– Мы яшчэ раз пераканалiся, наколькi расiйскае грамадства мала ведае аб сапраўдным стане спраў на Беларусi. Усе падзеi, якiя адбываюцца ў нашай краiне, тлумачацца выключна праз беларускiя дзяржаўныя iнфармацыйныя крынiцы, адлюстроўваюць толькi пункт гледжання ўлады. Пасля нашых выступленняў грамадска-палiтычная i эканамiчная сiтуацыя ў Беларусi ўспрымалася расiйскiмi палiтыкамi, праваабаронцамi i журналiстамi ў некаторых выпадках, як адкрыццё.
– Як паведамлялi самыя розныя iнфармацыйныя агенцтвы, трох-дзённая праграмма вiзiту закончылася прэс-канферэнцыяй. Але да гэтага былi сустрэчы, паседжаннi...
– Так. 10 мая адбылiся грамадскiя слуханнi тэмы «Правы чалавека ў Беларусi i Расii: сумесны аналiз i агульныя дзеяннi». Дастаткова сказаць, што ў дыскусiях прымалi ўдзел такiя вядомыя асобы, як дэпутаты Дзярждумы Расii Вячаслаў Iгруноў, Сяргей Кавалёў, Валерый Баршчоў, прадстаўнiк агульнарасiйскага руху «За правы чалавека» Леў Панамароў, супрацоўнiк Iнстытута правоў чалавека Валянцiн Гефтэр, старшыня Фонду абароны галосцнасцi Расii Аляксей Сiманаў, эксперт з Цэнтра экстрэмальнай журналiстыкi Саюза журналiстаў РФ Алег Панфiлаў. З беларускага боку праблемы абмяркоўвалi Аляксандр Дабравольскi, Вера Страмкоўская, Андрэй Бастунец, Алег Волчак, Палiна Сцепаненка. Абмеркаванне паказала, што сiтуацыя з правамi чалавека як у Беларусi, так i Расii патрабуе значнага паляпшэння.
– Расiйскiя i замежныя iнфармацыйныя агенцтвы коратка перадалi, што вялiкую цiкаўнасць выклiкаў «круглы стол» рэдактараў расiйскiх СМI з лiдэрамi беларускай апазiцыi i няўрадавымi грамадскiмi арганiзацыямi. Што Вас найбольш уразiла ў час гэтага спаткання?
– Думаю, што шырокае прадстаўнiцтва расiйскiх сродкаў масавай iнфармацыi. Сваiх карэспандэнтаў прыслалi газеты «Московские новости», «Коммерсантъ», «Независимая газета», «Новые известия», «Известия», «Российская газета», «Итоги», тэлекампанiя «Мир», ОРТ, радыёстанцыя «Эхо Москвы»...
Асноўнымi задачамi «круглага стала» было наладжванне непасрэдных стасункаў памiж расiйскай прэсай i беларускiмi апазiцыйнымi лiдэрамi, кiраўнiкамi НДА. Шмат гаварылася аб стратэгii асвятлення прэзiдэнцкай гонкi наогул i наданню шырокай галоснасцi выбараў-2001 у Беларусi. Журналiсты задалi свае пытаннi магчымым кандыдатам на пасаду прэзiдэнта нашай краiны. Прадстаўнiкi прэсы пераканалiся, што размовы пра разлад у апазiцыi рэспублiкi – гэта проста словы, альбо падкiнутая з вышэйшых эшалонаў беларускай улады дэзiнфармацыя. Нам таксама карысна было паслухаць журналiстаў, якiя асвятлялi выбары Прэзiдэнта Расii. Вопыт заўсёды павучальны.
– Беларускiя палiтыкi, вiдавочна, не маглi не выкарыстаць магчымасць сустрэцца з расiйскiмi калегамi, як гаворыцца, першай велiчынi...
– Сапраўды, мы мелi гутарку з кiраўнiком думскай фракцыi Правых сiлаў Барысам Нямцовым, намеснiкам фракцыi «Яблоко» Iваненкам, таксама з Ягорам Гайдарам.
– Прэса паведамляла, што вы, Сямён Мiкалаевiч, сустракалiся з высокапастаўленымi асобамi з Адмiнiстрацыi расiйскага Прэзiдэнта...
– Гэта былi прыватныя спатканнi. Галоўнае, мы будзем рэгулярна iнфармаваць палiтычныя сiлы Расii, шырокую грамадскасць аб беларускiх падзеях. Нашы праблемы там добра разумеюць.
Гутарыў Антон ЛабовIЧ