Кажуць, закаханасць – гэта стан, калi ўсё вакол бачыцца не такiм, як яно ёсць у сапраўднасцi. Прыкладна так, напэўна, можна ацанiць i тое, што завецца эўфарыяй. Пацвярджэнне таму – леташнiя захапленнi наконт «надзвычайнага» намалоту збожжа. «Дажынкi», узнагароды, аўтамабiлi... Потым усё неяк так прыцiхла. Усе пачалi разумець: нешта тут не так.
У гэтым сэнсе цiкава прасачыць, напрыклад, трансфармацыю лiчбаў статыстыкi. Напярэдаднi шклоўскiх «Дажынак» асабiста прэзыдэнт ацанiў ураджай у 6 млн. тон - так i пiсалi. Потым гэтая лiчба пачала пакрысе неяк так сцiскацца, пакуль па вынiках году не трансфармавалася ў 5 млн. А людзi iнфармаваныя лiчаць, што, калi ад таго адняць яшчэ паўмiльёна тон, то тады нарэшце i будзе тое, што ёсць насамрэч.
Дазволю сабе нагадаць, што па поўнай праграме Беларусi патрэбна каля 10 млн. тон збожжа. I што ў лепшыя гады толькi на корм жывёле iшло 6,5...
Але што ж, адсвяткавалi мiнулы год, перажылi. Наперадзе – чарговая сяўба, чарговае, як па-ранейшаму ў Беларусi завецца гэтая руцiнная аперацыя, «змаганне» за ўраджай. Аднак ўсякае «змаганне» мае свой кошт. Па падлiках спецыялiстаў, сяўба 2001 г. абыйдзецца Беларусi ў 1.227.884 млн. бел. рублей. Тут i ўгнаеннi, i заробак калгаснiкаў, i падаткi, i палiва, i запчасткi...
Словам, без грошай нiчога не пасееш. I тут самы час задаць пытанне: а цi мае iх селянiн? Нiбы i павiнен мець. Бо быў «надзвычайны», як тады казалi, мiнулагоднi ўраджай. А гэта значыць, што i ў хляве, i на полi павiнна быць тое, што можна прадаць дзяржаве, i атрымаць за гэта грошы.
Падлiчылi: прыбытак ад продажу прадукцыi ў лепшым выпадку складзе 416 млрд – трэцюю частку ад таго, што патрэбна на сяўбу. Калi дадаць яшчэ адлiчэннi з бюджэтных i пазабюджэтных фондаў, мясцовых бюджэтаў, гэтая лiчба ўзрастае да 613 млрд – палова ад таго, што трэба. Спрабавалi лiчыць па-iншаму, па логiцы жабракоў: калi не плацiць падаткаў – дзяржава пераб’ецца... Не купляць тэхнiкi, камбiкорму для жывёлы, i заробак людзям даваць самы мiзэрны...
Але калi не плацiць падаткаў, то не будзе з чаго камплектаваць, да прыкладу, тыя ж бюджэтныя i пазабюджэтныя фонды, з якiх потым iдуць адлiчэннi ў агракомплекс... Што савой аб пень – што пнём па саве. Не хапае тых жа 600 млрд., паловы ад патрэбнай сумы.
З савецкiх яшчэ часоў прынята лiчыць, што праца хлебароба – нешта такое, паэтычна-рамантычна- магiчнае. Шмат сказана i напiсана пра хлебаробскую мудрасць, гераiзм, патрыятызм i ўсялякiя такiя штукi.
У сапраўднасцi ўся мудрасць у тым, што, каб поле ўрадзiла, трэба выканаць, згодна з тэхналогiяй, шэраг аперацый. У вынiку можна ўпэўнена закласцi патрэбны ўраджай у патрэбную колькасць цэнтнераў з гектара i атрымаць яго. Калi, вядома, не будзе засухi цi землятрусу. Але нi «гераiчная» праца, нi патрыятызм i г.д. тут i блiзка не сядзелi. Проста тэхналогiя каштуе грошай. Калi не купiш i не ўнясеш патрэбную пад пэўную колькасць цэнтнераў з гектара колькасць угнаенняў, сродкаў абароны раслiнаў i г.д, то i аб прыстойным ураджаi не думай.
Нагадаю: сёлета мы маем рэсурсаў толькi палову ад таго, што патрэбна пад невялiкi ўраджай у 30, прыкладна, цэнтнераў з гектара. Напомню таксама, што ў мiнулым годзе ў глебу было ўнесена толькi 30% ад таго, што патрэбна пад такi ўраджай. Сёлета, па сведчаннi спецыялiстаў, будзе ўнесена ўдвая меней... Вось i ўся арыфметыка!
Анатоль ГУЛЯЕЎ