавіч Касцевіч. Гэта нагода ў свой час і была выкарыстана нашым карэспандэнтам, каб занатаваць успаміны пра М.Васілька.

– Адразу пасля вяртання з Расіі з бежанства ў пачатку 20-х гадоў бацька зблізіўся з вызваленчым рухам у заходняй беларусі. Хадзіў па вёсках, арганізоўваў з сябрамі гурткі Беларускай сялянска-рабочай Грамады, на чале якой тады стаяў Браніслаў Тарашкевіч, Таварыства беларускай школы, праводзіў вечары, дапамагаў ставіць спектаклі. Газета «Народная справа» за 26 жніўня 1926 года тады пісала, што 1 жніўня быў створаны гурток Грамады ў вёсцы Баброўня. Дрэчы, у Скідзелі засталіся старажылы, якія ўспамінаюць, як па ініцыятыве бацькі ў яго роднай вёсцы Баброўня быў пастаўлены першы беларускі спектакль. Нават скідзельская моладзь хадзіла яго глядзець.

Мясцовыя гурткі Грамады адкрывалі клубы, бібліятэкі-чытальні, заахвочвалі сялян да супрацоўніцтва ў друку. Кіраўніцтва Грамады разам з Беларускім выдавецкім таварыствам распаўсюджвала праз сетку сваіх кнігарняў, бібліятэк і народных дамоў мастацкую і палітычную літаратуру на роднай мове. Поплеч з Грамадой на ніве культуры і асветы стала дзейнічаць Таварыства беларускай школы.

За 1927 год самадзейнасцю было пастаўлена 44 спектаклі. У той час бацька шмат выступаў на сходках з прамовамі. Абсяг яго падарожжаў станавіўся ўсё больш шырокім: Скідзель-Гродна-Вільня. Акрамя таго, ён збірае інфармацыю для газет. Так у «Народнай справе» за 28 кастрычніка 1926 года ён піша аб святкаванні 20-й гадавіны легальнай прэсы, якое арганізавалі актывісты Грамады ў Гродне, захапляецца пастаноўкай «Паўлінкі» у клубе Шкленскага гуртка ТБШ і радуецца, што «цвіце, пышна красуе наша мова», што ніхто не смее ўжо насміхацца з яе прастаты, у якой так яскрава адбіваецца воблік шчырай, пакорнай душы гаротніка-беларуса» (газета «Сіла працы» за 4 лютага 1928 года).

У аўтабіяграфіі бацька адзначае, што пачаў пісаць па-беларуску пасля таго, як аднойчы ў рукі яму трапілі прамовы заходне-беларускіх паслоў у Польскім сейме. Прайшоўшы праз залы парламента, беларуская мова набыла ў яго вачах нейкую асаблівую важкасць. Ён нібы ўпершыню адкрыў яе хараство і багацце.

Бацьку часта трэсла паліцыя, забірала вершы, а першы яго зборнік «Шум баравы» увогуле канфіскавалі...

Сціплы зборнічак вершаў Міхася Васілька «З сялянскіх ніў», выдадзены ў далёкім 1937 годзе ў Вільні Рыгорам Раманавічам Шырмай, як рэліквія, бо ў астатніх перавыданнях не адчуваецца мілагучнага і мяккага вымаўлення беларускага слова, напісанага «тарашкевіцаю».

У адным з допісаў у рэдакцыю «Нёмана» паэт так ахарактэрызаваў сваю музу: «Гэта мой духоўны адпачынак-асалода... Пішу ў хаце, у лесе, у дарозе – дзе папала. А ў хаце – найменш, бо цяжка зацягнуць маю гімэрную музу да ўбогай старэнькай хаткі».

Многія з вершаў бацькі пакладзены на музыку і сталі песнямі, кніжкі яго вершаў даўно не перавыдаваліся, але ёсць у калектыўных зборніках...».

Пасля вайны Міхаіл Восіпавіч Касцевіч працаваў у рэдакцыі скідзельскай райгазеты «Чырвоны сцяг», а потым у «Гродзенскай праўдзе».

У Скідзелі яго імем названа адна з вуліц горада, у дзень 80-годдзя з дня нараджэння на гэтай вуліцы быў устаноўлены мемарыяльны знак з барэльефам паэта. У мясцовым прафтэхвучылішчы створаны яго музей.

У лістападзе 2000 года грамадскасць адзначае 95-годзе з дня яго нараджэння. Толькі ці мог ён думаць, што прыйдзе час, Беларусь стане Незалежнай, а мову беларускую ў гэтай краіне загоняць у куток, выштурхнуць з школак, дзяржаўных устаноў і практычна перастануць друкаваць на ёй кнігі.

П. Жэбрак

Назад