–  Пятнаццаць гадоў таму, калi была ўтворана «Паходня», людзi прыходзiлi на паседжаннi з цiкавасцю, iмкненнямi, з надзеяй. Пазней быў такi час, калi «Паходня» наогул не збiралася. I вось iзноў у ГДК адбываюцца паседжаннi клуба. З якiм настроем цяпер да вас прыходзяць людзi? 
–  У тыя часы людзi ўпершыню адкрывалi для сябе гiсторыю Беларусi. Прычым, незалежна ад таго, колькi чалавеку было гадоў: 15 цi 60. Зараз адбываецца практычна тое ж. Сапраўды быў час, калi «Паходня» не збiралася. Але ж менавiта ў гэты час на дзяржаўным узроўнi ў краiне праводзiлася палiтыка беларусiзацыi грамадства: адчынялiся беларускiя класы, на падручнiках гiсторыi ў школе з’явiлася Пагоня, друкавалася шмат кнiг па гiсторыi Беларусi. Патрэба ў нашай дзейнасцi як бы адпала, шмат хто заняўся зусiм новымi справамi: бiзнэс, работа. Праўда, тыя часы былi не доўгiмi i з восенi 1996 года дзейнасць «Паходнi» аднавiлася. 
–  На паседжаннi клуба цяпер збiраюцца тыя самыя людзi, цi склад сябраў  змянiўся? 
–  За невялiкiм выключэннем кола нашых сталых сяброў засталося практычна нязменным. Праўда, цяпер на паседжаннi прыходзiць нашмат больш моладзi: студэнты, школьнiкi. Гэта прыемна. 
–  А колькасны склад вырас? 
–  Да нас заўсёды прыходзiла шмат людзей. Цяпер звычайна збiраецца да ста чалавек, а ў былыя часы ў залу набiвалася жадаючых да трохсот чалавек. 
–  Дарэчы, а мэты клуба –  яны засталiся тыя ж? 
–  Нядаўна, калi мы праходзiлi перарэгiстрацыю, то ў статуце сапраўды засталiся тыя ж пункты, што i былi: адраджэнне культуры, мовы, гiсторыi, архiтэктуры, вандроўкi па роднаму краю i г.д. 
–  Напэўна, сумна пачынаць iзноў тое, што рабiлi 15 гадоў таму? 
–  Зрэшты, не толькi мы пачынаем рабiць тое самае. Так было i напачатку стагоддзя, i ў сярэдзiне мiнулага. Колькi ўжо пакаленняў беларусаў пачынаюць гэта нанова i нi аднаму з iх не ўдалося давесцi справы да канца. 
–  Дык цi будзе ўсё ж калi– небудзь гэтаму пачатку канец? 
–  Многiя з тых, хто ўдастойваўся запiсаць у наш клубны альбом пажаданнi, пiсалi, каб насталi такiя часы i «Паходнi» не было патрэбы больш збiрацца. Канечне ж, гэтага хацелася б. Аднак, цяжка сказаць, цi дачакаемся мы такiх часоў. 
–  Памятаю, раней пахаднянцы вельмi часта выязджалi на экскурсii, праводзiлi суботнiкi, прыбiралi горад, даглядалi магiлкi вядомых людзей. Цi робiцца нешта падобнае зараз? 
–  На жаль, мы даўно нiкуды не ездзiлi, паколькi гэта стала дорага i недаступна. Магчыма, сiтуацыя калi– небудзь зменiцца. 
–  Якiя ў вас цяпер адносiны з уладамi, паколькi памятаецца некалi пахаднянцаў называлi нефармаламi, нацыяналiстамi... 
–  Адносiны розныя. Яны былi такiмi i некалi. Мушу зазначыць, што мы аднак заўсёды неяк ужывалiся i знаходзiлi паразуменне з уладамi. Магчыма таму, што аб’яднанне наша не палiтычнае, а культурна–асветнiцкае. 
–  Тым не менш, калi памятаеш, «Паходня» была першай дэмакратычнай арганiзацыяй у нашым горадзе i менавiта з яе шэрагаў выйшлi практычна ўсе тыя дзеячы, якi цяпер узначальваюць палiтычныя партыi, рухi. 
