Мифы Авторынок Гостевая Редакция Контакт Архив

Обновление каждый четверг  

Тутэйшая Сага

Так называецца чарговая, пятая, кнiжка Алеся Чобата, якая нядаўна была надрукавана ў Смаленску.

Аўтара, сябру Саюза пiсьменнiкаў РБ, як i многiх няўгодных рэжыму, у Беларусi не друкуюць. Кнiга вершаў была надрукавана ў выдавецтве бiблiятэкi часопiса «Годы», якое ўзначальвае наш зямляк з Гродна – Мiкалай Iлькевiч. Сродкi на выданне зафундаваў цэнтр грамадзянскай адукацыi Польшча-Беларусь з Беластоку.

Алесь Чобат – аўтар чатырох кнiгаў паэзii, эсэ «Зямля Святога Лукi» i «Легенда пра чатырох мушкецёраў», шматлiкiх хронiк, бiяграфiй, артыкулаў i апавяданняў па праблемах гiсторыi i сучаснасцi Беларусi. Дарэчы, аматарам паэзii мусiм зазначыць, што набыць кнiжку практычна немагчыма – аўтар прынцыпова яе не прадае.

Для таго, каб уявiць аб чым пiша А.Чобат цытуем адзiн з яго вершаў:

Мы даўно не правiнцыя i не сталiца.

Нормы. Карткi. Кантроль. Зусiм як на зоне.

Што казаць, беларусы любяць дзялiцца...

Беларусы дзялiцца любяць. Казённым.

Разабралi Айчыну да нiжняй цаглiны.

На калгасы i соткi Край расцягалi.

А нядаўна... цэлы свет падзялiлi –

на сваiх i чужых, i чужых разагналi.

Ад падзелу Керзона такiя мы людзi, –

разам толькi п’ем, калi бульбу капаем.

Мы адзiныя ў тым, што дзялiцца любiм.

Бо – нiчога свайго за душой не маем.

А калi тая пустка ў душы, як зараза,

не дае нi спаць, нi Богу малiцца,

дзень i ноч гундосiм, што трэба быць разам,

i яшчэ мацней нас чэша дзялiцца...

Назад