Станiслаў Багданкевiч лiчыць, што ўрад няздольны выканаць усiх запланаваных заданняў, бо яны, на думку эксперта, проста нерэальныя. У дзяржаўным бюджэце закладзена больш за 160. млрд руб. на лiквiдацыю яго дэфiцыту. Гэта прывядзе да павелiчэння грашовае масы яшчэ прыкладна на 400 млрд. руб., што адпаведным чынам адаб’ецца на ўзроўнi iнфляцыi. Аднак гэта паўбяды. У дзяржавы не стае зваротных сродкаў. Iх аб’ём у 2000 г. паменшыўся на $109 млн.
С.Б.: – Гэта прымусiць – каб не спынiлася вытворчасць – Нацыянальны банк i ўрад выдаваць дадатковыя эмiсiйныя крэдыты. Гэта абавязкова павялiчыць грашовую масу i цiск на рынак.
Акрамя выдзялення сродкаў на лiквiдацыю дэфiцыту бюджэту ды нястачу зваротных сродкаў, С.Багданкевiч адзначае праблемы Беларусi ў знешнiм гандлi. Апошнiм часам расце iмпарт ды скарачаецца экспарт, асаблiва ў стасунках з краiнамi СНД ды Расiяй. Гэта таксама можа прывесцi да росту коштаў ды абясцэньвання беларускага рубля, мяркуе сп. Багданкевiч.
Старшыня грамадзкага аб’яднання «Альтэрнатыва– ХХI» Леанiд Злотнiкаў лiчыць, што тэарэтычна дзяржава пры жаданнi можа ўтрымаць сярэднямесячную iнфляцыю на ўзроўнi 2,5– 3,5%. Але асабiста сп. Злотнiкаў не верыць у такую магчымасць.
Л.З.: – Дзяржава не мае рэсурсаў для таго, каб забяспечыць абяцанае павышэнне заробкаў, каб правесцi веснавую сяўбу, каб забяспечыць ацяпленне на рэшту ацяпляльнага сезону. Так цi iнакш, наша дзяржава мусiць адысцi ад сваёй жорсткай крэдытна– грашовай палiтыкi i ўключыць друкавальны станок. Тым больш, што гэты год – год выбараў, а ў Беларусi, як i ў любой краiне, будуць праводзiцца папулiсцкiя мерапрыемствы. Я кажу пра тыя ж самыя заробкi. Iх хаця б на 2– 3 месяцы зробяць вышэйшымi i таксама за кошт друкавальнага станка.
Калi ж дзяржава ўсё ж утрымае iнфляцыю на ўзроўнi 2,5% у месяц, рэзка ўзрастуць запазычанасцi па заробках, прыкладна чвэрць ворнае зямлi ня будзе засеяная, а буйныя прадпрыемствы застануцца без працы. Адбудзецца эканамiчны абвал, якi прымусiць краiну жыць па сродках. Такiм чынам, на думку Л.Злотнiкава, ураду застаецца выбiраць памiж высокай iнфляцыяй i поўным эканамiчным абвалам.
Прэзыдэнт аналiтычнага цэнтру «Стратэгiя» Леанiд Заiка не бачыць нiчога дзiўнага ў тым, што ў студзенi iнфляцыя перавышае запланаваны ўзровень. У самым пачатку году iндэкс спажывецкiх коштаў заўсёды вышэйшы ў параўнаннi з iншымi месяцамi. Наогул жа дзяржава вымушаная будзе стрымлiваць iнфляцыю, бо сёлета адбудуцца прэзыдэнцкiя выбары. Як заўсёды, будуць ужывацца камандна-адмiнiстратыўныя метады. Аднак вяртанне ў сацыялiзм нi да чога добрага не прывядзе. Пасля прэзыдэнцкiх выбараў давядзецца пачынаць новае жыццё.
Л.З.: – Можна разлiчваць на тое, што будзе нейкi крэдыт даверу. Але жыць па новых законах прыйдзецца. Мы больш не можам жыць па формуле: робiм тут халадзiльнiкi па $250, прадаем iх тут па $250, а на знешнiм рынку прадаем па $120. Унутраныя ды знешнiя кошты не могуць настолькi адрознiвацца.
Л.Заiка мяркуе, што нельга стрымлiваць кошты на харчы, на камунальныя паслугi ды транспарт. Бо ўсё роўна давядзецца расплочвацца за «сацыялiзм», толькi з iншае кiшэнi.
Юлiя ШАРОВА