Вядомы тэнар лячыўся пісьмамі
Са сваiм асабiстым доктарам славуты спявак Мiхась Забэйда-Сумiцкi пазнаёмiўся ў Вiльнi яшчэ ў 20-я гады. Студэнт медыцынскага факультэта Вiленскага унiверсiтэта Мiкалай Марцiнчык актыўна ўдзельнiчаў у беларускiм адраджэнскiм руху. З 1925 года ён быў сябрам Таварыства беларускай школы (ТБШ). Закончыўшы вучобу праз два гады, М. Марцiнчык уладкаваўся на працу ў Вiленскую беларускую гiмназiю iнспектарам i выкладчыкам анатомii ды гiгiены. Паводле даручэння галоўнай управы ТБШ, ён павiнен быў пашыраць беларускi ўплыў у вучэльнi. Адначасова спадар Марцiнчык працаваў доктарам у педыятрычнай клiнiцы Вiленскага унiверсiтэта. Мiкалай Мiхайлавiч меў грошы i часцяком дапамагаў беларускай справе матэрыяльна. Паводле словаў ягонай жонкi, Кацярыны Iванаўны, за дзённы заробак ён мог набыць нават карову.
У перыяд выбарчай кампанii 1927-28 гадоў ён садзейнiчаў стварэнню беларускай дэпутацкай фракцыi «Змаганне». Двойчы (у 1928 i ў 1930 годзе) яго самога вылучалi кандыдатам у паслы польскага сейма. Таксама двойчы яго арыштоўвалi польскiя ўлады. Паводле загаду ваяводы доктар-беларусiзатар быў высланы ў адну з вёсак Белавежскай пушчы. Там ён сустрэў будучую жонку.
Кацярына Iванаўна пазнаёмiлася з тэнарам у мястэчку Нарыўка, што ў Белавежскай пушчы. Там падчас нямецкай акупацыi быў арганiзаваны ягоны канцэрт. Гучалi беларускiя ды iтальянскiя песнi. Пасля iмпрэзы Марцiнчыкi запрасiлi Забэйду-Сумiцкага да сябе. Ён застаўся толькi на адну ноч. Зранку перад ад’ездам папрасiлi выканаць што-небудзь з таго, што не гучала на канцэрце. Забэйда праспяваў жаласлiвы «Малады дубочак». «Зараз надыйшлi вельмi цяжкiя часы для Беларусi, таму нельга спяваць вясёлыя песнi», – патлумачыў ён. Пачуўшы спеў, зазiрнула пакаёўка i запыталася, навошта зранiцы ўключылi патэфон.
Пасля вайны Марцiнчыкi пераехалi ў Гродна.
У 1963 годзе Мiкалай Мiхайлавiч дапамог арганiзаваць наступны канцэрт. З гэтай нагоды ў мiнскай друкарнi выдалi 2000 буклетаў. «Живя в социалистической Чехословакии вот уже более 20 лет, М. Забейда много сделал для пропаганды русской, белорусской и советской музыки. За свою театрально-концертную и педагогическую деятельность белорусский певец отмечен наградами от Союза чехословацко-советской дружбы, Комитета советских граждан, Министерства школ и культуры Чехословакии... В его репертуаре большое место занимают песни народов Запада и Востока – английские, французские, немецкие, итальянские, испанские, индийские, индонезийские», – напiсалi савецкiя крытыкi. Канцэрт праходзiў у будынку Дома народнай творчасцi, што за помнiкам Сакалоўскага. Зала была поўная. Прынялi спевака вельмi цёпла. «Кожны хацеў дакрануцца да яго. Самога Забэйду больш за ўсё ўразiла тое, што на гродзенскiх вулiцах не пачуў беларускага слова. Ён ведаў па-iтальянску, па-чэшску, па-польску, але прызнаўся, што дзе толькi можна стараецца размаўляць па-беларуску. Увечары пiлi разам гарбату. Я старалася – столькi напякла розных прысмакаў, а ён нiчога не з’еў, толькi гарбату i пiў», – апавядае Кацярына Iванаўна.
Сам тэнар не вяртаўся на Беларусь, бо разумеў, што будзе мець праблемы з уладамi. А ён заўсёды меў праблемы са здароўем. «Песнi беларускiя ён з сэрцам спяваў. Таму яно так i балела», – кажа спадарыня Марцiнчык. Яны з маiм мужам перапiсвалiся. Забэйда часта прасiў парады, як лячыцца. У 1976 годзе Мiкалай Мiхайлавiч атрымаў пакунак з Прагi. Аказалася, што гэта пласцiнка Забэйды-Сумiцкага, запiсаная ў Чэхаславакii ў 1968 годзе – усяго 17 песень. Побач з беларускiмi назвамi кампазiцый – чэшскiя пераклады: «Сасонка» – «Borovicka», «Цiха, так цiха» – «Ticho je kolem» i кароткi змест кожнай песнi. На вокладцы надпiс: «Дарагому доктару М.М. Марцiнчыку – удзячны пацыент М. Забэйда».
I.АСТРАЎЦОВА
На фота: М?хась Забэйда-Сум?цк?, М?калай Марц?нчык (зправа)
|