–  Дарэчы, i цяпер практычна ўся моладзь, якая прыходзiць на паседжаннi клуба, знаходзiцца ў тых цi iншых маладзёжных арганiзацыях. Я папросту цешуся з таго, што яны ў 17– 18 гадоў столькi ведаюць пра гiсторыю сваёй дзяржавы, горада. Для мяне ў iх узросце, зрэшты, як i ўсiх нас, падобныя рэчы былi недаступнымi. 
–  Некалi на «Паходню» збiралiся не толькi беларусы. Клуб прыцягваў увагу i лiтоўцаў, палякаў, рускiх, людзей iншых нацыянальнасцяў, якiя жылi ў Гродне. 
–  Цяпер i палякi, i лiтоўцы, i яўрэi, i рускiя, i ўкраiнцы маюць свае суполкi, дзе збiраюцца, вырашаюць праблемы. 15 гадоў гэтага не было i многiя з iх прыходзiлi да нас. Зрэшты, вельмi добра запомнiлася, калi А.Карпюк дапамагаў палякам у стварэннi СПБ. Ды i цяпер час ад часу, то мы бываем гасцямi гэтых арганiзацый, то яны наведваюцца да нас. Сувязi нi ў якiм выпадку не пагубiлiся. 
–  Дарэчы, а што ў блiжэйшых планах «Паходнi»? 
–  Як не дзiўна, але графiк вельмi насычаны, паколькi шмат каго хочацца запрасiць. Праўда, мне асабiста найбольш хочацца, каб да нас прыехаў пiсьменнiк Кастусь Тарасаў з Мiнска. Ён быў адзiн з першых, чые кнiгi 15 гадоў таму зрабiлi на нас вялiзнае ўражанне. Калi памятаеш, ён тады яшчэ  не гаварыў па– беларуску. Потым з часам пачаў пiсаць на беларускай мове. Вельмi цiкавы чалавек.
–  Памятаеш, некалi пахаднянцы хадзiлi па кватэрах, збiралi подпiсы, каб бацькi аддавалi дзяцей у беларускiя класы? 
–  Добра, вельмi добра памятаю, але цяпер я б ужо гэта саромеўся рабiць. Мая дачка вучыцца ў беларускiм класе. Напэўна, гэтага маглi б дамагчыся  ў кожнай сям’i. 
–  Дарэчы, а цяпер нiхто не пытаецца –  у якi паход вы збiраецеся? 
–  Гады незалежнасцi, канечне, шмат зрабiлi на Беларусi. I слова «паходня» стала даступным i зразумелым. Iснавалi ж у нас некалькi гадоў запар беларускiя школы, вялося выкладанне ў вузах па– беларуску, выдадзена шмат кнiгаў на беларускай мове па гiсторыi. I не толькi дарослыя маглi пры жаданнi пазнаёмiцца з сваёй гiсторыяй, але i дзецi са школы. 
–  Як, на твой погляд, за гэтыя 15 гадоў змянiлася свядомасць беларусаў у дачыненнi да сваёй культуры, гiсторыi, мовы? 
–  Свядомасць як бы змянiлася, але i сёння пайдзi i паспрабуй звярнуцца па–беларуску. Усёроўна для многiх гэта чужое. Шмат хто яшчэ марыць аб’яднацца ў саюз з Расiяй. Вось i думай, што тады змянiлася ў свядомасцi народа.   
–  Выходзiць, беларусы як былi, так i засталiся нацменшасцю ў сваёй краiне? 
–  У прынцыпе так. Адзiнае, што пахаднянцы заўсёды не мiрылiся з такiм станам рэчаў i нешта рабiлi. Вiдавочна, што многiм адкрылiся вочы, але ў межах цэлага народу, гэта сцiплыя лiчбы. 
–  Мiкола, нешта сумная размова ў нас атрымлiваецца? 
–  Нягледзячы, што жыццё ў нас не зусiм вясёлае, тым не менш прыемна, калi ёсць людзi з якiмi можна падзялiцца думкамi, пагаварыць пра набалелае, нешта абмеркаваць. Магчымасць сумоўя –  гэта вялiкi здабытак. Мы яго маем. Я, дарэчы, веру, што адбудзецца сапраўднае адраджэнне беларускай нацыi i наша аб’яднанне «Паходня» назаўсёды кане ў лету. Як бы сумна зараз не было. 
–  Дзякуй за гутарку. 
М.КАРНЕВIЧ