Чаму адмянiлi Сход настаўнiкаў
Другi Настаўнiцкi Сход, планаваны раней на сярэдзiну чэрвеня, адбудзецца толькi пасля прэзыдэнцкiх выбараў. Мiнiстэрства адукацыi паведамiла, што Сход настаўнiкаў пройдзе ў лiстападзе.
Фармальная прычына пераносу Сходу – перагружанасць мiнiстэрства ўсялякiмi мерапрыемствамi. Аднак, хутчэй за ўсё, улады баяцца праводзiць Сход цяпер. Як лiчыць лiдэр настаўнiцкага прафсаюзу Тамара Чобатава, кiраўнiцтва краiны проста не мае чаго прапанаваць педагогам. Яно не жадае адказваць за свае шматлiкiя абяцаннi, якiя дала на Першым Настаўнiцкiм Сходзе i не выканала.
З часу Першага Сходу мiнула тры з паловай гады. Яшчэ ў кастрычнiку 1997 году беларускiя педагогi выставiлi да ўраду шэраг патрабаванняў наконт сваiх сацыяльных гарантыяў. Урадавы бок тады нават падпiсаў адпаведны пратакол даручэнняў. Аднак большасць пунктаў гэтага дакументу не выканаў.
Не мела эфекту i своеасаблiвая акцыя пратэсту, праведзеная нядаўна педагогамi. Настаўнiкi сабралi 180.000 подпiсаў пад заяваю пра безумоўнае выкананне ўрадавага пратаколу даручэнняў. Гэтыя подпiсы былi перададзеныя кiраўнiцтву Саўмiну. Аднак, значнага змянення становiшча настаўнiкi не адчулi. Не ўдалася таксама спроба распачаць калектыўную працоўную спрэчку па пытаннi падвышэння заробку ў сферы адукацыi. Выявiлася, што выступiць з боку адказнiка ў гэтай сiтуацыi няма каму. Канстытуцыйны суд, да якога звярнулiся прафсаюзы, лiчыць, што ўрад не можа выконваць гэтую функцыю. На думку суду, пытанне заробку павiнна вырашацца праз генеральнае пагадненне. Праўда, сёння спасылка на генпагадненне гучыць ужо здзеклiва, цягам апошнiх год яно нiяк не выконвалася, а праект на 2001-2003 гады наогул не падпiсаны.
Больш за тое, патрабаваннi настаўнiкаў не ўлiчаныя ў праекце зменаў у Закон аб адукацыi. Педагогi патрабуюць давесцi фiнансаванне сiстэмы адукацыi да 10% валавага ўнутранага прадукту i зафiксаваць гэтую лiчбу ў Законе. А ў рэчаiснасцi фiнансаванне сiстэмы адукацыi толькi змяншаецца. У 1998 годзе яно складала 6,6% ВВП, у 1999 – 6, у 2000 – 5,3 замест планаваных 6,2. У бюджэце на 2001 год на адукацыю прадугледжана крыху больш за 5,5% нацыяльнальнага прадукту. Не выканана i патрабаванне Закону аб давядзеннi настаўнiцкiх заробкаў да ўзроўню заробкаў у прамысловасцi.
Па вынiках 2000 году настаўнiкi атрымлiвалi менш за 70% заробку працаўнiкоў прадпрыемства. Зразумела, што ў такiм кантэксце праводзiць Настаўнiцкi Сход i правакаваць негатыўны грамадскi рэзананс напярэдаднi прэзыдэнцкiх выбараў уладам не надта хочацца
Марына Маладзевiч
«Радыё Рацыя»
|